Каля вёскі Карчова, недалёка ад Туганавіцкага парка, у лясным масіве шмат вякоў ляжыць на адным месцы велічны камень – валун. Камень называюць Вялікім за яго значныя памеры.
У 1971 годзе гэты валун быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды. Але ёсць усе падставы лічыць гэты камень не толькі прыродным помнікам, але і помнікам нашай гісторыі і культуры.
Больш распаўсюджаная назва, якая замацавалася за каменем, – камень Філарэтаў. З гістарычных крыніц нам вядома, што ў Туганавічы прыязджалі філаматы-філарэты разам з Ігнатам Дамейкам, які з’яўляўся сваяком уладальнікаў маёнтка Верашчакаў.
А ці збіраліся філарэты каля Вялікага каменя? Калі, у якім годзе яны тут збіраліся? Ці заслугоўвае такой назвы гэты камень?
Даследванняў па гэтай тэматыцы ніхто не праводзіў. Мяне зацікавілі гэтыя пытанні, і я пачаў сваё асабістае даследванне. Што ў мяне атрымалася, меркаваць не мне. Але прыведзеныя мною факты маюць пацвярджэнне ў навуковай літаратуры.
Каб устанавіць, у які час тут збіраліся філаматы-філарэты, трэба вызначыць, калі менавіта сюды прыехаў Адам Міцкевіч з іншымі філаматамі. Як мы ведаем, Міцкевіч – галоўны персанаж з усіх філаматаў у гісторыі Туганавіцкага парка. У сучасных крыніцах сустракаюцца розныя гады, калі ён сюды завітаў у першы раз.
Шляхам аналізу літаратуры я прыйшоў да наступнай высновы. Вядома, што Марыля Верашчака была заручана з графам Путкамерам яшчэ да сустрэчы з Міцкевічам. Урачыстыя заручыны, якія Путкамер выразіў і запісаў у вершаванай форме, адбыліся 14 ліпеня 1819 года, аб чым запісана ў штамбуху Марылі. Значыць, Міцкевіч прыехаў сюды ў 1819 годзе. Ён прыехаў у Туганавічы разам з Тамашам Занам. Маладыя людзі трапілі акурат на дзень імянінаў Марылі, 15 жніўня. Тут таксама адзначу, што некаторыя аўтары сцвярджаюць, што Марыля нарадзілася 15 жніўня. Гэта памылка. Дзень імянінаў і дзень народзінаў – гэта не адно і тое ж. 15 жніўня Марыля адзначала дзень свайго імя, дзень свайго анёла-ахоўніка. Для каталіцкай дзяўчыны гэта было таксама вялікае свята. А нарадзілася яна 24 снежня 1799 года.
Такім чынам, Міцкевіч трапіў у Туганавічы першы раз 15 жніўня 1819 года. У гэтым жа годзе, да канца жніўня – пачатку верасня, Міцкевіч павінен быў з’явіцца ў Ковенскай гімназіі, куды яго накіравалі настаўнічаць пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта. З гэтага можна зрабіць вывад аб тым, што Міцкевіч у Туганавічах прабыў нядоўга. І, канешне, ніякіх рамантычных сустрэч з Марыляй у гэтым годзе не было, як не было тут сустрэч і саміх філаматаў.
А калі Міцкевіч прыехаў з сябрамі ў Туганавічы ў другі раз, на наступны год – летам 1820-га, тут і разгарэліся рамантычныя пачуцці паміж Марыляй і Адамам. Гэта пацвярджае і той факт, што менавіта ў гэтым годзе вобраз Марылі пачынае сустракацца ў творах Міцкевіча.
Міцкевіч, прыехаўшы другі раз, праводзіў тут час не толькі з Марыляй. Заручаная дзяўчына не магла знаходзіцца з ім на людзях вельмі доўга. Што Міцкевіч рабіў астатні час? Тут прывяду словы самога Міцкевіча з яго пісьма: «…Мне давялося спазнаць такое жыццё, асабліва ў кампаніі Верашчакаў, куды мы прыяз-
джалі з Тамашам Занам і іншымі ў час канікул…»
Ён праводзіў час у кампаніі сваіх сяброў (Т. Зана, Я. Чачота, І. Дамейкі, Міхаіла і Юзафа Верашчакаў і іншых філаматаў). Рэвалюцыйна настроеная моладзь, якімі былі філаматы, канешне не аднойчы абмяркоўвала свае рэвалюцыйныя настроі. Яны былі супраціўнікамі рускага царызму і абмяркоўвалі гэта тайком, каб ніхто лішні нічога не чуў. Гэта пацвяржае Статут філаматаў.
Але чаму Міцкевіч прыехаў сюды з Т. Занам і іншымі сябрамі – філаматамі? Уся справа ў тым, што Т. Зан стварыў пад апекай філаматаў таварыства «Прамяністых» у маі 1820 года. Праз «Прамяністых» філаматы хацелі праводзіць свае ідэі. У пачатку рэктар Віленскага ўніверсітэта Сымон Малеўскі падтрымліваў «Прамяністых». Але з-за вялікай масавасці ён загадаў распусціць гэта аб’яднанне. І філаматы згадзіліся. Але вырашылі аднавіць таварыства, замяніць назву, зрабіць яго тайным, пашырыць задачы і вылучыць новую праграму. Для гэтага яны і прыехалі ў Туганавічы летам 1820 года.
Дзе яны маглі праводзіць свае сходкі? У саміх Туганавічах? Вельмі многа сведкаў! Каля Свіцязі? Магчыма, і там гаварылі аб гэтым. Самым ідэальным месцам каля Туганавіч і быў Вялікі камень. Таму і збіраліся каля яго. Ці
ёсць яшчэ якія-небудзь падобныя камяні ў ваколіцах Карчова альбо нават усяго былога Навагрудскага павету? Нічога падобнага я не сустракаў і не чуў. Міцкевіч апісвае такі камень у паэме «Дзяды». «…У сярэдзіне камень шарэў, з-пад якога крыніца бруіла…»
Дык аб якім камені пісаў А. Міцкевіч? І чаму ён звярнуў на яго ўвагу? Адказ просты. Камень ляжыць у глыбокім рве, па баках яго вялікія насыпы. І тут Адам сустракаўся са сваімі сябрамі, удзельнікамі патаемнага таварыства філаматаў, дзе абмяркоўвалі пытанні ўтварэння новага аб’яднання.
«…Тальмэна назвала то месца Святыняй Задумы…»
Пра якую Святую задуму піша Міцкевіч? Тут сустракаецца вельмі цікавы факт. Менавіта пасля наведвання Туганавіч Тамаш Зан, які быў тут з Міцкевічам і іншымі філаматамі, у верасні 1820 года стварае ў Віленскім універсітэце больш радыкальнае аб’яднанне філаматаў – таварыства філарэтаў, якое, як мы ўжо ведаем, было створана замест «Прамяністых». Калі Зан з Міцкевічам і іншымі філаматамі былі амаль усё лета ў Туганавічах, хіба ж яны не абмяркоўвалі гэта аб’яднанне? Канешне абмяркоўвалі! Яшчэ больш скажу, Тамаш Зан заручыўся падтрымкай сваіх сяброў–філаматаў, і менавіта тут было задумана стварэнне аб’яднання філарэтаў. Вось гэта і ёсць «Святая Задума», пра якую піша Міцкевіч.
Падводзячы вынік сказанаму, можна адзначыць, што філаматы сустракаліся каля Вялікага каменя летам 1820 года, і менавіта тут і зарадзілася новая назва іх другога аб’яднання. Таму і камень стаў вядомы як камень Філарэтаў.
Таксама можна адзначыць і той факт, што назву каменю маглі даць як самі філаматы, так і мясцовыя жыхары. Тут дакладна ўжо не вызначыш. Але, як вядома, дыму без агню не бывае. Чаму, па якой прычыне жыхары нараклі гэты камень Філарэтавым? Колькі ўжо пакаленняў навакольных вёсак ведаюць яго пад такой назвай? На пустым месцы вяскоўцы назвы не даюць, тым больш такія – патрэбна прычына. Таму і перадавалася назва – камень Філарэтаў – з пакалення ў пакаленне. А мы з вамі можам смела адзначыць, што камень Філарэтаў – не толькі помнік прыроды, але і помнік нашай гісторыі – помнік усёй гісторыі Беларусі.