
Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні, якія праводзяцца на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота, ужо сталі адметнай з'явай у культурным жыцці Баранавіцкага раёна. Праект, які нарадзіўся ў 2021 годзе ў гонар 225-годдзя з дня нараджэння Яна Чачота, з кожным годам пашырае свае тэматычныя гарызонты і кола ўдзельнікаў. Першыя чытанні былі прысвечаны беларускаму фалькларысту і паэту, другія — юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа, трэція — Адаму Міцкевічу. І вось ужо ў шосты раз чытанні сабралі даследчыкаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў і творчую інтэлігенцыю, каб разам далучыцца да невычэрпнай спадчыны нашага краю.
VI Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні прымеркаваны да 230-гадовага юбілею з дня нараджэння славутага земляка – паэта, фалькларыста Яна Чачота. У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, якая спалучала глыбокія навуковыя даклады з яркімі творчымі нумарамі. Традыцыйна ў чытаннях прынялі ўдзел як запрошаныя спецыялісты – гісторыкі, літаратуразнаўцы, музейныя супрацоўнікі, так і мясцовыя даследчыкі, бібліятэкары і чытачы. Загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота Вольга Міроненка, якая выконвала функцыю мадэратара канферэнцыі, адзначыла важнасць такіх сустрэч для захавання гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей VI Навамышскіх чытанняў звярнулася загадчык аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Таццяна Лайша. Менавіта яна з'яўляецца ідэйным натхняльнікам праекта. Дзякуючы яе энергіі, неабыякавасці і глыбокай павазе да гісторыі роднага краю, гэтая добрая традыцыя не проста захавалася, але і атрымала сваё далейшае развіццё. Таццяна Міхайлаўна падтрымлівае ініцыятывы па пашырэнні тэматыкі, прыцягненні новых удзельнікаў і ўмацаванні сувязі паміж культурай і грамадскасцю.
У сваім прывітальным слове Таццяна Лайша падкрэсліла, што такія сустрэчы – гэта не проста чарговая падзея ў календары. Гэта плацдарм для захавання гістарычнай праўды, пераемнасці пакаленняў і выхавання любові да малой радзімы. Яна адзначыла, што праект даказвае: цікавасць да спадчыны нашых знакамітых землякоў і гісторыі Баранавіцкага раёна не згасае, а наадварот, узрастае з кожным годам, аб'ядноўваючы людзей розных узростаў і прафесій.
Навуковая частка чытанняў ахапіла шырокае кола тэм. Зміцер Юркевіч, калумніст газеты «Культура», прадставіў даклад на тэму «Юзаф Сурэвіч. Тэатрал філамацкага кола і яго сувязь з Беларуссю». Гэтае выступленне стала адным з найбольш цікавых і наватарскіх, бо адкрыла ўдзельнікам малазнаёмае імя ў кантэксце беларускай гісторыі і культуры.

Як адзначыў дакладчык, Юзаф Сурэвіч – акцёр, рэжысёр і дырэктар Віленскага драматычнага тэатра – у ХІХ стагоддзі карыстаўся вялізнай папулярнасцю і быў вядомы як «Нестар» і «Патрыярх» сцэны. Аднак у Беларусі яго імя сёння вядома толькі вельмі вузкім спецыялістам.
Зміцер Юркевіч падрабязна распавёў пра тое, як першыя крокі да вялікай сцэны Сурэвіч рабіў менавіта на беларускіх землях, у маёнтку Бартнікі, дзе ў пачатку 1820-х гадоў збіралася філамацкае кола. Даследчык нагадаў, што ў Бартнікі да Слізеняў наведваліся Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Ян Чачот і іншыя філаматы, і менавіта там, на пагорку Нацёсак, гучалі вершы, спяваліся песні, а аматарскі тэатр ставіў розныя пастаноўкі, якімі кіраваў менавіта Юзаф Сурэвіч. Гэтая згадка – адзінае, але вельмі важнае сведчанне прысутнасці Сурэвіча сярод філаматаў. Адольф Калясінскі, малодшы сябра філаматаў, які жыў непадалёк, успамінаў, што менавіта ў гайку Нацёсак упершыню ў жыцці ўбачыў тэатр, якім кіраваў рэжысёр Юзаф Сурэвіч.
Вадзім Жылка ў сваім дакладзе падрабязна раскрыў тэму «Ян Чачот, Радзівілы і Палеская Лахва: што ў іх агульнага?», пераканаўча даказаўшы, што жыццёвы шлях Яна Чачота цесна пераплецены з гісторыяй роду Радзівілаў і Палескай Лахвай.
Акрамя навуковых дакладаў, удзельнікаў і гасцей чытанняў чакала сапраўднае культурнае адкрыццё – выступленне народнага тэатра «На Мышанцы», які прадставіў знакамітую баладу Яна Чачота «Мышанка».
Гэты калектыў ужо не раз звяртаўся да спадчыны славутага земляка: раней тэатр паказваў сваю пастаноўку на свяце ў гонар 225-годдзя Яна Чачота каля сцен Баранавіцкага краязнаўчага музея і на Рэспубліканскім фестывалі дзіцячай кнігі «Роднай Мышанкі абшары» ў Новай Мышы. І вось цяпер, у межах VI Навамышскіх навукова-краязнаўчых чытанняў, гледачы зноў мелі магчымасць дакрануцца да чачотаўскага слова.
Асобнай старонкай праграмы стала выступленне Вольгі Градзюшкі, якая прадэкламавала аўтарскія вершы, прысвечаныя Яну Чачоту. Яе паэтычныя радкі сталі своеасаблівым лірычным акцэнтам чытанняў, жывым дыялогам праз стагоддзі з тым, хто калісьці збіраў беларускія народныя песні і ўзнімаў нацыянальную культуру на новую вышыню.
Далей Таццяна Гоўса – бібліятэкар Цешаўлянскай сельскай бібліятэкі – выступіла з дакладам, прысвечаным музею імя Яна Чачота ў Цешаўлянскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. Яна падрабязна расказала пра гісторыю стварэння экспазіцыі, яе значэнне ў захаванні памяці пра славутага земляка і выхаванні падрастаючага пакалення ў духу любові да роднага краю.
Бібліятэкар адзначыла, што стварэнне такіх музейных куткоў пры навучальных установах — важны кірунак краязнаўчай працы, які дазваляе не толькі захоўваць гістарычную спадчыну, але і рабіць яе даступнай для школьнікаў і ўсіх жадаючых. У сваім выступленні Таццяна Гоўса падзялілася вопытам, як школа разам з бібліятэкай працуе над папулярызацыяй спадчыны знакамітага земляка сярод вучняў.
Падводзячы вынікі сустрэчы, дырэктар Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Кішкевіч адзначыла, што такія сустрэчы дазваляюць не толькі адкрываць новыя факты гісторыі, але і выхоўваць у людзей, асабліва ў маладога пакалення, павагу да мінуўшчыны, цікавасць да роднага слова і культуры, што творчасць сапраўдных майстроў не ведае межаў часу, а памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах і душы, перадаючыся ад пакалення да пакалення.
Завяршылася мерапрыемства традыцыйным абменам думкамі і планамі на будучыню, а таксама азнаямленнем з кніжнымі выданнямі, якія папоўнілі фонды бібліятэкі.
VI Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні яшчэ раз пацвердзілі, што цікавасць да гісторыі роднага краю не слабее. Галоўнае – гэтая паважлівая і шчырая размова аб мінулым становіцца мастком у будучыню, аб'ядноўвае розныя пакаленні і захоўвае нашу культурную ідэнтычнасць.
Вольга МІРОНЕНКА, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ імя Яна Чачота