Наверх

Страшная мансарда

10.01.2014 298 Наш край

Дзіўная рэч, аднак ў нашым горадзе на самай справе мелі месца здарэнні, якія сустракаюцца толькі ў анекдотах.

Калісьці на левым баку вуліцы Леніна, насупраць будынка швейнай фабрыкі і стадыёна «Лакаматыў», цягнулася чарада жоўтых драўляных будынкаў з мансардамі, шчодра аздобленымі драўлянай разьбой. Гаспадарамі іх былі яўрэі, якіх пад час Вялікай Айчыннай вайны знішчылі нямецкія фашысты. Пустыя дамы засялілі інвалідамі вайны і людзьмі пажылога ўзросту. 

У адной з такіх мансард жылі дзве цікавыя бабулі. Тэлевізараў тады не было, рэпрадуктараў таксама. Перагаварылі-перамалолі суседкі ўсё, што ведалі, і вось аднойчы адна другой і кажа:
 
– Вось цікава было б паглядзець, як я буду ў труне ляжаць. 
 
– Ну дык вазьмі і ляж, глянь у люстэрка, і будеш бачыць, – кажа другая.
 
– О, не-е, – пачула ў адказ, – як жа я ў люстэрка сябе ўбачу, трэба, мусіць, каб фатаграфія была…
 
Пайшлі бабулі ў пахавальнае бюро, купілі труну, прывезлі. Адна прыбралася ва ўсё новенькае і лягла ў яе, злажыўшы на грудзях рукі. 
 
Тады на плошчы, як цяпер кажуць, за плячыма ў Леніна, цесна стаялі невялікія камяніцы, у якіх размяшчаліся крамы, майстэрні, у тым ліку і фатаграфія. Тут працаваў знакаміты на ўвесь горад фатограф Моня. Яго прысадзістую постаць прыкметна ўпрыгожвалі шыкоўная кучаравая барада і густая шавялюра. 
 
Моня адразу ж адклікнуўся на просьбу бабулі сфатаграфаваць яе сяброўку-нябожчыцу.
 
У той мансардзе было адно невялічкае акенца, таму Моня доўга прыладжваўся, выбіраў месца свайму апарату. Прыйшлося адступіць ажно да самага парога. І ўсё-ткі цень пакрываў амаль палову твару жанчыны, якая ціха ляжала ў труне.
 
– Павярніце крыху ёй галаву, – звярнуўся Моня да сяброўкі нябожчыцы.
 
– А ў які бок? – расплюшчыла нечакана нябожчыца вочы.
 
Бедны Моня… Ад неспадзяванай жудасці ён аж падскочыў, зачапіўся за высокі парожак і грымнуў уніз па лесвіцы. З дзікім пранізлівым крыкам ляцеў ён па вуліцы ў бок аэрадрома. Толькі пад вечар з дапамогай вайскоўцаў яго нарэшце адшукалі і злавілі ў лесе. З той пары Моня стаў моцна заікацца. 
 
Праз некаторы час мне тэрмінова спатрэбілася сфатаграфавацца для дакументаў. Моня доўга пыхцеў, выбіраючы партрэтны ракурс для здымка, нарэшце стаў каля апарата, прылажыў руку да правай шчакі з выглядам знакамітага мастака і пачаў углядвацца ў мой твар:
 
– Павярняніце галаву трошкі ўправа.
 
Я павярнуў.
 
– Не, многа, павярніце трошкі ўлева…
 
І тут на мяне шквалам навалілася жаданне рагатаць – успомніў драматычныя падзеі, якія разгарнуліся некалі ў мансардзе пасля прыкладна вось такой Монінай фразы. Не ведаю, як мне тады ўдалося стрымацца. Але калі апынуўся нарэшце са сваёй фатаграфіяй на вуліцы, мяне разабраў шалёны смех, нягледзячы на тое, што наўкола было шмат людзей. Яны напэўна думалі, што я з’ехаў з глузду, але я не мог ніяк стрымацца. Хвілін з дзесяць я блукаў паміж дамамі і рагатаў, трымаючыся за жывот. Таму што перед вачыма маляўніча стаяла жудасная карціна – Моня, труна з нябожчыцай і страшная мансарда…


  • Мы в социальных сетях: