Пазалаціўшы верхавіны клёнаў і косы бяроз, верасень непрыкметна ўступіў месца кастрычніку, а ён, як звычайна, пачаўся з Дня пажылых людзей.
Па-рознаму адзначаюць гэты дзень у гарадах і вёсках. У Палонцы, напрыклад, па традыцыі праводзіцца святочны агеньчык, на які запрашаюць усіх ветэранаў вайны і працы. У гэтым годзе на агеньчыку прысутнічала больш за пяцьдзесят чалавек. Падзякаваць вяскоўцам за шматгадовую плённую працу і пажадаць ім здароўя, бадзёрасці і многіх гадоў жыцця прыйшлі кіраўнік аддзялення «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба» М. І. Іаскевіч, галоўны ветэрынарны ўрач птушкафабрыкі В. І. Мішкевіч, старшыня Палонкаўскага сельсавета Н. І. Кісель.
З цікавым канцэртам перад ветэранамі выступіў гурт «Верацень» пад кіраўніцтвам Ю. Э. Усакоўскага. Вясёлыя і забаўныя конкурсы, гульні, віктарыны падрыхтавалі і правялі Н. Кавалёнак, А. Хворык, У. Кавалёнак. А колькі прыпевак, песень гучала ў зале! Спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах усе запрошаныя на свята. Здавалася, усе беды, праблемы і хваробы пакінулі на гэты час людей шаноўнага ўзросту.
Дамоў удзельнікі свята вярталіся вясёлыя, адпачыўшыя, з падарункамі-сувенірамі ад прафкама птушкафабрыкі.
Самыя шчырыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць членам савета ветэранскай арганізацыі вёскі Палонка за падрыхтоўку і арганізацыю свята, адміністрацыі і прафкаму птушкафабрыкі «Дружба» за матэрыяльную дапамогу, нашым культработнікам і гурту «Верацень» за цікавую і змястоўную праграму гэтага святочнага агеньчыка.