Наверх

Слухаў на два вухі, альбо Мая твая не разуме

06.09.2012 413 Наш край

Ёсць такія «шчаслівыя» людзі, што дзе б яны не павярнуліся, у якой бы кампаніі не апынуліся, калі б не разявілі рот – адразу ж вакол іх узнікае напружанасць, непрыязнасць, скандал. Такіх трэба, безумоўна,  выкрываць, хаця гэта справа клапотная, бо выклікае абурэнне тых самых скандалістаў і пагрозы нязгодным з імі…

Можна, вядома, выкарыстаць у такім выпадку алегорыю, як у байцы, назваўшы скандаліста мядзведзем, ваўком ці хаця б бабром. І хай тады крыўдуюць і абураюцца мядзведзь, воўк ці той жа бабёр – вам ад гэтага ні холадна ні горача.

Але ў нашым выпадку алегорыяй ніяк не заменіш імя Сяргея Гоўшы, які ў якасці назіральніка часцяком наведвае акруговую выбарчую камісію Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5. Хай бы сядзеў сабе пад шыльдачкай «назіральнік» і назіраў, дык не – адчувае ён тут сябе, мусіць,  своеасаблівым панком з неабмежаванай уладай. 

Вось захацелася Сяргею Канстанцінавічу паглядзець пратакол № 1 пасяджэння акруговай камісіі, у якім, на яго думку, былі некаторыя «неадпаведнасці». Аднак старшыня камісіі Таццяна Латышава адмовіла яму ў гэтым, прачытаўшы артыкул 13 з Выбарчага кодэкса, дзе пералічаны правы назіральніка,  і ў адпаведнасці з якім Сяргей Канстанцінавіч не мае права патрабаваць пратакол.

 І так некалькі разоў: ён просіць – яна не паказвае пратакол. Пасля чаго, мусіць, у галаве пакрыўджанага назіральніка і ўзніклі думкі: «Я пад бабамі ніколі не хадзіў і хадзіць не буду. Іх справа быць каля печы без адрыву ад гаршка. А мая справа назіраць, а не давяраць бабам, якія разводзяць
тут перада мной усялякія глупствы…»

Пасля чаго Сяргей Гоўша паступіў зусім не як назіральнік ці абаронца законнасці, без якога ніякага парадку не будзе ў нашай сярмяжнай Беларусі. Бо скончылася спрэчка такімі словамі ўзрушанага і пачырванелага Сяргея Канстанцінавіча, сказанымі ім на выхадзе з кабінета, дзе знаходзіліся члены акруговай камісіі, што ў апошніх не было ніякіх сумненняў у чыста славянскім паходжанні тых слоў: «А пашлі вы ўсе…» Хаця ў адкрытым судовым пасяджэнні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні (члены акруговай камісіі падалі заяву на імя начальніка гарадскога аддзела міліцыі аб прыцягненні С. Гоўшы да адміністрацыйнай адказнасці за наўмысную абразу) Сяргей Гоўша спрабаваў даказаць, што на самой справе ён пасылаў жанчын у лазню, а не туды, куды ім пачулася, што гэта яго любімае прыслоўе – пасылаць усіх у лазню. І, намякаючы на ўзрост некаторых членаў выбарчай камісіі, Гоўша даказваў суду, што яны з-за сваёй глухаты маглі і не дачуць, маўляў, гэта слыхавыя фантазіі…

Як гаворыцца, смех у зале, бо ўсе члены акруговай выбарчай камісіі намнога маладзейшыя за пенсіянера Сяргея Гоўшу.

А яшчэ Сяргей Канстанцінавіч прадставіў суду ў якасці алібі дыктафонны запіс, які быццам бы пацвердзіць яго словы пра лазню. Аднак пасля праслухоўвання таго запісу ніхто не пачуў ні слоў пра лазню, ні слоў брыдкіх – так, нейкі шкрэгат на плёнцы. І, даючы ацэнку гэтаму дыктафоннаму запісу, суд адвёў яго як доказ, таму што запіс зроблены не так, як прадугледжана законам. Хаця задоўга да суда Гоўша дзе толькі можна нарасказваў у «незалежных» выданнях ды інтэрнэце пра гэтыя «неабвержныя» доказы на дыктафоне.

Вось і ўся гісторыя. Але гэта тут яна пераказана коратка. Суд жа доўжыўся ў два разы больш па часе, чым можна было яго правесці. Зноў жа з-за Сяргея Гоўшы, які, аказваецца, не ведае «расейскай» мовы і патрабаваў для сябе перакладчыка. Таму і суд пераносілі на другі час, і ход яго старонняму чалавеку бачыўся ў гумарыстычным плане: «Судья: – Разъясняю вам ваши права и обязанности в судебном заседании… Переводчик: – Тлумачу вам вашы правы і абавязкі ў судовым пасяджэнні…» Добра, што хоць не давялося запрашаць дацэнта з Акадэміі навук, а абышліся настаўнікам роднай мовы і літаратуры з гарадской школы. Вось і даводзілася слухаць як бы на два вухі, трацячы час
з-за выдурванняў Гоўшы.

Напрыканцы хочацца сказаць: «Ідзіце вы, Сяргей Канстанцінавіч…» Але каб не было двухсэнсоўнасці, як у выпадку з членамі акруговай выбарчай камісіі, адразу патлумачу, куды яму трэба ісці: у касу плаціць адміністрацыйны штраф, вызначаны судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ў памеры 15 базавых велічынь (паўтара мільёна рублёў) у даход дзяржавы. Альбо у абласны суд для абскарджвання гэтай пастановы.



  • Мы в социальных сетях: