Тры гады мы жылі пад знакам Года малой радзімы. Бягучы 2021-ы аб’яўлены Годам народнага адзінства. Што думаюць аб гэтым жыхары Баранавіцкага рэгіёна? «НК» выслухаў іх меркаванні.
Ірына ЮДЗІНА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5:
– Згуртаванасць і згода, талерантнасць і паразуменне, павага адзін да аднаго – каштоўнасці для кожнага чалавека незалежна ад палітычных поглядаў. Жаданне жыць у міры і быць шчаслівымі аб’ядноўвае ўсіх нас.
Наша Бацькаўшчына – прыгожы сінявокі Божы куточак ў цэнтры Еўропы, шматнацыянальная краіна, утульная для жыцця. Нам усім варта ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць – наша родная беларуская зямля. Словы «народ» і «родны» – аднакаранёвыя. Толькі адзінкі з нас вядуць генеалогію свайго роду, ведаюць сваіх продкаў у некалькіх пакаленнях.
Аднак і ў час высокіх тэхналогій мы павінны цікавіцца мінулым сваёй сям’і, малой радзімы і вялікай Беларусі, старанна захоўваць традыцыі, сярод якіх, безумоўна, добрыя, прыязныя адносіны адзін да аднаго.
Трэба думаць пра будучыню і заўсёды памятаць: можна разам, узяўшыся за рукі, зноўку пабудаваць дом, але аднавіць згубленую ў грамадстве згоду занадта цяжка. Давайце ж будзем добрыя, памяркоўныя і паважлівыя адзін да аднаго.
Сёння мы павінны ствараць каштоўнасці сваімі рукамі. Берагчы, шанаваць і любіць Радзіму так, як могуць толькі беларусы!
Абвясціць год народнага адзінства – добрая ідэя. Спадзяюся, мы станем больш уважлівыя, памяркоўныя і чалавечныя ў адносінах да блізкіх.