Наверх

СМІ ў гады Вялікай Айчыннай вайны

16.07.2014 532 Наш край

Упэўнены: СМІ ў Інтэрнэце ніколі не змогуць замяніць друкаваныя выданні. Больш таго: напрыклад,  асаблівы гонар адчуваеш, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаеш пажоўклыя ад часу газеты Вялікай Айчыннай вайны. Да цябе нібы праз рукі прыходзіць святое пачуццё памяці і ўдзячнасці нашым дзядулям і бацькам, што змагаліся за наш сённяшні шчаслівы дзень.

Адразу заўважу, што ў Айчынную вайну на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі выходзіла больш за 160 газет падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. А ў варожы тыл досыць  актыўна  засылаліся газеты: “Савецкая Беларусь”, “За Савецкую Беларусь”. “За свабодную Беларусь”. Асаблівым поспехам карысталіся газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну” і сатырычны лісток “Партызанская дубінка”.

Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму газеты дамагалі глыбока патрыятычным  словам змагацца з ненавіснымі захопнікамі. Ужо з канца 1941 года падпольшчыкі выпускалі лістоўкі і бюлетэні – пераважна на пішучых машынках ці самаробных друкарскіх станках. А ў снежні 1941 г. Мінскі падпольны гарком КП(б)Б стварыў першую ў сталіцы нелегальную друкарню, якая выпускала перыядычны лісток “Вестник Родины”. На пішучай машынцы і гектографе з красавіка 1942 г. Магілёўская падпольная арганізацыя “Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі” выдавала газету “За Родину”. У маі надзвычай цяжкага 1942 г. выйшаў першы нумар газеты “Звязда” – орган Мінскага падпольнага гаркома КП(б)Б, у якім былі змешчаны перадавы артыкул “Шырэй партызанскую барацьбу!”, заклік  Якуба Коласа да беларускага народа. У прыфрантавой паласе з чэрвеня 1942 г. выдавалася газета “Віцебскі рабочы”.

15 снежня 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 – студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У Маскве быў наладжаны выпуск партатыўных друкарскіх машын, якія па заданні ЦК сканструяваў механік фабрыкі “Палесдрук” Ф. Пільціенка. І ў ліку першых пачалі выходзіць клічаўскі “Голас партызана”, “Бобруйский партизан”, “Большевистская правда» – орган  партызанскай брыгады “Дзядзькі Колі” Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што ў 1942 – 43 гг. быў наладжаны выпуск ажно 134 газет.

У тыле ворага выдаваліся газеты “Чырвоная змена”, баранавіцкая “Чырвоная звязда”, брэсцкая “Заря”, “Гомельская праўда”, магілёўская “За Радзіму”. Мазырская “Бальшавік Палесся”, пінская “Палеская праўда”, сенненская “Бальшавіцкая трыбуна”, брэсцкая “За родину”, слонімская “Барацьба”.  У ваенных СМІ  змяшчалімя творы Янкі Купалы ( “Беларускім партызанам”, “Зноў будзем шчасце мець і волю”), Якуба Коласа “Адпомсцім”, “На абарону”, “Душою і сэрцам мы з вамі, героі, “Фашысцкім бандытам”), П.Броўкі, К.Крапівы, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Астрэйкі, П.Глебкі  і інш. Аўтараў.  Цэлы зборнік вершаў А.Астрэйкі  “Слуцкі пояс” у 1943 г. быў выдадзены ў друкарні слуцкай газеты “ Народны мсцівец”. Актыўна змяшчаліся ў газетах ваеннага часу партызанскія песні, прыпеўкі, фельетоны, сцэнарыі партызанскай мастацкай самадзейнасці, малюнкі баявых эпізодаў і даваеннага жыцця, партрэты народных мсціўцаў.

А першы беларускі часопіс “Народный мститель” быў выдадзены 208-м партызанскім атрадам імя І.В.Сталіна яшчэ ў лютым 1942 г.  Сярод найбольш працяглых выданнях можна  адначыць:  кіраўскі “Кіравец”, гомельскі “Альманах партизанского творчества”, бешанковіцкую газету  “За Савецкую Беларусь”, бярэзінскую – “Путь партизана”.

Сатырычнае выданне “Раздавім фашысцкую гадзіну” выходзіла  на беларускай мове ў Гомелі, Навабеліцы, Мінску з сакавіка 1942 да мая 1945 г. (да студзеня 1942 г. на рускай мове). Выдавалася  і як агітплакат, і як газета-плакат, і як сатырычны часопіс. Рэдактарамі выдання былі  М.Чавускі (1941- 43)  і К.Крапіва (1943-45). І менавіта гэтае сатырычнае выданне стала бацькам рэспубліканскага часопіса “Вожык”, які пачаў выдавацца ў Мінску са жніўня 1945 г.

Чытаючы ваенныя СМІ, адчуваеш і напружанае гучанне друкаванага радка, і тонкуі сплаў палымянай публіцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці аўтараў матэрыялаў. Мы  яскрава бачым, што ўвесь свій талент аўтары скіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан на рашучую барацьбу, уславіць мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, асудзіць маладушнасць і здраду. А галоўнае – упэніць веру людзей ў непазбежную перамогу над фашызмам – чумой не толькі ХХ стагоддзя, але і нават сучаснага жыцця.



  • Мы в социальных сетях: