Клас, у якім навучанне будзе ажыццяўляцца на беларускай мове, будзе арганізаваны на базе гімназіі №4 горада Баранавічы.
Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі Сяргея Пузікава, такое рашэнне прынята ў сувязі са зваротам жыхароў горада ў Баранавіцкі гарвыканкам.
– Да мясцовай улады звярнуліся некалькі гараджан, якія заявілі, што хацелі б, каб іх дзеці, якія пойдуць у першы клас, навучаліся на беларускай мове, – расказвае Сяргей Пузікаў. – Каб рэалізаваць законнае права грамадзян Рэспублікі Беларусь навучацца на адной з дзвюх дзяржаўных моў – у данным выпадку беларускай – спецыялістамі ўпраўлення па адукацыі былі вывучаны магчымасці рэалізацыі гэтага пажадання.
Бацькам будучых першакласнікаў прапанавалі на выбар арганізацыю класа у сярэдніх школах № 16 ці № 9. Аднак ад гэтых прапаноў бацькі адмовіліся, паколькі хацелі, каб іх дзеці навучаліся ў гімназіі №4.
– Мы пайшлі насустрэч гэтаму пажаданню і арганізавалі першы клас менавіта ў гэтай установе адукацыі, – тлумачыць начальнік упраўлення па адукацыі. – Размяшчацца ён будзе на базе ясляў-сада № 50 ў Паўночным мікрараёне.
Цяпер ужо ёсць 9 жадаючых навучацца ў беларускамоўным класе. Паколькі ў пачатковай школе ў класах можа налічвацца да 27 вучняў, беларускі клас можа яшчэ папоўніцца.
– Калі ёсць бацькі, якія хочуць, каб іх дзецей навучалі на беларускай мове, яны могуць звяртацца з адпаведнымі заявамі ў гімназію № 4, – запрашае Сяргей Пузікаў.
Нагадаем, што заявы ва ўстановы сярэдняй агульнай адукацыі прымаюцца да 28 жніўня.
Ірына САСНІНА.