Наверх

Праект «Нк»: Пераможны год

24.02.2015 0 469 Наш край

IMG_8830У папярэднім артыкуле, якім пачынаўся творчы праект «Пераможны год», мы расказалі, як жыхары баранавіцкага краю жылі ў студзені 1945 года, чакаючы Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, што рабілі, каб наблізіць гэты светлы дзень.

Расказваць пра тыя часы, калі вайна ад нашых мясцін пакацілася на захад, нам дапамагае папярэдніца «Нашага краю» – пасляваенная баранавіцкая газета «Чырвоная звязда». Сёння мы пагартаем лютаўскія нумары пераможнага 1945 года.

ІМКЛІВАЕ НАСТУПЛЕННЕ

Амаль у кожным нумары друкаваліся Загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза І. Сталіна, у якіх ён выказвае падзякі камандуючым войскамі за імклівае наступленне франтоў. Масква ад імя Радзімы салютавала доблесным воінам артылерыйскімі залпамі з соцень гармат.

1 лютага 1945 года ў «шапку» «Чырвонай звязды» вынесена (цытуючы артыкулы, захоўваем стыль тагачаснай газеты. – Аўт.): «…Войскі 1-­га Беларускага фронта ўторгліся ў пра­дзелы Брандэнбургскай правінцыі і ўчора з боем авалодалі гарадамі Ландсберг, Мезерытц, Швібус і Цуліхау. Войскі 3­-га Беларускага фронта авалодалі ва Усходняй Прусіі гарадамі Хайльсберг і Фрогдланд».

6 лютага: «Войскі 3-­га Беларускага фронта… на поўначы і паўднёвым усходзе ад Франкфурта на Одэры з баямі выйшлі да ракі Одэр».

15 лютага: «Войскі 2-­га Украінскага фронта, пры садзейнічанні войск 3-­га Украінскага фронта, пасля паўтарамесячнай асады 13 лютага поўнасцю авалодалі сталіцай Венгрыі – горадам Будапешт».

У аператыўных зводках з фронту, якія публікавала ў лютаўскія дні «Чырвоная звязда», былі і больш сціплыя паведамленні пра суровыя ваенныя будні, бо, разам з імклівым наступленнем на адных участках фронту, на іншых – праводзіліся «пошукі разведчыкаў» і ў радзе пунктаў «ішлі баі мясцовага значэння». Але ад ветэранаў мы ведаем, што лёгкай вайны нідзе не было для тых, хто ў той час апынуўся на самай цяжкай ваеннай пасадзе – салдацкай.

САЛДАЦКАЕ ПІСЬМО

10 лютага «Чырвоная звязда» на­друкавала «Пісьмо воіна да сваіх землякоў». Яго прыслаў ў рэдакцыю ўраджэнец Баранавіцкай вобласці франтавік Яўген Барадоўка. На жаль, больш дакладных звестак, з якога кутка нашага краю герой, газета не напісала. А можа, хто­-небудзь пазнае свайго салдата?

«Ад Волгі да Балкан – такі шлях я прайшоў разам з доблеснымі воінамі Чырвонай Арміі, вызваляючы тысячы гарадоў і вёсак і дзесяткі мільёнаў людзей ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў. З першых дзён Айчыннай вайны я на фронце знішчаю праклятую немчуру.

Удзельнічаў у баях за Паўлаўград, Сінельнікава, Запарожжа, Нікопаль, Нікалаеў, вызваляў Одэсу і Бендэрскую крэпасць. За баявыя заслугі ўрад мяне ўзнагародзіў ордэнам Чырвонага Сцяга, двума медалямі «За отвагу» і «За оборону Сталинграда». Я атрымаў сем падзяк асабіста ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага таварыша Сталіна і ад Ваеннага Совета нашай арміі. Мае пяць родных братоў таксама змагаюцца ў перадавых радах Чырвонай Арміі супраць нямецка-­фашысцкіх захопнікаў.

…Блізак час, калі фашысцкая Германія будзе канчаткова разгромлена, над усёй Еўропай запалыхае сцяг свабоды.

У гэтыя гістарычныя дні я звяртаюся да маіх землякоў – жыхароў Баранавіцкай обласці з заклікам: з утроенай энергіяй працуйце па адраджэнні обласці, яшчэ большую аказвайце дапамогу наступаючай Чырвонай Арміі ў выкананні яе гістарычных місій, сваёй самаадданай працай у тылу набліжайце дзень нашай поўнай перамогі.

Таварышы землякі, пішыце нам аб сваім жыцці і вытворчых перамогах па адрасу: палявая пошта № 59391 «В», Еўгенію Макаравічу Барадоўка».

Фронт чакаў дапамогі працаўнікоў тылу.

ТАНКАВАЯ КАЛОНА І ЭСКАДРЫЛЛЯ ЗНІШЧАЛЬНІКАЎ

Даўно жыву ў Баранавічах, не аднойчы сустракаўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ды з людьмі сталага веку, але пра наступныя факты ўпершыню даведаўся не ад іх, а прачытаўшы артыкулы ў лютаўскай «Чырвонай звяздзе» за 1945 год.

Адзін з іх, надрукаваны 1 лютага, называўся «На танкавую калону «Працоўны Баранавіцкай обласці». І на працягу месяца газета не аднойчы расказвала пра збор сродкаў жыхарамі вобласці ў дапамогу фронту, разгорнуты па ініцыятыве Любчанскага і Дзятлаўскага раёнаў.

«Рабочыя, сяляне і інтэлігенцыя Любчанскага раёна (сёння г.п. Любча знаходзіцца ў Навагрудскім раёне Гродзенскай обласці. – Аўт.) разгарнулі збор сродкаў на пабудову танкавай калоны «Працоўны Баранавіцкай обласці». За некалькі дзён сума
падпіскі дасягнула 446 755 руб­лёў. Сяляне Харасцінскага сельсовета ўнеслі 25 тысяч рублёў, сяляне Вегневіцкага сельсовета – 52 тысячы рублёў. Селянін тав. Фільмай уносіць на танкавую калону 15 тысяч рублёў…

У клубе вёскі Харосіца, Любчанскага раёна, сабралася каля 100 сялян. З вялікай увагай яны заслухалі даклад сакратара райкома КП(б)Б тав. Хацешава аб поспехах Чырвонай Арміі на франтах Айчыннай вайны. Пасля даклада слова ўзяла маці франтавіка Ефрасінья Орсіг.

Яна сказала:
– Мой сын разам з доблеснымі войскамі Чырвонай Арміі дабівае нямецкіх разбойнікаў на іх зямлі. Каб дапамагчы Чырвонай Арміі хутчэй разграміць крывавага ворага я ўношу 300 рублёў на пабудову танкавай калоны «Працоўны Баранавіцкай обласці». Выклікаю ўсіх сялян паследаваць майму прыкладу.

Пачалася актыўная падпіска сялян на пабудову танкавай калоны…»

А 3 лютага назва іншага газетнага артыкула дазволіла зрабіць новае адкрыццё ахвярнасці жыхароў нашага краю, каб на франтах воіны лепш рабілі сваю салдацкую справу – «На пабудову самалётаў для Чырвонай Арміі».

«…Камсамольцы Казлоўшчынскага раёна (сёння гэта вёска Слонімскага раёна. – Аўт.) на пабудову танкавай калоны за кароткі час сабралі і перадалі ў Дзяржбанк 15 тысяч рублёў. Адначасова ідзе збор сродкаў на пабудову эскадрыльі знішчальнікаў «Баранавіцкі школьнік». Сабрана 10 тысяч рублёў. Вучні Рагоценскай няпоўнай сярэдняй школы сабралі 1 800 рублёў, вучні Казлоўшчынскай НСШ – 2 тысячы рублёў. Збор сродкаў працягваецца».

Ды і гэта не апошняя патрыятычная ініцыятыва моладзі Баранавіцкай вобласці. Яшчэ пра адну з іх даведаліся нават у Маскве, аб чым паведаміла «Чырвоная звязда» 26 лютага.

«Масква, Крэмль, таварышу Сталіну.
Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч!
Камсамольцы і моладзь Несвіжскага раёна, натхнёныя бліскучымі перамогамі гераічнай Чырвонай Арміі, кіруемай Вамі – мудрым палкаводцам, да 27-­й гадавіны Чырвонай Арміі сабралі 116 тысяч рублёў на пабудову танкавай калоны «Беларускі комсамолец».
Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч! Прыміце ад моладзі Несвіжскага раёна палкае сардэчнае прывітанне і пажаданне Вам доўгіх год жыцця і здароўя на радасць і шчасце ўсіх народаў нашай Радзімы!
Сакратар Несвіжскага райкома комсамола Бірукоў».

А побач і адказ з Масквы надрукаваны.
«Баранавіцкая обласць.
Сакратару Несвіжскага райкома комсамола т. Бірукову.
Прашу перадаць комсамольцам і моладзі Несвіжскага раёна, сабраўшым 116 тысяч рублёў на пабудову танкавай калоны «Беларускі комсамолец», маё гарачае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі.
І. Сталін».

ФАБРЫКА ХЛЕБА І МЯСА

Сёння, мусіць, мала хто можа ўспомніць тыя натужныя першыя пасляваенныя месяцы, калі на захадзе яшчэ дагрымвала вайна, а хуткая ўжо вясна 1945 чакала сейбітаў у полі. Сяляне і самі гэта памяталі і рыхтаваліся.

Ну пра што можа расказаць заметка «Пасеўная плошча ачышчана», надрукаваная ў пачатку лютага?..
«У Казлоўшчынскім раёне арганізавана 15 пярвічных арганізацый Асоавіяхіма… 29 членаў асоавіяхімаўскіх арганізацый закончылі курсы размінёраў. Пасля заканчэння вучобы размінёры поўнасцю ачысцілі пасеўную плошчу і лугі ад неразарваўшыхся снарадаў і мін».

Але і да цяперашняга часу гэту жах­лівую спадчыну вайны то тут, то там знаходзяць людзі ў нашай шматпакутнай зямлі. Тое, што Баранавіцкі раён займае пачэснае месца ў вытворчасці сельгаспрадукцыі не только ў вобласці, але і ў краіне, сёння мы ўспрымаем як належнае. Але вытокі гэтых дасягненняў пачыналіся ў першыя пасляваенныя дні, месяцы, гады вельмі з малога.

«Калектыў трактарыстаў Гарадзішчанскай МТС люты гэтага года азнаменаваў новай вытворчай перамогай. Трактарысты і механікі з сямі трактараў адрамантавалі шэсць. Днямі заканчваецца рамонт апошняга трактара. Акрамя гэтага ў МТС падрыхтавана да веснавой сяўбы 6 трактарных плугоў, 3 бараны, 1 трактарная сеялка. Закончан рамонт двух малатарань…»

А якая шматзначная назва артыкула пра разбураны вайной саўгас «Вольна­-Чэрніхаў» Гарадзішчанскага раёна – «Адраджаецца соўгас – буйная соцыялістычная фабрыка хлеба і мяса». Паглядзіце, што ўяўляла гаспадарка тады, параўнайце з цяперашнім часам. Вось што расказаў карэспандэнтам «Чырвонай звязды» дырэктар саўгаса П. Макараў:

«Сапраўднай узорнай соцыялістычнай гаспадаркай быў да вайны наш соўгас – буйная соцыялістычная фабрыка хлеба і мяса. У прасторных памяшканнях жывёлагадоўчых ферм стаяла больш 720 галоў буйной рагатай жывёлы, 160 коней, сотні свіней, авечак, больш 500 птушак.

Толькі мяса соўгас здаваў штогод дзяржаве звыш 150 тон, тысячы пудоў хлеба. У соўгасных прудах мы штогадова вылаўлівалі дзесяткі цэнтнераў зеркальнага карпа.

За тры годы свайго гаспадарання немцы прычынілі соўгасу ўшчэрб больш чым на 14 мільёнаў рублёў…»

Кіраўніка гаспадаркі дапаўняе старшы аграном С. Марозаў:
«…У 1945 годзе мы па плану засеем 90 га ячменю, 160 га аўса, 8 га яравой пшаніцы, 80 га бульбы, дзесяткі гектараў лубіну, вікі, кармавых корнеплодаў і гародніны…

Загадчык першага ўчастка соўгаса тав. Манякін многа зрабіў для ўзорнай падрыхтоўкі ўчастка да веснавой сяўбы. Поўнасцю ачышчана насенне, адрамантаван сельскагаспадарчы інвентар, ідзе падрыхтоўка да закладкі парнікоў. Заатэхнік соўгаса – інвалід Айчыннай вайны тав. Родзік за доб­рую работу па аднаўленню жывёлагадоўчых ферм узнагароджаны Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Совета БССР.

У гэтыя памятныя дні, калі Чырвоная Армія громіць нямецкіх факельшчыкаў у іх фашысцкім логаве, з удвоенай і ўтроенай энергіяй працуе ўвесь калектыў соўгаса».

Гэта таксама быў уклад у Перамогу, да якой заставалася тры месяцы. (Працяг будзе)

 

Дзе ты, Жора?

IMG_4025«А я ж ведала Жору Наркоўскага, пра якога вы напісалі ў газеце. Хацелася б з ім сустрэцца – можа, дапаможаце знайсці яго?..»

Наша знаёмства з Ганнай Гаўрылаўнай Варонік пачалося з тэлефоннай размовы. Яна нарадзілася ў вёсцы Пачапава, а цяпер жыве ў Баранавічах. Менавіта ў Пачапаве, як гаворыцца, яшчэ за польскім часам, ў іх доме кватаравалі настаўнікі Ян і Марыя Наркоўскія. Быў у іх сын Жора, пра якога Ганна Гаўрылаўна ўспомніла, прачытаўшы ў адным са студзень­скіх нумароў нашай газеты мой артыкул «Пераможны год».

У першай публікацыі праекта быў невялічкі раздзел пад назвай «Ёлка ў Моўча­дзі», аўтар якога вучань Маўчадскай сярэдняй школы Жора Наркоўскі расказвае пра сустрэчу Новага 1945 года. Прывядзем урывак з той заметкі 70-­гадовай даўніны.

«…Тры гады я не вучыўся. Немцы адабралі ў нас радасць дзяцінства. Жылі мы пад страхам смерці. Я ніколі ў жыцці не забуду адзін зімовы вечар 1943 года. На дварэ быў моцны мароз. Да нас прыйшлі ўкутаныя ў хусткі два немцы. Я бачыў, як тата разгублена ўстаў перад імі. Мама спалохалася і пабялела. Яны перавярнулі ўсё ў хаце, абшукалі кватэру. Доўгавязы з меднай бляшкай на грудзях немец нават заглянуў у печ. Яны абрабавалі нас і забралі майго бацьку… З таго часу я больш яго не бачыў».

Ганна Гаўрылаўна, якая нарадзілася ў 1930 годзе, з болем успамінае той час. На пачатку вайны ў Пачапаве было 83 двары, больш за 300 жыхароў. А ў маі 1943 года гітлераўцы спалілі 63 двары і загубілі 41 жыхара, сярод іх і бацьку трынаццацігадовай Ганны. І хата іх згарэла. Саму дзяўчынку немец пакалечыў ударам вінтоўкі – і цяпер кульгае Ганна Гаўрылаўна, не дапамаглі і аперацыі, зробленыя пасля вайны.

Помсцілі фашысты вяскоўцам за сувязь з партызанамі. За гэта, мусіць, загінуў і бацька Жоры Наркоўскага. Як згарэла хата, мама Ганны – Марыя Іосіфаўна – пераехала з дзець­мі на хутар Зарэчка, дзе быў дом мамінага хрышчэніка. Жыло там чатыры сям’і – ўсе з Пачапава.

Старэйшы Ганнін брат Іван быў звязаны з партызанамі. І сястру далучыў да гэтай справы – у тым жа 1943 годзе ўступіла яна ў партызанскі атрад імя Катоўскага ў брыгаду «25 год БССР». Дастаўляла дзяўчынка куды трэба было і лістоўкі, і лекі, і патроны.

У кватэры Ганны Гаўрылаўны разглядаем за сталом яе баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені ды іншыя медалі. А стол змайстраваў яе бацька, праўда, не паспеў зрабіць да яго шуфляду і стальніцу, якую замяняе цяпер драўняна­-стружкавая пліта.

– З Жорам Наркоўскім мы вучыліся яшчэ да вайны. Дзе ён цяпер – не ведаю, – з жалем гаворыць Ганна Гаўрылаўна.– Магчыма, пасля вайны ў Польшчу з мамай пераехаў, бо там бабуля яго жыла. А можа, дзе тут застаўся – хай бы адгукнуўся, было б пра што пагаварыць…

Пранёсшая за плячыма добрую ношку гадоў, Ганна Гаўрылаўна не магла ўседзець на месцы, хацела правесці мяне да аўтобуснага прыпынку, каб я не заблудзіўся сярод дамоў Паўднёвага мікрараёна, дзе яна жыве. Ледзь угаварыў яе не ісці далей лесвічнай пляцоўкі і паказаць мне дарогу цераз акно. Нават фотаапарат дастаў, каб спыніць яе імклівасць для пазіравання перад аб’ектывам.

Міхаіл ШУБІЧ



  • Мы в социальных сетях:

Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий