І зусім не варон, як гэта робяць гультаяватыя школьнікі падчас урока Еўрапейскія восеньскія дні назірання за птушкамі – традыцыйнае мерапрыемства грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Дасціпныя гараджане з алоўкамі і блакнотамі выйшлі на бёрдвочынг (назіранне за птушкамі) і ў гэты раз.
– У нас планавалася дзве пляцоўкі: адна дзіцячая, на станцыі юнатаў, другая для дарослых – на Жлобінскім возеры, – распавяла арганізатар экскурсіі Юлія Траццяк. – На станцыі тамтэйшыя супрацоўнікі зладзілі цэлае свята ў гонар восеньскай міграцыі птушак. Правялі, так бы мовіць, птаства ў вырай! Дзеці паспелі паназіраць за птушкамі, тое-сёе даведацца пра іх, паспрабавалі свае сілы ў адгадванні птушыных галасоў. Таксама ладзілася «птушыная віктарына».
Кожны год «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прысвячае пэўнай птушцы. Сёлета – гэта ўдод. Жывуць яны і ў нашым краі.
– Самай прыемнай нечаканасцю для нас было тое, што мы ўбачылі скапу. Гэты драпежнік пазначаны ў Чырвонай кнізе Беларусі. На возеры скапа палявала на рыб. Такія піруэты выпісвала, вам не расказаць! Яе заўважыў Дзяніс Лундышаў, выкладчык БарДУ, – працягвае Юлія. – Увогуле, мае экскурсанты даведаліся шмат цікавага пра птушак, кшталту, які інстынкт найлепш развіты ў галуба, у якой птушкі блакітныя вочы, якая птушка восенню хавае жалуды, як адрозніць два віды вераб’ёў, чаму фатографы кажуць «зараз выляціць птушка». І яшчэ шмат іншага, займальнага і карыснага.
Па краіне агульная колькасць прыхільнікаў бёрдвочынгу ў гэтым годзе склала больш за 2 200 чалавек. Гэта чацвёртае месца сярод 30 дзяржаў удзельніц праекту. Актывісты адзначылі 106 312 птушак 142 відаў.