З мэтай папулярызацыі роднай мовы 2 сакавіка ў Арабаўшчынскай базавай школе адбылася інтэлектуальная гульня «Мова родная, гучы!». Праз розныя этапы гульні вучні адчувалі асалоду, мілагучнасць і мяккасць беларускага слова. Пазакласнае мерапрыемства ў межах шостага дня тыдня садзейнічала развіццю моўнай культуры вучняў, узбагачэнню іх слоўнікавага запасу.
2 сакавіка Лаўрынавіцкая базавая школа гасцінна расчыніла дзверы для сваіх выхаванцаў на мерапрыемствы шостага школьнага дня. Дзень, як заўсёды, пачаўся з гадзіны здароўя і спорту. Тыя, хто наведаў школу ў гэты дзень, зрабілі размінку, пайгралі ў настольны тэніс і атрымалі зарад добрага настрою і бадзёрасці.
Затым пачалася работа ў аб’яднаннях па інтарэсах – «Дом лялькі» і «Настольны тэніс», дзе вучні праявілі свае творчыя і спартыўныя здольнасці.
Цікава і змястоўна ў гэты дзень прайшлі і запланаваныя мерапрыемствы. Конкурс знаўцаў гісторыі роднай зямлі «Родны край свой любі і ведай» быў праведзены з вучнямі пачатковых класаў. Мэта яго – праверка ведаў школьнікаў пра сваю Радзіму, развіццё пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей, выхаванне любві да сваёй Радзімы. Пачаткоўцы чыталі вершы, малявалі, разгадвалі загадкі, папаўнялі свой слоўнікавы запас прыказкамі і прымаўкамі.
З вучнямі сярэдняга і старэйшага звяна была праведзена гутарка «Азнаёмлены – значыць узброены». Школьнікі пазнаёміліся з рознымі аспектамі наступстваў правапарушэнняў з пункту погляду маралі і закона, вучыліся выбіраць правільную жыццёвую пазіцыю і адстойваць яе, упэўніліся, што быць законапаслухмяным грамадзянінам – гэта грамадзянскі доўг кожнага.
Праводзілася работа і з бацькамі вучняў. Гуз М.М., адказны за абарону правоў і інтарэсаў непаўнагадовых, правёў з імі гутарку-перасцярогу «Работа органаў унутраных спраў з абавязанымі асобамі».
Шосты школьны дзень скончыўся, наперадзе – вучэбны тыдзень. Няхай ён будзе плённым для вучняў і настаўнікаў.