Працую ў школе выхавацелем. Кабінет групы падоўжанага дня размешчаны на першым паверсе, а вокны глядзяць на школьны стадыён. Пастаянна мы назіраем за птушкамі – гэта цікава. Прылятаюць яны смачна паесці.
Насупраць акна растуць дубы. На галінках развешаны кармушкі. У кармушкі мы падсыпаем белы хлеб, розныя крупы, на сучкі вешаем свежае сала. І калі злятаюцца птушкі, пачынаецца сапраўдны птушыны базар. Тут збіраюцца стракатыя сойкі, вераб’і, сінічкі, снегіры.
Дарагімі гасцямі стала для нас парка дзятлаў. Яны прылятаюць не першы год. Вельмі любяць ласавацца свежым салам. А якое прыгожае ў іх адзенне! Чырвоныя плямачкі на галаве і пад хвосцікам – проста цуд.
Жыву я ў шматпавярховым доме, дзе ёсць балкон з вокнамі. За акно вешаю кавалачкі сала. І што вы думаеце? Госць тут як тут. Зблізку назіраю за ім. Дзяцел смачна ласуецца салам. Раптам і сінічкі яго атакуюць. Але не даецца ён. Гаспадар! Клюе і заглядвае ў акно. Мабыць, хоча пазнаёміцца.
Назіраць за гэтым так цікава, што большага шчасця, здаецца, і не трэба.