Наверх

У Вальнянскай сельскай бібліятэцы прайшла сустрэча пакаленняў

16.08.2017 420 Наш край

Свята вёскі… Гэта заўсёды падзея. Падзея для самога населенага пункта, калі ён прыхарашываецца да ўрачыстасці, падзея для яго жыхароў, для гасцей, якім пашчасціла знаходзіцца тут. Падзея для былых аднавяскоўцаў, што спяшаюцца на сустрэчу са сваімі землякамі і сябрамі. Шматлюднай становіцца ў гэты дзень вёска, усюды пануе радасць і вяселле, гучаць песні і смех.

Для маладога пакалення свята вёскі – гэта яшчэ адна магчымасць пазнаць яе гісторыю, адчуць гонар за слаўныя справы дзядоў і прадзедаў. А спрыяюць гэтаму зносіны паміж моладдзю і ветэранамі.

Сустрэча пакаленняў “Тут край маіх бацькоў і дзедаў” прайшла ў Вальнянскай сельскай бібліятэцы напярэдадні свята аграгарадка Вольна.За кубкам гарбаты з вялікім тортам сабраліся чытачы ад 13 да 85 гадоў. Ведаць гісторыю сваёй малой радзімы і ганарыцца тым, што тут жывеш – вось лейтматыў мерапрыемства. А ганарыцца сапраўды ёсць чым!

Першая згадка пра Вольна, як уладанне славутага роду Хадкевічаў, датуецца 1571 годам. За свой век мястэчка бачыла шмат гаспадароў – Соф’я Слуцкая, Астафій Валановіч, Камінскія, Дамаслоўскія, Слізені. Да сённяшняга часу захавалася тут сістэма сажалак, парк, які быў закладзены ў 1867 годзе. Пра ўсё гэта расказала прысутным бібліятэкар Таццяна Яроцкая.

Помнікам архітэктуры,якім ганарацца жыхары і які вабіць сюды турыстаў, з’яўляецца Троіцкая царква, пабудаваная ў 1768 годзе, якбазыльянскі касцёл. Пра гісторыю храма і Вальнянскай Іконы (яе страце, аднаўленні і звароце ў царкву) апавядаў настаяцель Свята-Троицкай царквы айцец Аляксей.

Александровіч Марыя Антонаўна расказала як жыла вёска да Вялікай Айчыннай вайны, нагадала перыяд акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Як давялося ўзнімаць пасля Вялікай Айчыннай вайны вёску і калгас, выводзіць гаспадарку на новыя рубяжы падзяліліся ўспамінамі Кухарчык Лілія Цімафееўна і Васянкова Галіна Аляксандраўна.

Аб сваёй працы на зямлі расказаў Лапатка Леанід Канстанцінавіч.

Як сёння жыве аграгарадок Вольна нагадала Ібрагімава Наталля Пятроўна, якая выконвае абавязкі старшыні Вальнянскага сельвыканкама.
Старэйшае пакаленне з задавальненнем дзялілася сваімі ўспамінамі з дзецьмі, а тыя з увагай слухалі аповед пра розныя перыяды развіцця і жыцця сваёй вёскі. Шмат было момантаў, якія выклікалі боль, прымушалі задумацца і прадставіць, як не проста было аднавяскоўцам; ўсмешкамі сустракалі ўспаміны весёлых жыццёвых сітуацый.

Няспешна цякла гутарка, для гасцей гучалі песні розных гадоў. У бібліятэцы панавала дзіўная атмасфера цеплыні і дабра.

Госці знаёміліся таксама з выставай дзіцячых малюнкаў “Люблю цябе, мой родны край”, выставай народнай творчасці “Чароўныя рукі майстроў”.

Каб не гублялася сувязь паміж пакаленнямі і патрэбны вось такія сустрэчы. Яны ўсяляюць у сэрцы моладзі пачуццё гонару за слаўныя справы сваіх бацькоў і дзядоў, адказнасці за сённяшні дзень і будучыню роднай старонкі.

Таццяна Яроцкая, бібліятэкар Вальнянскай СБ.
Тамара Вайцешык, метадыст Баранавіцкай ЦРБ.



  • Мы в социальных сетях: