Наверх

Поле памяці

02.09.2012 460 Наш край

Як вядома, заўтра ў раённым цэнтры Глыбокае Віцебскай вобласці пройдуць урачыстасці, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. 

З 1994 года гэта вялікае дзяржаўнае свята заўсёды адбываецца ў першую нядзелю верасня, і так званай сталіцай яго штогод становіцца новы горад. Васемнаццаць год назад – упершыню – Дзень беларускага пісьменства прайшоў у духоўным сэрцы Беларусі – горадзе Полацку, з якога, дарэчы, усё-усё на нашай роднай зямельцы пачыналася.  Потым – у Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўлі, Мсціслаўлі, Міры, Камянцы, Паставах…

Сёння – Глыбокае.

Але дзе б, у якім месцы б не адзначалася свята, за пяць дзён да яго пачатку праз Баранавіцкі раён абавязкова праходзіцць экспедыцыя пад назвай «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Вядома, гэта не выпадкова. Таму трошкі гісторыі.

…Ішоў 1983 год. Дарога, на якой у сераду 29 жніўня раніцай мы сустракалі аўтобус з экспедыцыяй з Мінска (я – упершыню, а іншыя людзі не першы раз), тады яшчэ будавалася. Пясок з гравіем для ўкладкі пад бетон самазвалы прывозілі з бліжэйшага поля, з-пад вёскі Загор’е.

У час Першай сусветнай вайны як раз тут праходзіла лінія фронту, і ў выніку жорсткіх баёў немцаў з расійскай арміяй палягло шмат салдат. Тады ж немцы прымянілі ядавіты газ. Вецер дзьмуў у гэты бок, а разам з ветрам нізка над зямлёй рушыўся цяжкі хлор. Тысячы хлопцаў у ваеннай вопратцы засталіся тут. «Гэта сапраўды святая зямля», – сказаў мне Іван Іванавіч Лычкоўскі, гісторык, былы дырэктар, а сёння проста настаўнік Сталовіцкай школы, які разам з усімі чакаў экспедыцыю на трасе.

Калі экскаватар капаў зямлю, раптам нешта бліснула ў каўшы з пяском. Падыйшлі, паглядзелі: гэта ж ікона! Выкананая ў метале, яна з’яўлялася вобразам Пакрову Прасвятой Багародзіцы. 

Нязменны натхняльнік і кіраўнік экспедыцыі, наша вядомая зямлячка, заслужаны работнік культуры рэспублікі, паэтэса і журналіст Ніна Сямёнаўна Загорская ўпэўнена: святыня з’явілася як перасцярога. «Сама Маці Божая прыйшла да нас, каб нас наставіць на розум!» – гаворыць Ніна Сямёнаўна. 

…Гэтыя простыя людзі, якія так радасна, душэўна сустракаюць экспедыцыю з лампадай, усё разумеюць. Храмы ў час знаходжання пачэсных гасцей запаўняюцца колькі мажліва. Так было і ў Лясной, і Моўчадзі. Пасля заканчэння малебнаў, запальваючы свае свечкі ад лампадкі з Благадатным агнём, жанчыны і мужчыны ўсіх ўзростаў вельмі хочуць данесці полымя да дому. Хоць і ведаюць, што свечку можна проста апаліць – святло Благадатнага агню ад гэтага захаваецца.



  • Мы в социальных сетях: