У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая было шматлюдна. Тут праходзіў Дзень беларускай кнігі «У родным слове – цэлы свет».
Ганаровымі гасцямі бібліятэкі сталі прадстаўнікі рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда»: галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Дзянісава, адказны сакратар часопіса Рагнед Малахоўскі і начальнік аддзела маркетынгу Вераніка Марук.
На сёння ў выдавецтве выходзяць 6 перыядычных выданняў: часопісы «Маладосць», «Нёман», «Полымя», «Вожык», газеты «ЛіМ» і «Звязда». Таксама тут выпускаюць кніжную прадукцыю.
Аматары лічбавых тэхналогій могуць пазнаёміцца з «Маладосцю» ў электроннай версіі. На сайце часопіса размешчана шмат дадатковых рубрык. Тут зацікаўлены чытач можа знайсці ў поўным варыянце творы, якія былі надрукаваны на старонках часопіса ў скарочаным выглядзе. А калі вы хочаце прачытаць твор, што друкуецца з нумара ў нумар, не чакаючы працягу цэлы месяц, гэта таксама можна зрабіць на сайце.
Пра гэта і многія іншыя цікавыя і карысныя навінкі расказала Святлана Дзянісава. Цікавая суразмоўца, чалавек, апантаны справай, сур’ёзны прафесіянал – яе аповяд на прыгожай, бездакорнай роднай мове прысутныя слухалі з асаблівай увагай.
Асобнай тэмай сустрэчы стала плённае супрацоўніцтва калектыву выдавецкага дома з пісьменнікамі, мастакамі-ілюстратарамі з Берасцейшчыны. Дарэчы, да мера-
прыемства спецыялісты бібліятэкі аформілі кніжныя выстаўкі «Залатыя крупінкі фонду беларускай літаратуры» і «Літаратура пісьменнікаў баранавіцкага краю».
Падзялілася Святлана Дзянісава і планамі выдавецтва: у бліжэйшы час чытачоў чакаюць творы М. Сянкевіча, Т. Дземідовіч, С. Мінскевіча і іншых маладых аўтараў. Адбудзецца прэзентацыя новых рубрык і праектаў. Цікавасць прысутных выклікала інфармацыя пра тое, што рэдакцыя збіраецца друкаваць на старонках часопіса калекцыю почыркаў беларускіх пісьменнікаў.
Уважлівы чытач заўважыў, напэўна, што апошнім часам вокладку выдання ўпрыгожваюць кветкі. Як растлумачыла галоўны рэдактар, яны маюць сімвалічны сэнс:
– «Маладосць» – часопіс, дзе друкуюцца аўтары малавядомыя, часта ён выступае ў якасці стартавай літаратурнай пляцоўкі для пачынаючага пісьменніка. Хто ведае, які творчы лёс чакае яго? Мовай сімвалаў калектыў часопіса дае зразумець аўтарам і чытачам: творы, якія друкуюцца тут – толькі кветкі, а плады, ці ягадкі, згодна вядомаму выслоўю, з’явяцца значна пазней.
Працяглы час пад вокладкай «Маладосці» выходзіць часопіс «Бярозка». Выданне, арыентаванае на падлеткаў, змяшчае матэрыялы, якія закліканы зацікавіць гэту ўзроставую групу. Каханне, сяброўства, спорт, здароўе і многія іншыя тэмы раскрываюцца ў выданні. Пра гісторыю «Бярозкі», яе сучаснасць і будучыню расказаў Рагнед Малахоўскі. Малады творца, таленавіты паэт-лірык, аўтар двух зборнікаў вершаў чытаў прысутным свае радкі на прыгожай беларускай мове.
Начальнік аддзела маркетынгу Вераніка Марук зрабіла кароткі агляд друкаванай прадукцыі выдавецтва. А супрацоўнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі прапанавалі ўвазе прысутных «ТОП 10» самых папулярных кніг беларускіх аўтараў у ЦГБ, складзены на аснове статыстычнага аналізу выдачы кніг на абанеменце.
Баранавіцкая паэтэса Р. Раманчук прысвяціла гасцям сустрэчы вершаваны экспромт. Бібліятэкары раздалі гледачам лістоўкі «Адкрый для сябе беларускую мову» і візіткі гарадской бібліятэчнай сістэмы.
Рагнед Малахоўскі паўдзельнічаў яшчэ ў адной сустрэчы – з юнымі чытачамі, – якую арганізавалі ў гэты дзень супрацоўнікі дзіцячага сектару бібліятэкі. Ён чытаў свае творы, адказваў на пытанні дзяцей, раздаваў жадаючым аўтографы, фатаграфаваўся з малечаю, а таксама ўзнагароджваў удзельнікаў конкурсу вершаў на беларускай мове. Асобныя нумары «Бярозкі» і кнігі аўтара з аўтографам у падарунак атрымалі самыя актыўныя.
Толькі добрыя пачуцці засталіся пасля сустрэчы. Бібліятэкары і чытачы шчыра спадзяюцца на плённае супрацоўніцтва з беларускім выдавецкім домам «Звязда».