Наверх

Прафесар з Шавялёў

15.12.2012 357 Наш край

Вучоны-юрыст, старшыня каардынацыйнага савета Беларускага інстытута правазнаўства Сцяпан Фёдаравіч Сокал адзначыў сваё  70-годдзе. Ён нарадзіўся ў вёсцы Шавялі Ляхавіцкага раёна 13 снежня 1942 года ў сялянскай сям’і. Яго бацькі імкнуліся даць адзінаму сыну вышэйшую адукацыю і, вядома, не думалі, што ён некалі стане прафесарам, доктарам юрыдычных навук.

Сярэднюю школу Сцяпан Сокал скончыў у Баранавічах у 1959 годзе і лічыць гэты горад сваім родным. Праз чатыры гады паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе паказаў сябе здольным да навукі студэнтам.

Пасля заканчэння вучобы выпускніка БДУ накіравалі на работу памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Адначасова Сцяпан Фёдаравіч завочна вучыцца ў аспірантуры Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. У 1972 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофскіх навук. Пазней Сцяпан Фёдаравіч працаваў на кафедры філасофіі Мінскага радыётэхнічнага інстытута, затым – інспектарам Міністэрства адукацыі БССР.

Для ўмацавання юрыдычнага факультэта, створанага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Сцяпана Сокала запрасілі на работу ў якасці дэкана гэтага факультэта, дзе ён адначасова займаў пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

У хуткім часе Сцяпан Фёдаравіч Сокал абараніў доктарскую дысертацыю, яму прысвоілі вучонае званне прафесара ў галіне права, выбралі на пасаду старшыні
Саюза юрыстаў рэспублікі.

Па ініцыятыве прафесара Сокала ў снежні 1990 года была заснавана Мінская вышэйшая юрыдычная школа, пазней ператвораная ў Беларускі інстытут правазнаўства, які Сцяпан Фёдаравіч і ўзначаліў.

Пасля таго, як Беларусь набыла самастойнасць і стала ўводзіць рыначныя адносіны, з’явілася патрэба ў падрыхтоўцы спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць па-новаму. Дзеля гэтага былі адкрыты новыя факультэты, кафедры, а таксама шэраг рэгіянальных філіялаў. Так, у 1993 годзе ў Баранавічах з’явіўся факультэт, які пачаў падрыхтоўку спецыялістаў у галіне юрыспрудэнцыі. Затым на яго базе з’явіўся філіял, для якога, дзякуючы намаганням прафесара Сокала, быў пабудаваны вучэбны корпус. Калі ў нашым горадзе быў адчынены ўніверсітэт, то філіял Беларускага інстытута правазнаўства перайшоў у яго склад.

Прафесар С.Ф. Сокал –  аўтар больш за 100 навуковых работ па праблемах тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, гісторыі палітычных вучэнняў.

У сувязі з юбілейнай датай зычым нашаму знакамітаму земляку моцнага здароў’я, бадзёрасці духа і творчых поспехаў у падрыхтоўцы будучых высокаадукаваных спецыялістаў.



  • Мы в социальных сетях: