Наверх

Я помню! Я ганаруся! Абярэг дапамог не загінуць

17.06.2020 676 Наш край

Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне газета «Наш край» сумесна з гарадскім камітэтам грамадскага аб’яднання БРСМ падрыхтавала праект, у якім унукі і праўнукі пераможцаў расказваюць пра сваіх блізкіх, дзякуючы подзвігу якіх мы сёння жывём пад мірным небам незалежнай Беларусі.

Абярэг дапамог не загінуць

Хутка 75 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. Сёння мы жывём пад мірным небам і з цяжкасцю можам уявіць, як калісьці на нашай зямлі ішла бязлітасная вайна, як забівалі дзяцей і разлучалі іх з матулямі, як ставілі доследы на хлопчыках і дзяўчынках, на ваеннапалонных. А між тым, так было. Мы гэта ведаем, і сэрца сціскаецца ад болю...

Не абмінула вайна і маю сям’ю. Мой дзядуля быў удзельнікам гэтай страшнай вайны. Я яго добра памятаю.  Ён не хацеў расказваць дзецям пра вайну, бо не любіў гэтую тэму.

У далёкім 1921 годзе на хутары каля невялічкай вёскі Пашкоўцы, што знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, у сялян-скай сям’і нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Ваня, Ванечка… Затым, праз чатыры гады, з’явілася ў яго сястра Юля.

Жыццё было нялёгкім, прыходзілася хлопчыку быць памочнікам сваім бацькам. І ў яго гэта добра атрымлівалася: ён мог і араць, і касіць, і кошыкі плесці. Аднак жыццёвы спакой быў парушаны страшнай падзеяй – пачалася вайна. У чэрвені 1941 года. Немцы дабраліся да вёскі Пашкоўцы. Праз яе ішлі танкі, баявыя машыны ворага. Немцы нават вылажылі дарогу з камення па вёсцы, якая яшчэ гадоў з 70 была ў добрым стане.

Маладых хлопцаў і дзяўчат немцы забіралі, каб затым адправіць на работу ў Германію. Забралі і адзіную сястру Вані ра-зам з яе трыма сёстрамі ў Калдычэва, што ў Баранавіцкім раёне. Брат не мог з гэтым змірыцца. Маці сабрала яму клунак, і ён пайшоў пешшу, каб вызваліць сястру, а яго каб забралі замест яе. Юлю адпусцілі, а Ваня застаўся там чакаць свайго лёсу. Але гэта было нядоўга. У адзін з дзён вартаўнік палонных, якому, пэўна, чымсьці спадабаўся Іван, паклікаў яго і сказаў прынесці вады, а на вуха шапнуў: «Уцякай адгэтуль».

Так ён і зрабіў, уцёк дамоў.

Вайна працягвалася. Ваню, цяпер ужо мужнага хлопца Івана, прызвалі ў армію. У адзін з дзён набіралі салдат ў польскую армію для вызвалення яе ад немцаў.Трапіў туды і Іван. Ішлі баі, немцы адступалі, сілы былі не роўнымі.

На жаль, без падрабязнасцей, але вядома, што пры вызваленні Польшчы Іван пазнаёміўся з сям’ёй Цымэрскіх, якія жылі ў мястэчку Макабоды Варшаўскага ваяводства. У іх была дачка Марыя Валжэнцьеўна. Калі немцы адступілі і нашы войскі ішлі далей ў Германію, маці гэтай дзяўчыны сабрала пачастунак і дала ікону Івану. Яна сказала, што абраз зберажэ яго і ён не загіне на вайне.

Ужо ў мірны час Іван расказваў, што так і было. Аднойчы ў час баёў узарваўся побач снарад. Дзядулю засыпала зямлёй, толькі кусок шыняля быў відаць, дзякуючы чаму і выратаваў яго таварыш.

За вызваленне Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дзядуля быў узнагароджаны медалямі.

Вайна працягвалася…

З баямі Іван дайшоў да Берліна. Быў кантужаны, двойчы паранены. Але ікона, якую дала яму польская жанчына, ахоўвала яго па жыцці. Дзень Перамогі ён сустрэў у Берліне.

За баявыя заслугі  мой дзядуля атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі, медаль за перамогу над Германіяй, медаль Жукава, «70 гадоў Узброеных сіл СССР».

Вярнуўшыся у сваю вёску, у 1946 годзе ён спаткаў цудоўную дзяўчыну па імені Аляксандра. Яны пажаніліся. Жылі спачатку адной сям’ёй з бацькамі. Было вельмі цяжка, нарадзілася сямёра дзяцей. Іван пабудаваў дом для сястры ў вёсцы, а сам з сям’ёй жыў на хутары. Дзядуля быў майстрам на ўсе рукі. Будаваў дамы, рабіў вокны, дзверы. Трэба было карміць і адзяваць сям’ю. Але да канца сваіх дзён ён памятаў тую дзяўчыну з Польшчы, Цымэрскую Марыю Валжэнцьеўну, і яе маці.

Ужо ў мірны час яму вельмі балела спіна. Там быў як бы бугор. Аказалася, што гэта асколак.

Затым ужо ў 1977 годзе ён ра-зам з жонкай і сынамі, іх у яго было трое, адзін з іх – мой бацька Аляксандр, збудаваў вялікі дом у вёсцы Пашкоўцы. Дзеці раслі, жаніліся сыны, замуж выходзілі дочкі, нараджаліся ўнукі і пра-ўнукі. Здавалася, жыві і радуйся жыццю… Толькі цяжкае жыццё, ваенныя раны накладвалі свой адбітак на здароўе.

Кожны юбілейны год з Дня Перамогі яго віншавалі медалямі: 15, 20, 30, 40, 50 гадоў  Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
І ён чакаў наступнае віншаванне з 60-годдзем Перамогі…

Дзядуля Іван дачакаўся, дачакаўся гэтага дня, каб памерці ў юбілейны Дзень Перамогі 9 мая 2005 года. Бязлітасны лёс ветэранаў. Жорсткі ён і пасля вайны.

Гэты герой, пра якога я вяду размову, – мой любімы дзядуля Трыбухоўскі Іван Аляксандравіч. І я ганаруся ім. Удзячна яму і ўсім воінам за мірнае жыццё, шчаслівае дзяцінства, якое яны для нас заваявалі.

Ірына Вайцешык, 37 гадоў




  • Мы в социальных сетях: