Наверх

З Калядамі!

10.01.2014 461 Наш край

Да сённяшняга дня фальклорныя калядныя традыцыі дайшлі як элемент культуры нашых продкаў.

І хаця цяпер яны мала кім успрымаюцца як непахісныя правілы ці рэкамендацыі, але раскрываюць светапогляд беларускага селяніна, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цягавітасць да працы, дэманструюць багатыя творчыя здольнасці, невычэрпную фантазію, палёт дапытлівай думкі.

Дванаццаць святочных дзён ад Нараджэння Хрыстова (7 студзеня) да Вадохрышча (19 студзеня) называюць у беларускім народзе Каляднымі святкамі ці Калядамі. 
 
Метадыст Баранавіцкага раённага арганізацыйна­метадычнага цэнтра Таццяна Седас ужо больш за 10 гадоў займаецца збіраннем фальклору ў Баранавіцкім раёне. Яна расказвае:
 
– Наш раён багаты на самабытныя традыцыі і абрады. Духоўны свет продкаў адбіваецца ў песнях, прыкметах і павер’ях. Беларускі працаўнік заўсёды доб­ра ведаў, калі можна весяліцца, а калі лепш устрымацца ад забаў, калі смела можна брацца за пэўную працу, а калі адкласці яе, каб не пашкодзіць сабе ці блізкім. Калі распытваеш у старэйшых вяскоўцаў пра народную спадчыну, яны, часам, здзіўляюцца, а часам, нават і крыўдзяцца –  не разумеюць, як можна не ведаць такіх простых рэчаў. 
 
13 судзеня мы сустрэнем Шчодры вечар і другую куццю. Абрадавая вячэра адрозніваецца багаццем страў і вялікай колькасцю ежы – смажанага і вэнджанага мяса, каўбас і іншых прысмакаў, за што і называюць другую куццю ў нашым раёне шчодрай, ласай, тлус­тай, тоўстай, багатай. Куцця, як галоўная страва, падаецца з маслам або мясам.
 
14 студзеня Стары Новы год. Гэты дзень, праве­дзены належным чынам, нібыта гарантуе ўдачу на ўвесь год. Хто апярэдзіць іншых, першым прынясе са студні вады і ўмыецца, на працягу года будзе рухавым і бадзёрым. А калі ў гэты дзень выпадзе снег, то ўся зіма прадбачыцца снежная.
 
18 студзеня – трэцяя куцця, якую называюць «пос­най» або «водапуснай». Лічыцца, хто посціць у гэты дзень (напярэдадні Вадохрышча), увесь год не з’есць нічого нячыстага ў стравах. У гэты вечар на куццю звалі Мароза: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Дай нам зіму снежную, лета – добрае!» Так яго задобрывалі, каб сцішыў свой сярдзіты нораў і палагаднеў. 
 
19 студзеня Вадохрышча – апошняе свята каляднага цыкла. «Святое Хрышчэнне і Калядам прашчэнне». У гэты дзень святкуецца Хрышчэнне Ісуса Хрыста, у царкве асвячаецца вада. Беларусы вераць у цуда­дзейную сілу хрышчэнскай вады. Яе даюць выпіць хвораму, ёю асвячаюць хату, вуллі, апырскваюць поле перад сяўбой.
 
* * *
 
Пабачым, ці прыйдзецца ў гэтым годзе задобры­ваць Мароз. Але прадказаць будучае па народных прыкметах не пашкодзіць.
 
• На кожную куццю пад абрус можна пакласці сена. Калі гаспадар выцягне доўгую сцяблінку, то збожжавыя ўродзяць добрыя. Раніцай гэта сена трэба ад­даць свойскай жывёле, каб з’ела і ўвесь год не хварэла. 
 
• Студзень мяце – ліпень залье. 
 
• Студзень пагодны – год будзе плодны. 
 
• Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы. 
 
• На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача. 
 
• На Вадохрышча дзень цёплы – будзе хлеб цёмны. 
 
На Каляды дзяўчаты варажылі. Асабліва прадказальнай лічыцца ноч з 13 на 14 студзеня.
 
Цехно Марыя Міхайлаўна з вёскі Мядзеневічы, якая праз месяц адзначыць свой 100­ гадовы юбілей, успамінае: «Якім бы ні было складаным жыццё, і на вячоркі бегалі, танцавалі, спявалі, і, канечне, варажылі».
 
Абхапіце плот са штыкетаў аберуч, потым разлічвайце штыкеціны, прыгаворваючы – кол, калішча, кавалер, удавішча. Сачыце, на якім слове скончыцца разлік. Кол або калішча – мужа ў гэтым годзе не знайсці, кавалер – чакай маладога добрага хлопца, удавішча – дастанецца ўдавец.
 
Перакіньце бот цераз дах хаты. У які бок насок бота глядзіць, у такі бок дзяўчына замуж і пойдзе.
 
Сцепанічэнка Эмілія Ільінічна, заслужаны работнік прамыс­ловасці Беларускай ССР, персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Яе дзявочае гаданне спраўдзілася.
 
У ноч з 13 на 14 студзеня Эмілія Ільінічна паставіла пад ложак талерачку з вадой. Паверх талерачкі палажыла трэску – масток праз ваду. Клалася спаць прыгаворваючы: «Суджаны, раджаны, прыйдзі, цераз масток перавядзі». У тую ноч маладой дзяўчыне прысніўся хлопец у ваеннай форме.  Замуж выйшла Эмілія Ільінічна менавіта за ваеннага.
 
А яшчэ верыць жанчына і ў прадказанні, і ў лёс.
 
У 1943 годзе ў яе родны Краснадарскі край прыбылі эвакуіраваныя з Баранавіч. Яны спявалі песні пра сваю малую радзіму. Менавіта так Эмілія Ільінічна ўпершыню даведалася пра гэтую мясцовасць. Праз дзесяць гадоў супадзенне – мужа­ваеннаслужачага пераводзяць у Баранавічы. Разам з ім пераязджае сюды і Эмілія Ільінічна.
 
61 год жыве на нашай зямлі гэты цудоўны чалавек. Больш за 40 гадоў сумленна працавала на прадпрыемстве «Баранавічхлебапрадукт», 18 гадоў – яго кіраўніком. 
Ангурэц Тамара Мікала­еўна, дырэктар вясельнага салона «Золушка», расказала, як збылося колішняе гаданне яе мамы.
 
Усе пяцёра дзяцей у сям’і паклалі свае ляпёшкі на парозе хаты перад сабакам. Сабака еў, захоўваючы чарго­васць, якая як раз і супала з чарговасцю ўступ­лення ў шлюб. 
Падзялілася яна і наступнымі ўспамінамі. Дзяўчаты накрывалі стол абрусам, клалі пад абрус сена, потым выцягвалі кожная па сцяблінцы. Тая, якой пашчасціць выцягнуць самую кароткую сцяблінку, хутчэй за іншых замуж пойдзе. 
 
У шапку складалі розныя рэчы. Дзяўчаты наўгад выбіралі сабе пэўную рэч, па ёй прадказвалі будучы год. Дасталося люс­тэрка – прыгожая ды здаровая будзе, зерне – ураджай добры ўдасца, кніга – пашчасціць у вучобе, ключы – у гаспадарцы прыбытак, пярсцёнак – рыхтуйся замуж. 
 
У вясельным салоне «Золушка» і зараз захоўваюць абрады. Для мамы маладой рыхтуюць падарунак, які яна ўручыць сваёй дачцэ на вяселлі. Гэта фарфоравая лялька – дакладная копія маладой, сімвал апошняй цацкі дачкі з пажаданнямі нараджэння дзіцяці. А шлюбнае ўбранне з салона лічыцца шчаслівым.
 
Шыла Таццяна Пятроўна, настаўнік музыкі Мілавідскай сярэдняй школы, двойчы дыпламант абласнога конкурсу «Радавод». Лічыць, што ў 18 гадоў выйшла замуж за Юрыя невыпадкова. Менавіта гэтае імя выцягнула некалі на паперцы падчас дзявочай варажбы. 
 
А бабуля ёй расказвала, што ў калядны вечар дзяўчаты могуць у кубак насыпаць зерне, пакласці туды розныя пярсцёнкі. Які пярсцёнак дзяўчына знойдзе ў зерні, такі і жаніх яе чакае. Калі пярсцёнак залаты – багаты жаніх, срэбны – сярэдняга дас­татку, просты – небагаты, а калі з каменнем пярсцёнак – жаніх высокую пасаду займаць будзе.
 
* * *
 
У фальклоры Баранавіцкага раёна бытуюць і іншыя спосабы калядных гаданняў: 
 
• Дзяўчаты кладуць свае пярс­цёнкі ў кубак. Накрываюць яго ручніком. Замужняя жанчына наўгад вымае іх. У якім парадку выме пярсцёнкі, у такім парадку дзяўчаты замуж пойдуць.
 
• Выходзіць дзяўчына на вуліцу і слухае, з якога боку сабака забрэша, у той бок замуж і пойдзе.
 
• У талерачку з вадой дзяўчына вылівае воск. Разгадаючы, што атрымалася, разгадае яна і сваё будучае.
 
• На вуліцы можна запытацца ў першага сустрэчнага мужчыны яго імя. Такім жа будзе імя жаніха.
 
Радомская Таццяна Рыгораўна, педагог дадатковай адукацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, 4 гады з’яўля­ецца кіраўніком клуба «Вяртанне да вытокаў». У Калядную ноч яе дзядулі прыснілася, што праз масток ён пераносіць Кацю. Менавіта Кацярына Раманаўна і стала бабуляй Таццяны Рыгораўны. 
 
– Фальклор, народная спадчына – частка майго жыцця. Беларусам ёсць чым ганарыцца, – кажа Таццяна Рыгораўна. – Сённяшняя моладзь даволі актыўна цікавіцца народнай творчасцю. З задавальненнем удзельнічае ў правядзенні абрадаў, займаецца даследчай працай. У нашых генах жыве любоў да традыцый, да роднай мовы. 13 студзеня ў Шчодры вечар абавязкова наладзім хаджэнне Каляды ў інтэрнаце. 
 
Здараецца, у працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных установах наладжваюць калядныя абрады. Пройдзе па кабінетах, цэхах Каляда – і робіцца весела, светла на душы, нібы дакранаешся да найдаражэйшых скарбаў – народных святыняў. І гэта далёка не адрыў ад працоўнай дзейнасці, а захаванне нашых традыцый, народнай муд­расці.
 
Калі ў вашай мясцовасці Каляды праходзяць па­іншаму, запрашаем вас у Баранавіцкі раённы арганізацыйна­метадычны цэнтр (г. Баранавічы, вул. Брэсцкая 228 а, тэлефон для даведак 41­62­04) падзяліцца сваім жыццёвым вопытам. Захаваем нашы традыцыі разам!


  • Мы в социальных сетях: