Наверх

Службовы раман

10.01.2014 345 Наш край
У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя на рынку нашага горада ўсё яшчэ раздаваліся галасы інвалідаў, якія прапаноўвалі людзям дрожджы, ліст лаўровы, перац, іншыя дробязі.

 
– Лісту-перцу! Лісту-перцу! – чулася тут і там. 
 
Камандавала тады ўсімі гэтымі «прадпрымальнікамі» былая палкоўнічыха Луша – невысокая хударлявая жанчына з пабітым воспай тварам і шызым носам – панавалі чуткі, што яна магла выпіць спірту-дэнатурату больш за любога мужчыну. Так яно і было. Я неяк выпадкова, памятаю, сам стаў сведкам адной дзівоснай карціны ў нейкім магазіне. 
 
Прадавец пацікавіўся ў Лушы, колькі яна можа адразу выпіць дэнатурату, не прыкусваючы. 
 
– Бутэльку, – адказала ўпэўнена Луша.
 
– Ну дык давай, пакажы нам – а мы дадзім табе тую бутэльку дарэмна.
 
Прапанавалі жанчыне шклянку. Луша напоўніла яе, асушыла, выцерлася рукавом і стаіць, моўчкі пазірае. Мы, сведкі, пераглянуліся, прыціхлі, чакаем, што будзе далей.
 Прайшло некалькі хвілін. Луша наліла другую шклянку, зноў выпіла, зноў выцерлася рукавом. Астатняе, што крыху засталося ў бутэльцы, закаркавала пробкай і накіравалася да выхаду. 
 
Жыла Луша ў мансардзе насупраць стадыёна «Лакаматыў» на пару са сваім сужыцелем, чалавекам вельмі пакалечаным вайной. Іх часцяком бачылі на вуліцах горада разам – спераду шпацыравала Луша, а за ёй, на мыліцах, пакульгваў яе чалавек. Праўда, шчасце Лушы цягнулася нядоўга. Праз некалькі месяцаў сужыцель яе памёр. На пахаванне сабралася ўся інвалідская братэрня з Баранавічаў, Івацэвічаў, Ляхавічаў. Паставілі ў хаце труну з нябожчыкам і тут жа пачалі яго памінаць. Памінкі цягнуліся вечар, усю ноч, да абеда наступнага дня. 
 
Павезлі нябожчыка на могілкі. Паставілі труну на нейкую тачку з адной аглобляй, і пахавальная працэсія рушыла ў дарогу. Тады хадзілі яшчэ пехатой. На працягу некалькіх кварталаў да вуліцы Куйбышава, я асабіста падлічыў, труну чатыры разы ўпускалі на зямлю – і кіроўцы, якія валаклі тачку, і ўсе праважатыя былі нецвярозымі. Іх моцна хістала ў розныя бакі. А паколькі сярод іх знаходзілася шмат пакалечаных людзей, не трэба і гаварыць, якое шчымлівае было тое відовішча.
 
Назаўтра па хрысціянскаму звычаю Луша пайшла на могілкі – «будзіць» нябожчыка. Паглядзела на яго сціплую магілку, з якой узвышаўся толькі крыж, зірнула на суседнюю, якая патанула пад гарой вянкоў і дэкаратыўных кошыкаў з кветкамі, і засумавала, маўляў, не па-чалавечы ж гэтак. Сабрала вянкі з другой магілы, пералажыла на сваю, выпіла што было і завалілася спаць – у гэтыя ж самыя вянкі…
 
Тым часам побач з магілай былога Лушынага сужыцеля нечакана з’явілася пара людзей – ён і яна. Ён разаслаў на зямлі свой пінжак, вельмі тады модны, бастонавы, паставіў бутэльку каньяку, шпроты, палажыў шакалад, дзве шкляначкі. Прыселі яны на імправізаваны абрус, і кавалер пачаў разліваць. Луша, якую нават не разбудзіў бы і выбух снарада, пачула знаёмае бульканне! 
 
Прыўстала яна, глянула, што побач знаходзіцца толькі дзве шклянкі, і з крыўдай кажа: «А мне?»
 
У гэты момант нібы ўдар грому абрушыўся на тых каханкаў – у адно імгненне зніклі яны ў невядомым накірунку. А Луша тым часам вылезла з-пад рознакаляровых вянкоў, села, выпіла ўсё, што паслаў бог, накінула на плечы пінжак, забыты ў паніцы незнаёмцам, і пайшла да хаты. Падыйшла да скрыжавання вуліц Куйбышава і Камсамольскай, дзе ў тыя часы знаходзіўся пост міліцыянера.
 
– Луша, а дзе ты ўкрала такі дзівосны пінжак? – запытаўся чалавек у пагонах.
 
– Я не крала яго, а знайшла.
 
– Як не крала? Гэта ж новы пінжак!
 
– Вось прыстаў, як банны ліст… Не крала, кажу табе…
 
Паставы Лушу – за локаць, адвёў ў аддзяленне міліцыі. Дзяжурны адразу ж дастаў з унутранай кішэні пінжака дакументы і… не ведае што рабіць. Прозвішча чалавека там аказалася такое, што добра было вядома кожнаму гаражаніну! Расхваляваўся такой неспадзяванкай дзяжурны і дапусціў цяжкую памылку. Тэлефануе ў гарком і паведамляе, што, маўляў, знайшлася вопратка такога-та чалавека. Там адразу ж гэтую навіну падхапілі і пачалі распрацоўваць. Правялі следства і лёгка вылічылі жанчыну, якая была на могілках з нашым героем. І пачаліся, як кажуць сёння, разборкі. 
 
У выніку дзве сям’і разваліліся, і тыя людзі былі вымушаны кінуць сваю працу і пераехаць у іншыя гарады. Праўда, потым пайшла па нашым горадзе пагалоска, што капітан міліцыі, які дзяжурыў у той день і тэлефанаваў у гаркам, у хуткім часе аказаўся на вуліцы з воўчым білетам. Паколькі яго не бралі на працу ні ў адну ўстанову, ён вымушаны быў займацца пошукам выпадковых заробкаў. 
 
А што Луша? Яна з той пары пачала называць сябе няштатным супрацоўнікам міліцыі…


  • Мы в социальных сетях: