Сёння ў городзе Камянцы каля яго славутай Белай вежы адбудзецца абласны фестываль-ярмарка «Дажынкі-2012».
З усёй вобласці сюды з’ехаліся лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, работнікі зерне-ачышчальных комплексаў, кіраўнікі гаспадарак раёнаў, каб атрымаць узнагароды за старанную працу на жніве ў сёлетнім годзе.
Немалая дэлегацыя і Баранавіцкага раёна, прадстаўленая ў асноўным працаўнікамі птушкафабрыкі «Дружба».
Атрымаюць узнагароды старшы камбайнер Валерый Савіцкі за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве, а старшы камбайнер Уладзімір Міхан і яго напарнік Сяргей Карпач – за перамогу сярод маладзёжных экіпажаў. Трэцім сярод моладзі стаў старшы камбайнер Яўген Бычко з СВК «Берасні».
Сярод вадзіцеляў два першыя месцы занялі Юрый Салавей і Віктар Палуян з птушкафабрыкі «Дружба», а Аляксандр Кірэйка з гэтай жа гаспадаркі стаў лепшым сярод маладых вадзіцеляў.
Будуць ушаноўвацца на абласных дажынках таксама старшы участковы інспектар міліцыі Ігар Баразна, міліцыянер-вадзіцель Пётр Валчэцкі і яшчэ тры прадстаўнікі «Дружбы» – старшы камбайнер Віталь Цівунчык, камбайнер Аляксандр Емяльянчык і вадзіцель Васіль Сташэўскі.