Багач – свята ўсяго земляробчага года, пачатку багатых восеньскіх кірмашоў, засідкаў і доўгіх піліпаўскіх вечароў. Свята адзначалася ў любы дзень пасля 21 верасня (нараджэння Божай Маці) і мела яскравы абшчынны характар. Да гэтага свята стараліся завяршыць усе земляробчыя работы.
Багачом называлі «лубок» з жытам, якое сабралі з першага зажыначнага снапа. У гэтае зерне ставілі грамнічную свечку і абыходзілі ўсе двары. Кожны гаспадар павінен быў насыпаць у «лубок» жменьку жыта, як бы дапоўніць яго. Затым «Багач» ставілі на покуці ў выбранай хаце, дзе ён захоўваўся на працягу года да новага ўраджаю.
Усё гэта вельмі цікава, таму і вырашылі мы правесці такое свята ў в. Русіно, што ў Баранавіцкім раёне. На свята сабраліся старыя і малыя, моладзь і падлеткі.
Таццяна Валасар, Надзея Карман і Святлана Пяткова падрыхтавалі выставу прыгожых вышытых карцін з лікамі святых. Рыхтаваліся ўсе. Сабралі выставу ўраджаю, падрыхтавалі «Багач» з зернем і свечкай, а гаспадыня, у вобразе якой была Марына Кандрацьева, дырэктар сельскага Дома культуры Баранавіцкай птушкафабрыкі, паведаміла ўсім пра каляндарна-абрадавае свята Багач.
На свята з’ехаліся творчыя калектывы Баранавіцкага раёна. Парадаваў усіх калектыў Ніжнечэрніхаўскага СДК. Спявалі яны, як заўсёды, пад гармонік. Прыгожыя дзяўчаты з Лаўрынавіч, а таксама ансамбль песні «Вечарынка» Палонкаўскага СДК спявалі так хораша і задорна, што некаторыя кінуліся ў пляс.
А вось калектыў Жамчужненскага СДК «Бабіна лета» вітаў усіх не толькі добрымі песнямі, але і караваем з новага ўраджаю. У завяршэнні свята выступіла вакальная група «Рунь» Сталовіцкага КДЦ.