Наверх

«Пераможны год»: як жыхары баранавіцкага краю жылі ў сакавіку 1945 года

07.03.2015 0 189 Наш край

IMG_8834У трэцім артыкуле творчага праекта «Пераможны год» мы раскажам, як жыхары баранавіцкага краю жылі ў сакавіку 1945 года. Ужо адчувалася блізкая перамога над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне. Але шмат чаго яшчэ трэба было зрабіць і на фронце,
і на вызваленай ад немцаў савецкай зямлі для дапамогі фронту.

Расказваць пра тыя часы, калі вайна ад нашых мясцін пакацілася на захад, нам дапамагае папярэдніца «Нашага краю» – пасляваенная баранавіцкая газета «Чырвоная звязда». Пры яе цытаванні мы захоўваем тагачасны стыль напісання.

УСЁ ДЛЯ ФРОНТА

У лютаўскай публікацыі праекта «Пераможны год» мы расказвалі пра тое, што жыхары Баранавіцкай вобласці збіралі сродкі на пабудову танкавай калоны «Працоўны Баранавіцкай обласці», эскадрыллю самалётаў­знішчальнікаў «Баранавіцкі школьнік», а камсамольцы і моладзь Нясвіжскага раёна – на танкавую калону «Беларускі камсамолец». Дарэчы, апошнія атрымалі падзяку ад І. Сталіна, аб чым паведаміла ў лютым «Чырвоная звязда». Яшчэ пра адну падзяку з Масквы паведамлялася і ў сярэдзіне сакавіка 1945 года.

«Масква. Крэмль
Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму Маршалу Совецкага Саюза таварышу Сталіну

Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч!
Натхнёныя гістарычнымі перамогамі Чырвонай Арміі, якая пад Вашым вадзіцельствам назаўсёды ачысціла совецкую зямлю ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў і наносіць апошнія смяртэльныя ўдары па ворагу ў яго ўласнай бярлозе, працоўныя Баранавіцкай обласці, імкнучыся паскорыць поўны разгром фашысцкай Германіі, сабралі з асабістых зберажэнняў 5.014 тысяч рублёў на пабудову танкавай калоны «Працоўны Баранавіцкай обласці». У тым ліку 1.200 тысяч рублёў сабрана камсамольцамі обласці.

Няхай нашы грошы, сабраныя на пабудову танкавай калоны, ператворацца ў грозныя машыны і дапамогуць нашай доблеснай Чырвонай Арміі дабіць ворага.

Жадаем Вам, дарагі Іосіф Вісарыёнавіч, добрага здароўя і доўгіх год жыцця на радасць і шчасце совецкага народа.
Сакратар Баранавіцкага абкома КП(б)Б Тур.

Старшыня абласнога Совета дэпутатаў працоўных Бандарэнка.
Сакратар абкома ЛКСМБ Мілюкоў».

І ў гэтым жа нумары газеты надрукаваны адказ з Масквы.

«Баранавічы
Сакратару Баранавіцкага абкома КП(б)Б таварышу Тур
Старшыні Баранавіцкага аблвыканкома таварышу Бандарэнка
Сакратару Баранавіцкага абкома ЛКСМБ таварышу Мілюкову

Перадайце працоўным Баранавіцкай обласці, сабраўшым 5.014 тысяч рублёў на пабудову танкавай калоны «Працоўны Баранавіцкай обласці» – маё брацкае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі.
І. Сталін.»

Мы не маглі не звярнуць увагу і на заметку, надрукаваную ў газеце напрыканцы сакавіка пад назвай «Танкавыя калоны «Брэст­-Літоўскі чыгуначнік» і «Працоўны Баранавіцкай обласці» перададзены воінам Чырвонай Арміі». Аказваецца, баранавіцкая калона «…перадана воінскай часці генерал­маёра танкавых войск тав. Каткова (палявая пошта 36848)».

МІЖНАРОДНЫ ЖАНОЧЫ ДЗЕНЬ

У віншаваннях жанчынам на 8 Сакавіка выказваецца асаблівая павага да іх. Мужчыны жадаюць сваім каханым і пяшчотным жанчынам радасных усмешак, любові, поспехаў ва ўсіх справах і дораць кветкі.

І ў 1945 годзе «Чырвоная звязда» надрукавала Пастанову ЦК ВКП(б) «Аб Міжнародным Жаночым дні 8 сакавіка». Канешне, у ёй не было звыклых нам сёння слоў пра каханне ды пяшчоту. У Пастанове друкаваліся лозунгі, звернутыя да розных катэгорый жанчын­працаўніц: калгасніц, чыгуначніц, работніц навукі і культуры…

«Жанчыны – работніцы, інжынеры і тэхнікі! Давайце Чырвонай Арміі ўсё больш танкаў, самалётаў, гармат, мінамётаў, кулямётаў, аўтаматаў, боепрыпасаў…

Жанчыны – зянітчыцы, снайперы, лётчыцы, сувязісткі! Настойліва павышайце сваё майстэрства, бязлітасна знішчайце нямецкіх ізвергаў…

Совецкія жанчыны і дзяўчаты! Выдатна авалодвайце ваеннымі спецыяльнасцямі, нястомна павышайце прадукцыйнасць працы! Вывучайце ваен­ную справу! Усе сілы на разгром ворага, на далейшы ўздым народнай гаспадаркі!»

Вайна выцягнула з жанчын ўсе жылы, але яны выстаялі і ў тыле, і на фронце. Таму такая павага да іх і сёння.

АБЛАСНЫ СХОД СЯЛЯН

І рабочыя, і сяляне нашага краю працоўнымі дасягненнямі набліжалі дзень перамогі. Аб гэтым сведчаць загалоўкі матэрыялаў, надрукаваных у сакавіцкіх нумарах «Чырвонай звязды»: «У фонд перамогі», «Павялічым прадукцыйнасць працы», «Вытворчы ўздым», «Поспехі чыгуначнікаў», «Перавыканалі месячнае заданне»…

«Рабочыя і служачыя Баранавіцкай хімічнай фабрыкі выканалі лютаўскае вытворчае заданне на 129,4 процанты. На працягу месяца выпрацавана 261 кілограм сургуча, 430 літраў канторскага клею, 750 літраў чарніла, 460 кілограмаў масцікі для штампаў, 10.785 сцеарынавых свечак, 5.530 мялкоў і іншыя тавары шырокага спажывання…»

У пачатку сакавіка газета надрукавала зварот калектыва Прапойскай МТС Магілёўскай вобласці да ўсіх працаўнікоў машына­трактарных станцый БССР – арганізаваць усебеларускае сацыялістычнае спаборніцтва за ўзорную работу МТС у 1945 годзе. Адгукнуліся на гэты заклік і працоўныя машына­трактарных станцый Баранавіцкай вобласці.

«…Перш за ўсё мы павінны ў самыя кароткія тэрміны поўнасцю аднавіць усе МТС, пабудаваць майстэрні, гаражы і г.д. Да вайны ў нашай обласці было 15 МТС, нямецкія акупанты спалілі і знішчылі 11 МТС, 4 машына трактарныя станцыі прывялі ў нягоднасць.
Калектывы нашых МТС многа папрацавалі над аднаўленнем сваіх прадпрыемстваў. Па вінціках рабочыя збіралі і складалі трактары, каб хутчэй папоўніць свой трактарны парк. І ўжо ў асенні перыяд на палях нашай обласці працавалі 32 трактары. Нашы МТС аказалі значную дапамогу калгасам, соўгасам і сялянам у правядзенні сельскагаспадарчых работ…»

У канцы сакавіка «Чырвоная звязда» выйшла з «шапкай» «Палкае прывітанне дэлегатам першага абласнога схода сялян!» Прадстаўнікі вёскі сабраліся абмеркаваць, як лепш і арганізаваней правесці веснавую сяўбу, вырасціць высокі ўраджай і хутчэй аднавіць разбураную нямецкімі акупантамі сельскую гаспадарку.

«…У правядзенні веснавой сяўбы ў гэтым годзе мы сустрэліся з многімі цяжкасцямі. За тры гады нямецкай акупацыі ў обласці на 50 процантаў скарацілася пагалоўе коней. Тысячы сялянскіх гаспадарак аказаліся разоранымі. Многія сяляне атрымаюць зямлю ўпершыню за ўсё сваё жыццё. У іх няма коней, інвентара, насення.

Трэба аказаць дапамогу гэтым сялянам у паспяховым правядзенні сяўбы цяглом, машынамі, насеннем, працягнуць руку дапамогі сем’ям франтавікоў – тых, хто сёння на фронце пралівае кроў, абараняе нашу ра­дзіму, наша жыццё…

Няхай гэты сход паслужыць залогам таго, што зямля, палітая крывёю нашых бацькоў і сыноў, будзе любоўна апрацавана, і зерне, кінутае ў яе, дасць багаты ўраджай».

«…ЖЫВЫМ ЗАСТАЎСЯ ХОР»

У адчуванні перамогі над нашым краем зноў загучалі вясёлыя песні. Народ, вызвалены ад нямецкага іга, з песняй адраджаў усё разбуранае, спаленае і знішчанае ворагам. Аб гэтым расказаў артыкул пад назвай «Смотр народных дараванняў».

«…Нямецкія бандыты, імкнучыся ператварыць наш народ у рабоў нямецкіх баронаў, перш за ўсё знішчалі нашу народную культуру і яе
носьбітаў. Гітлераўскія людаеды растралялі таленавітага кіраўніка народнага хора вёскі Вялікае Падлессе, Ляхавіцкага раёна, Васілія Петуха і яшчэ трох спевакоў. Але жывым застаўся хор.

І як толькі совецкія войскі ўвайшлі ў вёску і байцы распалажыліся на кароткі адпачынак, вясковы хор спеў ім яшчэ ні разу не петую гучна песню «Свяшчэнная вайна» чутую кімсьці тайком па радыё з роднай Масквы. Удзельнікі хора праспявалі складзеныя імі новыя куплеты песні «Нам прыслала Масква падкрапленне». Словы песні выражаюць думы і жаданні ўсяго вызваленага беларускага народа.

Вось гэтая песня:
Нам прыслала Масква
падкрапленне –
Усім фронтам пайшла
ў наступленне.
Красны пушачкі як заухалі,
Усе фрыцы ў акопах ператрухнулі.
Як касіць пачалі кулямётамі,
То фашыстаў палкі сталі ротамі.
Знай жа, Гітлер,
змяя падкалодная,
І цябе дасягне месць народная.
Месць народная, месць савецкая –
Войскі Сталіна маладзецкія».

Як вынікае з артыкула, у вобласці аднавілі сваю дзейнасць дзесяткі харавых і танцавальных калектываў, а абласны агляд мастацкай сама­ дзейнасці выявіў нямала таленавітых выканаўцаў.

«Усяго журы прэміравала каштоўнымі падарункамі і шанавальнымі граматамі больш 170 удзельнікаў смотра. 150 чалавек адабрана для ўдзелу ў рэспубліканскім смотры мастацкай самадзейнасці. Сярод іх хор вёскі Вялікае Падлессе, балетная група слонімскага Дома народнай творчасці, танцавальны гурток Навагрудскага дзіцячага дома, жаночы ансамбль Баранавіцкай гарадской канторы сувязі, хор Мірскага Дома соцыялістычнай культуры і другія…»

І каб завяршыць культурную хроніку пераможнага 1945 года, пра якую расказвала «Чырвоная звязда» у сакавіку, працытуем невялікую заметку «У баранавіцкім абласным тэатры».

«Пасля чатырохгадовага перапынку пастаноўкай камедыі «Где­то в Москве» Маса і Чэрвінскага аднавіў сваю работу баранавіцкі абласны драматычны тэатр.

У склад тэатру ўваходзяць артысты­прафесіяналы. Многія з іх іграюць на сцэне 15­18 год. Мастацкім кіраўніком тэатра з’яўляецца Якаў Мацвеевіч Танальскі…»

Жыццё працягвалася. Да перамогі заставалася каля двух месяцаў.

(Працяг будзе)

Міхаіл ШУБІЧ



  • Мы в социальных сетях:

Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий