Наверх

У Пачапава Баранавіцкага раёна прайшло свята вёскі (+ фота, дапоўнена)

25.08.2014 320 Наш край

 

Нягледзячы на шчодры дождж, жыхары Пачапава смачна ды весела адзначылі свята вёскі.

– Каб не надвор’е, што б тут было! – кажа Ганна Былінская, дырэктар Пачапаўскага Дома культуры. Разам з ёю і старшынёй сельвыканкама Віталём Галецкім мы аб’язджаем падворкі самых гасцінных гаспадынек. Ля хаты Зоі Еўлаш – сапраўдныя дзівосы: фігуркі жывёлін ды неверагодных персанажаў атуляюць кветкі. 

Багатым сталом нас сустракае Антаніна Байдун, настаўніца матэматыкі Пачапаўскай дз/с–СШ. Прапануе хатні сыр з кропелькамі сыроваткі, жоўтыя піражкі з тварагом, мёд.

Ірына Данілевіч побач са сваімі прысмакамі на прыгожым абрусе прыладзіла аптымістычную таблічку «Жыццё на пенсіі». Усім бы такога жыцця!

Жыхаркі Старадворшчыны (так у Пачапаве завецца месца, адкуль пачала будавацца вёска) падрыхтавалі шляхецкі стол разам. А ў сенцах вывесілі вышываныя ручнікі, дываны, карціны.

Яўгеніі Купрык пашанцавала з ураджайнай зямлёю. Ці справа тут у працавітасці сталай жанчыны? Сёлета Яўгенія Уладзіміраўна зноў збірае ўраджай немалых кавуноў. 

З хаты Зінаіды Якубовіч выходзіць да нас больш за два дзясяткі гасцей. Дзеці, унукі і праўнукі прыехалі віншаваць 100-гадовую юбілярку. Далучаецца да іх і вясковая ўлада.

Свята працягваецца ў Доме культуры. Аказваецца, упершыню гістарычныя крыніцы згадваюць Пачапава ў 1428 годзе. Цікавая гісторыя пра паходжанне назвы вёскі. Ад выразаў «чапаць па балоце», «чапаць на працу да памешчыка». Але ж сёння жыхары (усяго тут жыве 176 чалавек) прыйшлі на свята.

Паміж песнямі – зноў віншаванні. Ветэранам працы мясцовага саўгаса (зараз гэта філіял «Пачапаўскі» птушкафабрыкі «Дружба»), медыкам, настаўнікам, мнагадзетным маці. Дарэчы, у верасні ў мясцовай школе будуць займацца 68 вучняў (у тым ліку пяць першакласнікаў), 17 дзетак пойдуць у дзіцячы садок. Моладзь тут ёсць, а значыць вёска жыве.

Потым згадваюць юбіляраў, сярод якіх 90-гадовы айцец Георгій, настаяцель Свята-Пакроўскага храма, што быў тут пабудаваны ў 1863 годзе, а пасля адноўлены ў 2005-м.

Мяркую, свята гуло яшчэ доўга. Бо ў гасціннасці ды весялосці пачапаўцаў сумнявацца мне не давялося.

 

Алена СІНЯКОВІЧ.     



  • Мы в социальных сетях: