Наверх

Троіцкі касцёл у Баранавіцкім раёне

26.09.2014 366 Наш край

На жаль, так здарылася, што ў час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе была знішчана старасвецкая шляхецкая сядзіба Туганавічы, якая месцілася ў кіламетры ад вёскі Карчова на беразе ракі Сэрвач.

Зараз яе можна ўявіць толькі па малюнках Напалеона Орды. Але гэтая мясціна, што «вечна снілася» вялікаму паэту Адаму Міцкевічу на чужыне, і цяпер прыцягальная для шматлікіх падарожнікаў.

Што? Туганавіцкі парк.

Дзе? Каля вёскі Карчова.

Чым прывабіць? Не толькі маляўнічасцю мясцовасці, а перш за ўсё тым, што кожны куточак Туганавіцкага парку плошчай 5 гектараў захоўвае ўспамін пра вялікага паэта Адама Міцкевіча.

Сядзібай Туганавічы валодалі розныя ўласнікі, у тым ліку і прадстаўнікі старадаўняга беларускага роду Верашчакі. Да нашых дзён тут захаваўся падмурак іх дома. Менавіта пры Верашчаках парк набыў планіроўку, якая, лічыцца, амаль не змянілася і цяпер. Захаваліся ў парку алеі, сажалкі, прысады ад старых дрэў каля дарогі.

Сюды ў госці да свайго калегі па Навагрудскай дамініканскай школе Міхала з 1818 па 1820 год летам часта прыязджаў Адам Міцкевіч. З Туганавіч запазычаны шматлікія прататыпы вобразаў яго многіх твораў, у тым ліку і славутай эпапеі  «Пан Тадэвуш». У Туганавічах таксама гасцілі паэт-рамантык Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Ян Чачот і іншыя.

Тут Адам Міцкевіч  пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай, і каханне да яе пранёс праз усё жыццё.

З Туганавіцкага парку палявая дарога вядзе да глыбокага яра, дзе ляжыць вялізны валун, вядомы як  «Камень філарэтаў», бо тут калісьці было месца сходак удзельнікаў студэнцкага Таварыства сяброў дабрачыннасці.

Цяпер Туганавіцкі парк прываблівае ўсіх тых, хто жадае наведаць мясціны, звязаныя з імем Адама Міцкевіча.



  • Мы в социальных сетях: