Наверх

У Баранавіцкім раёне разгортваецца жніво (+ фота, дапоўнена)

17.07.2014 252 Наш край

Пазаўчора быў дзянёк, поўны сонечнай весялосці. Неба звінела птушынымі песнямі. А прастор зямлі каля вёскі Юшкавічы выглядаў, бы на малюнку: па рапсу мурашамі рухаліся зернеўборачныя камбайны, пакідаючы пасля сябе зеленаватае ржышча. І яшчэ не стомленыя – жніво толькі пачалося, камбайны роўна гулі, вядучы сваю працоўную мелодыю.

У сельскагаспадарчым вы-творчым кааператыве «Крошын», як і ва ўсім раёне, пачаліся дні жніва, поўныя клопату і напружання, ад якіх у канчатковым выніку залежыць быць ці не быць поспеху гадавой хлебаробскай працы.

Ад Юшкавіч да Ятвезі землі 2-га вытворчага ўчастка – гэта ўвесь былы калгас «Падлясейскі край». А сочыць, як гучыць тут мелодыя жніва, ці не збіўся які «інструмент» на фальшывую ноту, начальнік участка Ала Флейта. 

Нават па колеры ржышча відаць, што ўраджай рапсу добры, але сціплая Ала просіць пачакаць заканчэння жніва, тады і пра намалоты можна будзе сказаць. Хаця пра ўраджай гэтай культуры думалі яшчэ са жніўня мінулага года, як пасеялі рапс. Потым увесь год сачылі, як ён расце-цвіце. Скажам, надвор’е сёлета не вельмі спрыяла правядзенню хім-апрацовак пасеваў супраць хвароб, даводзілася і ноччу апырскваць расліны, бо днём была высокая тэмпература паветра. Ды і з верталёта апырсквалі пасевы, каб стручкі датэрмінова не раскрыліся.

А цяпер ужо іншыя клопаты – жніўныя. Сцяг Працоўнай славы на мехдвары штодзень падымаецца ў гонар экіпажа камбайнера Уладзіміра Ганчарова і яго памочніка Андрэя Сабко, якія намалацілі ўжо першыя сотні тон зерня.

Тут, на полі каля Юшкавіч, старшыня райкама прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксей Добыш, з якім мы прыехалі ў гаспадарку, уручыў Грамату федэрацыі прафсаюзаў Беларусі старшыні СВК «Крошын» Уладзіміру Шчарбацэвічу – за добрасумленную працу і актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці. А потым атрымалі прафсаюзныя падарункі ад Аляксея Добыша машыніст-аператар сушыльнага комплексу СВК «Крошын» Шаміль Аліеў («Ён дрэнна працаваць не можа», – сказаў Уладзімір Шчарбацэвіч). І слесар па рамонту машын і абсталявання Анатоль Астаеў з філіяла «Гарадзішча» птушкафабрыкі «Дружба», куды мы прыехалі пасля наведвання СВК «Крошын» («Майстар – залатыя рукі», – сказаў пра яго дырэктар філіяла Вацлаў Лісоўскі).

Вацлаў Іванавіч задаволены ўраджаем рапсу. Цяпер яго атрымліваюць тут каля 44 цэнтнераў з гектара. На паспяховае правядзенне жніва нацэлены ўвесь калектыў птушкафабрыкі «Дружба», у тым ліку і філіял «Гарадзішча», а прафсаюзная арганізацыя паклапацілася пра ўмовы спаборніцтва, аплату працы, харчаванне ўдзельнікаў жніва. Прафсаюз не пакіне без увагі і тых, хто араў зямлю, угнойваў яе, сеяў хлеб, а таксама аграномаў, інжынераў, павароў, медыкаў, культработнікаў. 

З 20 ліпеня плануецца ў раёне пачаць і ўборку каласавых. 



  • Мы в социальных сетях: