Наверх

Вобраз Радзімы

04.09.2012 795 Наш край

Ніжэй апублікаваны тэкст быў перададзены рэдакцыі «Нашага краю» ў час экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая заўсёды пралягае праз наш раён напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Аб апошняй такой экспедыцыі мы напісалі  ў нумары газеты за 1 верасня.

Аўтар прапануемага вам нарысу – унучка нашай вядомай зямлячкі, заслужанага работніка культуры Беларусі Н.С. Загорскай, якая штогод з’яўляецца кіраўніком і натхняльнікам экспедыцыі. Не ў баку ад дзейнасці бабулі і ўнучка Ксенія, якая, дарэчы, у гэтым годзе нават стварыла сайт – daroga svjatinjau.jimdo.com/, прысвечаны «Дарозе да святыняў».

ЁСЦЬ у Баранавіцкім раёне вёска Загор’е. Там нарадзіліся бабуля і многія пакаленні маіх продкаў, там карані нашага роду.

Прыгажосць тых мясцін трэба бачыць. Чараду высокіх, стромкіх пагоркаў блакітным паяском абвівае нетаропкая Шчара. Тут, недалёка ад вытокаў, рака больш нагадвае нешырокую ручаіну – але паўсюдна наўкол мноства крыніц, і з розных бакоў спяшаюцца да Шчары шматлікія прытокі.

У даўніну бясконцая раўніна, якая адкрываецца з вышыні прыбярэжных пагоркаў, была непраходным балотам. I чужынец, калі ён не ведаў  адзіную вузкую дарогу, што вяла на атуленыя Шчарай узвышшы, дабрацца да Загор’я не мог. Таму ў вёсцы ахвотна сяліліся людзі – і ў многім таму ж сюды часам такі ўрывалася бязлітасная вайна. Бо мясціна, па вайсковых мерках, выглядала надта зручнай ці для абароны, ці для пасткі.

Так, у XVII стагоддзі бліз вёскі адбылася крывавая сутычка. Рускі атрад, за якім была наладжана шведская пагоня, знарок шумна прайшоў па перашыйку, паказваючы ворагу дарогу на пагоркі бліз Загор’я, і ў суцэльным балоце кінуўся масціць нешырокую грэблю. Але ж грэбля тая задумвалася як падманная, яна заканчвалася ў паўкіламетры ад берага, і рускія праз балота не пайшлі, іх атрады стаіліся між пагоркаў, у засадзе.

Шведы падумалі інакш. Яны кінуліся ў балота, мяркуючы хутка дагнаць уцекачоў – а калі зразумелі памылку, было позна. Па заселых у дрыгве людзях ударылі схаваныя  рускія пушкі.

Праз сто пяцьдзясят год праз балоты ля Загор’я ірваліся да Сталавіч – мясцечка, што стаіць у трох кіламетрах ад вёскі, – войскі генерала Суворава. Аглушальную вікторыю пад Сталавічамі Сувораў да канца жыцця прыгадваў як самую запамінальную ў сваёй вайсковай біяграфіі…

У перыяд Першай сусветнай бліз Загор’я зноў грымяць баі. Наогул фронт тут стаяў доўгія тры гады, бясконцая колькасць пахмурных дотаў да гэтай пары раскідана па навакольных пагорках. Але ў тысяча дзевяцьсот шаснаццатым адбыліся асабліва жорсткія сутыкненні. Рускія войскі спрабавалі наступаць, але, страціўшы за тыдзень больш за восемдзесят тысяч чалавек забітымі, поспеху так і не дабіліся. Высокія курганы, насыпаныя над брацкімі магіламі ахвяр тых баёў, дадаліся да курганоў, што засталіся ля Загор’я з часоў шведскай і іншых ранейшых войн.

ДРУГАЯ з чатырох кніг («Вузлоў»), што складаюць маштабны раман рускага пісьменніка Салжаніцына «Чырвонае кола», якраз і пачынаецца з падрабязнага апісання тутэйшых мясцін. Гэта не выпадковасць. Бліз Загор’я ваяваў бацька пісьменніка, менавіта сюды да яго прыязджала  нявеста, каб абвянчацца  з баявым афіцэрам   у паходнай вайсковай царкве. Вясельныя сталы былі накрыты ў артылерыйскім бліндажы, ды і «мядовы» месяц маладыя праводзілі тут, бліз Загор’я, пад абстрэламі – а потым маці Салжаніцына ад’ехала ў тыл.

У пачатку 1917 года бацька Салжаніцына трагічна загінуў, сына ён ужо не ўбачыў – і пісьменнік, месцам з’яўлення якога на свет сталі далёкія ад Беларусі стэпы пад Пяцігорскам, як пра сваю радзіму бу-дзе думаць і пра густыя лясы, што ўзняліся над рэчкаю Шчарай. Ён наведае ваколіцы Загор’я, усё тут сходзіць уласнымі нагамі – і дакладна, да дробязей перанясе свае ўражанні на старонкі рамана.

У адным з эпізодаў твора Саня Лажаніцын (пад гэтым прозвішчам у «Чырвоным коле» выведзены бацька пісьменніка) бяжыць у атаку, з балотных нізін, па якіх цягнуліся рускія траншэі, выскоквае на грэбень высоткі, за якой адкрылася захопленае немцамі Загор’е – і «знямеў: сапраўды, свет там здаўся іншым! Не звыкла пустая, нават без кустоў, балотная выспа, але ад самых нямецкіх акопаў – зялёны збег да ракі, сочныя дубкі, шарыкі вербаў, куставыя зараснікі ля рэчкі, і – пяшчотная надрэчная ранішняя засмужанасць між усім, як ласкавасць да гэтых шчадрот. I, ледзь-ледзь аціхлі кулямёты,  адразу ж побач, нябачны, страпянуўся і заліўся салавей – ды распаволена, з усімі належнымі пераходамі, разлівамі, перасвістамі… 3 наседжанага месца не сагнала вайна і яго!

Вось гэты зялёны абрыў за Торчыцкімі высоткамі, імжа, нечаканы салавей – здаліся Сані жывым раем. Якой жа Сілаю і Любоўю ўсё гэта створана!»

ШМАТ гадоў прайшло, а чароўная прыгажосць ваколіц Загор’я зноў і зноў прымушае застываць у захапленні кожнага, хто наведвае тутэйшыя мясціны. Невыпадкова чароды буслоў, перад тым як восенню падацца ў вырай, з усёй акругі злятаюцца менавіта сюды, на пагоркі над Шчарай. Для буслоў, як і для мяне, гэтыя мясціны – вобраз заўсёды чароўнай і мілай Радзімы.



  • Мы в социальных сетях: