Штогод Дзень беларускага пісьменства прымае новы горад: летась, напрыклад, Іванава, зараз – Слонім. Але – можна заўважыць з гонарам за нашу малую радзіму – кожны год праз Баранавіцкі раён праходзіць шлях духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў». Яе называюць пралогам да свята, якое, адзначыў наш Прэзідэнт, «займае пачэсную пазіцыю сярод важнейшых падзей культурнага жыцця краіны і з’яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў цяперашнім часе».
Вось і ў гэты раз намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Барысевіч разам з Мікалаем Грыбавым, старшынёй Сталовіцкага сельвыканкама, віталі на баранавіцкай зямлі навукоўцаў, дзеячаў культуры, духоўных асоб, якія разам з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня нясуць святло ведаў і сапраўдных каштоўнасцяў. Сярод удзельнікаў XXVI Міжнароднай духоўна-асветніцкай экспедыцыі можна было ўбачыць народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, доктара філалагічных навук, прафесара Сцяпана Лаўшука і іншых вядомых у Беларусі людзей. Прыехала і наша зямлячка, паэтэса Ніна Загорская, ініцыятар заснавання Дня беларускага пісьменства, дзякуючы ёй, пра наш край ведаюць у сталіцы, а на Святым полі каля невялічкай вёсцы Загор’е запальваюць агеньчыкі ад Благадатнага Агню.
Мясцовыя жыхары чакалі Ніну Сымонаўну і яе спадарожнікаў, як родных. На Святым полі, дзе ў 1983 годзе адбыўся цуд – яўленне іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, зноў маліліся, каб свет у душы чалавечай перамог цемру і Божая літасць заставалася з намі. Жыхары Загор’я сцвярджаюць, што на ўзгорку, дзе сёння стаіць каплічка, пахаваны салдаты войнаў – якіх, дакладна ўжо ніхто і не скажа, на жаль, міралюбівая беларуская зямля пакутавала ад нашэсцяў не аднойчы...
Дарэчы, у гэты раз удзельнікі экспедыцыі маглі выбраць на баранавіцкай зямлі адзін з трох накірункаў. Нехта рушыў на Святое поле, іншыя – на малую радзіму Адама Міцкевіча ў Завоссе, але былі і тыя, хто пажадаў паехаць у дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, каб падарыць яго выхаванцам канцэрт.
Віталь ГЕРЦАЎ
Фота аўтара i Веранiкi СТАТКЕВIЧ, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама