Наверх

Святы хлеб зямелькі роднай

20.12.2013 335 Наш край

Да 85-годдзя з дня нараджэння былога старшыні калгаса імя Ф.Э. Дзяржынскага Дзмітрыя Іванавіча Жука.

«Яго жыццё пахне хлебам», – так называецца конкурсная работа вучняў Мілавідскай сярэдняй школы, якая прымала ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».

Яна прысвечана таленавітаму кіраўніку, чуламу чалавеку – Дзмітрыю Іванавічу Жуку. Яго з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць і яшчэ доўга будуць успамінаць тыя, хто жыве тут, на прыгожай Мілавідскай зямлі.

Найбольш значныя падзеі ў жыцці Дзмітрыя Іванавіча звя­заны з нашымі мясцінамі. Тут ён стаў вопытным кіраўніком гаспадаркі, якая паступова выйшла ў лік лепшых ў Бара­навіцкім раёне. Тут многія га­ды жыла яго сям’я. Тут за­сталіся асфальтаваныя вулі­цы, двухпавярховы Дом куль­туры са спартыўнай і актавай заламі, бібліятэкай, лазневапральны комплекс з басей­нам. А жыхары вёскі Мілавіды сярод першых у раёне атры­малі тады газавае паліва.

З работы вучняў:

«…Нарадзіўся Дзмітрый Іва­навіч Жук 23 снежня 1928 года ў вёсцы Лаўрынавічы. З ма­ленства даведаўся пра цяж­кую долю селяніна. Усё сваё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы.

Працоўная дзейнасць пача­лася на гаспадарцы бацькоў у цяжкія ваенныя гады…

У 1944 – 1945 гадах праца­ваў ў Баранавічах прыё­маздатчыкам склада НКА (па­сведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны). У паслява­енныя гады быў у складзе гру­пы «ястребков» на тэрыторыі Дубаўскага сельскага Савета, а пасля працаваў у гэтым сельсавеце сакратаром. З 1947 па 1950 год быў загадчы­кам Дубаўскай хаты-чытальні. На гэтыя гады прыпадае важ­

 ная падзея ў асабістым жыцці Дзмітрыя Іванавіча – ён ажаніўся з Леакадзіяй Канс­танцінаўнай.

З 1951 года працуе сакрата­ром у газеце «Ленинец», пасля быў яе рэдактарам. У 1955 го-дзе стаў слухачом Мінскай савецка-партыйнай школы. Пасля яе заканчэння Дзмітрый Іванавіч быў выбраны сакрата­ром партарганізацыі калгаса імя Леніна у вёсцы Свіраны, а ў 1960 годзе прызначаны наме­снікам старшыні калгаса імя Кірава (вёска Лаўрынавічы).

Ён заўсёды быў з людзьмі, вучыўся ў іх, здабываючы муд-расць, набіраючыся ўмення і вопыту кіруючай працы.

Для паглыблення сваіх ве­даў у 1962 годзе Дзмітрый Іва­навіч займаецца ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстыту­це на курсах па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў.

3 снежня 1962 года ўзна­чаліў калгас імя Дзяржынска­га. Пачынаючы з гэтага дня, 33 гады бяззменна знаходзіўся на пасадзе кіраўніка гаспа­даркі. Менавіта тут Дзмітрый Іванавіч сфарміраваўся як ста­лы кіраўнік, які добра ведае сельскагаспадарчую вытвор­часць, які заўжды разумее людзей і гатовы прыйсці на да­памогу…»

На пачатку 70-х гадоў міну­лага стагоддзя ў калгас імя Дзяржынскага паступова ўвайшлі невялікія навакольныя гаспадаркі. Большасць зямлі – пяскі, тарфянікі. Электрычнас­ці не было, як і легкавога аўта­мабіля для кіраўніка калгаса. Першае, з чаго пачаў Дзмітрый Іванавіч, – гэта лазня. Што яш­чэ больш неабходна чалавеку, які працуе на зямлі, пасля доў­гага працоўнага дня?

Увага да простага чалавека, да яго надзённых праблем да­вала свой плён. Гаспадарка паступова мацнела: папаўняў­ся машынна-трактарны парк, раслі надоі малака, павышала­ся ўраджайнасць. З’яўляліся новыя домікі сучаснай планіроўкі для працаўнікоў калгаса, а таксама сацыяль­ныя аб’екты: дзіцячы сад, ам­булаторыя, новая школа…

Супрацоўніцтва гаспадар­кі і нашай школы, як кажуць, асобная гісторыя. Гэта вы­датны прыклад падрыхтоўкі будучых гаспадароў сваёй зямлі, людзей, якія ўмеюць і любяць працаваць, ганарац­ца вынікамі сваёй працы. У час росквіту гаспадаркі з вуч­няў нашай школы была сфар­міравана вытворчая брыгада. На спецыяльна выдзеленай плошчы вырошчваліся кар­мавыя і цукровыя буракі, морква, бульба. Разам са спецыялістамі калгаса вучні ставілі доследы на сваіх зя­мельных участках. За работу вучнёўская брыгада была ўз­нагароджана граматай і гра­шовай прэміяй на абласным злёце вучнёўскіх сельска­гаспадарчых брыгад.

Круглы год па некалькі га-дзін у дзень усе старшакласнікі абавязкова пасля ўрокаў пра­цавалі на ферме калгаса. У школьнікаў быў свой невялікі статак кароў. Іх пад кіраўніцт­вам дарослых неабходна было даглядаць, карміць, даіць у пэўны час. Па ініцыятыве Дзмітрыя Іванавіча спецыяль­на для навучэнцаў школы была пабудавана ферма, дзе школь­нікі адказвалі за вырошчванне маладняку буйнай рагатай жы­вёлы. Яны не гулялі ў працу, а ўжо на той час прыносілі плён роднай гаспадарцы.

Школа была асаблівым кло­патам кіраўніка калгаса. «Дзіцячая ўстанова павінна ззяць у абліччы вёскі, як ме­даль на грудзях…», – аднойчы пераканаўча зазначыў Дзмітрый Іванавіч. Так яно і сталася. Пры ўдзеле калгаса былі абсталяваны геаграфіч­ныя, спартыўныя пляцоўкі, трэнажорная зала, аформле­на памяшканне краязнаўчага музея. На працягу навучальна­га года ў школьную сталовую пастаянна паступала свежае мяса і малако. А ў час уборкі ўраджаю вучням на поле пад­возіліся свежавыпечаныя бу­лачкі і гарачая гарбата. Вось якраз такія «дробязі» так мно­га гавораць аб чалавекукіраўніку.

У час кіраўніцтва Дзмітрыя Іванавіча калгасам вучні мелі магчымасць пабываць у самых розных гарадах Савецкага Са­юза: Маскве, Кіеве, Валга-градзе, Казані, Ленінградзе, а таксама ў гарадах роднай Бе­ларусі: Мінску, Брэсце і іншых. Паездкі, харчаванне, пражы­ванне ў гасцініцах – за кошт гаспадаркі.

Вялікі клопат пра сябе адчу­валі і настаўнікі. У неспакойныя дзевяностыя гады яны, як і працаўнікі гаспадаркі, па асо­баму кошту маглі набываць прадукцыю цэха па пераапра­цоўцы мяса, тканіну, якую атрымлівала гаспадарка ў аб­мен на сваю прадукцыю. Гаспа­дарка на справе клапацілася пра свае кадры. Разам са шко­лай праўленне калгаса прыма­ла рашэнні аб навучанні вы­пускнікоў у сельскагаспадар­чых установах, забяспечвала іх стыпендыяй. І яны вярталіся працаваць на сваю зямлю, у свой калгас. Праца Дзмітрыя Іванавіча была адзначана аса­блівай і не вельмі частай для кіраўніка калгаса ўзнагародай – званнем «Выдатнік народнай асветы БССР».

Дзмітрый Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыц­ці раёна – неаднаразова з’яўляўся членам райкама КПБ, дэпутатам раённага Са­вета дэпутатаў. Яго працоўны шлях быў з годнасцю ацэнены. Аб гэтым сведчаць ордэн Пра­цоўнага Чырвонага Сцяга, ме­далі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы». І яшчэ шэраг юбілейных знакаў і медалёў.

А простыя людзі запомнілі яго спагадлівым і клапатлівым кіраўніком, чулым да чужой бя­ды чалавекам.

Каму якая дастаецца доля,

Якая песня на шляху паходным?

А ён узрос на простым чорным хлебе, 

То хлеб святы яго зямелькі роднай…

Такімі словамі заканчваецца летапіс аб жыцці і шматгадо­вай працы Дзмітрыя Іванавіча Жука, які быў сабраны вучнямі нашай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Папко Юліі Валян­цінаўны.

У 2010 годзе вёска Мілавіды атрымала статус аграгарадка. Раённыя ўлады шмат зрабілі па мадэрнізацыі сацыяльных аб’ектаў, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Значыць, добрыя справы, пачатыя Дзмітрыем Іва­навічам Жуком, працягваюцца.



  • Мы в социальных сетях: