Наверх

Дзень беларускага пісьменства і друку ў Шчучыне наведалі баранавiцкiя настаўнікі і вучні (фота)

10.09.2015 572 Наш край

DSC02405Першы тыдзень верасня… Дваццаць другі раз у нашай рэспубліцы праводзіцца Дзень беларускага пісьменства і друку, і пяты раз настаўнікі і вучні 20­-й школы Баранавіч адправіліся ў вандроўку. На гэты раз у горад Шчучын Гродзенскай вобласці.

Чаму гэта стала для нас традыцыяй? Па-­першае, мы разумеем, для чаго патрэбна гэта свята. Яно праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, якія звязаны з жыццём знакамітых дзеячоў Беларусі розных часоў. І, наведваючы гэтыя цэнтры, мы аддаём павагу нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства. А нам ёсць чым ганарыцца! Асветнікі беларускага народа – фігуры еўрапейскага маштабу.

Па­-другое, якімі б творчымі і разнастайнымі ні былі ўрокі ці мерапрыемствы, яны не даюць максімальную карціну свету, не задавальняюць патрэбы ў зносінах. Таму мы прытрымліваемся народнай мудрасці: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Запрашаем дакрануцца разам з намі да свята на Гродзеншчыне праз меркаванні ўдзельнікаў, вучняў і настаўнікаў.

Наталля Сяргееўна Царык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры: «Як добра, што свята пісьменнасці працягвае сваё жыццё».

Настаўнікі англійскай мовы Вольга Маркаўна Язерская, якая наведвае свята ў пяты раз, і Святлана Іванаўна Якубовіч, якая прыехала ўпершыню, дзеляцца ўражаннямі: «Ад мноства прапанаваных мерапрыемстваў проста разрываемся на часткі. Паслухаць выступленне вакальнага калектыву ці інструментальнага ансамбля, прайсціся па горадзе майстроў ці аддаць перавагу кніжнай выставе? Прыемны водар друкаванай фарбы прыцягвае сюды нямала гасцей. Зразумела, чаму на выставах кніг і сродкаў масавай інфармацыі было так шматлюдна: разам з крыніцай ведаў маглі атрымаць і аўтограф любімага аўтара. Менавіта пісьменства вяртае народ да яго духоўных вытокаў».

Святлана Віктараўна Даніловіч, настаўніца пачатковых класаў: «Шчучын купаўся ў святочным настроі, ззяў тысячамі ўсмешак, красаваўся непаўторнымі вышыванкамі, ручнікамі, коўдрамі, карцінамі, керамікай. Дзень пісьменства прайшоў вельмі насычана, ярка і па-­беларуску».

Вучні старэйшых класаў: «Якія цудоўныя вершы гучалі ў выкананні беларускага пісьменніка Анатоля Зэкава пра родную мову, пра беларусаў, пра наш родны край! Было весела і цікава. Кожны знайшоў сабе занятак па душы: хтосьці наведаў кірмаш, хтосьці захапляўся вырабамі ў горадзе майстроў. Аматары спорту глядзелі футбол, на гасцінным падворку час­таваліся каўбаскай і вяндлінкай, дранікамі».

Турчына Галіна Вікенцьеўна, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры: «Дзень пісьменства скончыўся. Вяртаемся дадому, а ў сэрцы – утульнасць, у думках – узрушанасць, у душы – радасць за сваю Беларусь. У гэты дзень мы пераадолелі каля 260 кіламетраў, былі ў дарозе каля чатырох гадзін, каб яшчэ раз ушанаваць традыцыі краіны, каб выхоўваць у юных камп’ю­тарных геніяў (ды і ў сваёй уласнай свядомасці) пачуццё патрыятызму, захаплення нацыянальнай культурай ціха, ледзь прыкметна. Ад экскурсіі да экскурсіі».

2205 2207 DSC00226 DSC00285 DSC02346 DSC02356Удзельнікі паездкі.

______

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ У БАРАНАВІЧАХ

IMG_7585З нагоды Дня беларускага пісьменства школы падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў: сустрэчы з паэтамі­-землякамі, кніжныя выставы, бібліятэчныя ўрокі, выпуск тэматычных газет, экскурсіі ў мясціны, звязаныя з лёсам вялікіх пісьменнікаў.

У сярэдняй школе № 7 панядзелак быў насычаны конкурсамі і акцыямі, якія ўслаўляюць мову Коласа і Купалы. У гэты дзень на стэндах з’явіліся прысвечаныя выказванні пра багацце і непаўторнасць аднаго з найважнейшых нацыянальных скарбаў беларусаў. Радыёгазета пазнаёміла дзяцей з гісторыяй свята.

Па школьным радыё гучалі песні на матчынай мове, выступалі па ім вучні старэйшых класаў і настаўнікі, якія ўдзельнічалі ў акцыі «Гімн беларускаму слову».

Малодшыя дзеці паспрабавалі прыдумаць новыя ілюстрацыі да старонак любімых кніг. Прадэманстраваць свае таленты маглі і чытальнікі вершаў.

Таксама вучні падзяліліся сваімі ўражаннямі пра беларускую кнігу, якая закранула душу, расказалі пра любімага героя з кніжнага свету.

IMG_7616 IMG_7671 IMG_7741 IMG_7752 IMG_7787 IMG_7820

Віталь ГЕРЦАЎ.



  • Мы в социальных сетях: