Наверх

Праваднiкi Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі ўдзельнічаюць у спаборніцтве на званне лепшай моладзевай брыгады

19.08.2015 414 Наш край
Фота з архіва Анастасіі МАЛЕЙКА
Фота з архіва Анастасіі МАЛЕЙКА

Актыўныя і працаздольныя, таленавітыя і працавітыя, а самае галоўнае – маладыя і поўныя сілаў для грандыёзных здзяйсненняў. Гэта ўсё з лёгкасцю можна сказаць пра брыгаду цягніка № 611/612 па накірунку Баранавічы–Віцебск Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Праваднікі гэтай брыгады ўдзельнічаюць у спаборніцтве на званне «Лепшая моладзевая брыгада Беларускай чыгункі» у 2015 годзе.

– Брыгаду цягніка Баранавічы–Віцебск мы сфарміравалі з самых актыўных праваднікоў, яны ў нас і па працоўнай дысцыпліне лепшыя, і ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, займаюцца спортам, – распавядае намеснік начальніка Баранавіцкага вагоннага ўчастка Беларускай чыгункі Ганна Манько.

Начальнік цягніка і натхняльнік брыгады Вольга Жагун працуе на чыгунцы з 2008 года і мае дзве вышэйшыя адукацыі: псіхолага-педагагічную і чыгуначную па спецыяльнасці «Рухомы склад чыгуначнага транспарту». Вольга Жагун карыстаецца аўтарытэтам у сваіх падначаленых: галоўным у паспяховай і камфортнай працы праваднікі, не змаўляючыся, называюць лёгкі характар начальніка цягніка Вольгі Жагун і яе правільнае кіраванне калектывам. Кіраўніцтва характарызуе Вольгу як справядлівага і адказнага начальніка.

Маладыя праваднікі не сядзяць на месцы, а развіваюцца па ўсіх напрамках. Анастасія Малейка скончыла Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту, адпрацавала 2 гады па размеркаванні і засталася на прадпрыемстве працаваць далей. Без Насцінага ўдзелу не абыходзіцца ні адзін конкурс ці святочнае мерапрыемства: «Каханне з першага погляду», «Цягнік перамогі», удзел у КВЗ у складзе каманды аддзялення «Клуб вясёлых чыгуначнікаў».

Анастасія выступае на святочных канцэртах. Дзяўчына заняла 2-е месца ў конкурсе «Міс сталёвая магістраль» па Баранавіцкаму аддзяленню дарогі, а ў кастрычніку едзе пакараць рэспубліканскае журы. Як бачыце, не толькі актывістка, але і чароўная прыгажуня.

Ілля Венцэль працуе зусім нядаўна пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту. Ілля жыве спортам, але перавагу аддае футболу, займаецца валанцёрскай працай – дапамагае ветэранам. І час яшчэ застаецца на вучобу: параіўшыся з начальнікам цягніка, Ілля паступіў у БелДУТ на такую ж спецыяльнасць, што і Вольга Жагун.

Кацярына Радзівановіч аддала сваё сэрца спорту: лёгкай атлетыцы і зусім не жаночаму боксу. Вольга Новікава таксама займаецца спортам.

– У валейбол гуляць ў Вольгі атрымліваецца лепш за ўсё, – каментуе старшыня прафкама Баранавіцкага вагоннага ўчастка Беларускай чыгункі Аляксандр Несмяянаў, – вельмі моцныя ў яе падачы, нават мужчыны іх не бяруць!

Анастасія Ларкова – чэмпіёнка па бегу на кароткія дыстанцыі ў Баранавіцкім аддзяленні дарогі. Удзельнічала ў складзе каманды аддзялення ў турыстычным міжнародным злёце ў Літве, дзе каманда заняла першае месца сярод 10 чыгуначных каманд. Насця не толькі спартсменка, але яшчэ адна тытулаваная прыгажуня – «Міс сімпатыя» ў конкурсе аддзялення «Міс сталёвая магістраль».

Пераможцамі конкурса стануць таленавітыя маладыя людзі, не толькі актыўныя ў грамадскім жыцці, але і тыя, каму ўдаецца апярэдзіць астатнія моладзевыя брыгады ў працоўнай дысцыпліне, адсутнасці скаргаў і наяўнасці падзяк, валанцёрскай дапамозе ветэранам, навядзенні грамадскага парадку сумесна з аддзелам унутраных спраў у складзе добраахвотнай дружыны. Брыгада за сваю дзейнасць атрымлівае балы, і ў лютым 2016 мы ўбачым вынік.

А рэдакцыя газеты разам з чытачамі буду хварэць душой за баранавіцкіх праваднікоў.

Вольга КАВАЛЬКО.



  • Мы в социальных сетях: