Імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Архіпава добра вядома многім жыхарам Баранавіцкага краю.
Ён нарадзіўся ў 1924 годзе ў горадзе Балагое (паміж Ленінградам і Масквой) у сям’і чыгуначніка. Хлопчык рана страціў бацькоў. У дзяцінстве яго апорай былі цётка, сястра і старэйшыя браты.
У 17-гадовым узросце, прыпісаўшы сабе адзін год, юнак паступіў у Кемераўскае ваеннае пяхотнае вучылішча. Але скончыць яго Сяргею не давялося – у 1942 годзе ў шэрагу курсантаўдабравольцаў Архіпаў адправіўся на фронт. Баявое хрышчэнне ён прыняў на Курскай дузе, дзе і атрымаў першае раненне. Потым, падчас напружаных баёў, ён перанёс яшчэ два сур’ёзныя раненні, але па-ранейшаму заставаўся ў страі.
У якасці разведчыка Сяргей Аляксандравіч ваяваў на Варонежскім, Цэнтральным, I Беларускім і І Украінскім франтах. Удзельнічаў у вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў шэрагу беларускіх гарадоў, у тым ліку Баранавічаў, а таксама Рыгі, Кіева, гарадоў Польшчы.
Канец Вялікай Айчыннай сяржант Архіпаў сустрэў на Эльбе – кавалерам ордэна чырвонай Зоркі і трох медалёў «За адвагу».
…Нястрымна бяжыць час, з кожным годам радзее строй ветэранаў вайны. Сяргей Аляксандравіч Архіпаў адзін з жывых сведкаў і непасрэдных удзельнікаў вызвалення нашага горада ад фашысцкіх акупантаў. Нягледзячы на сталы ўзрост, памяць былога франтавіка дэталёва захавала падзеі таго далёкага часу.
– Да абароны горада Баранавічы, які ўяўляў сабой важны чыгуначны вузел і прыкрываў напрамкі на Брэст і Беласток, праціўнік рыхтаваўся вельмі старанна, – успамінае Сяргей Аляксандравіч. – За 20 кіламетраў на заходнім беразе ракі Ведзьмы немцы наладзілі першы абарончы рубеж, другі праходзіў на заходнім беразе Шчары, трэці – на ўскраінах самога горада: былі вырыты траншэі ў поўны профіль, вораг узвёў розныя драўляназемляныя і жалезабетонныя агнявыя кропкі.
Страціўшы абарончы рубеж на беразе Шчары, нямецкія захопнікі адыходзілі на Баранавічы. Яны літаральна чапляліся за кожны населены пункт і лясныя масівы.
Да ночы 8 ліпеня наступаючыя савецкія часткі падышлі да ўскраін горада. Камандаючы 65-й арміі аддаў загад штурмаваць Баранавічы адразу, без перапынку. Першымі ішлі разведчыкі, у тым ліку і разведпадраздзяленні нашага 75-га стралковага палка. У групе, якой камандаваў я, было восем чалавек (2 з іх – радысты), амаль усе чыгуначнікі ў мінулым. Задача – не-прыкметна прасачыцца ў горад з усіх напрамкаў і разведаць для штаба дывізіі ўсё пра абарону ворага: колькасць яго жывой сілы і тэхнікі, агнявыя кропкі і г. д. Гэта – па-першае. А па-другое, не дапусціць, каб адступаючыя фашысты знішчылі чыгуначныя станцыі, паравознае і вагоннае дэпо, іншыя аб’екты чыгункі. І з гэтай задачай мы паспяхова справіліся.
Штурм горада пачаўся ў тры га-дзіны. Бой у цэнтральнай частцы Баранавіч быў непрацяглы, але жорсткі і гарачы. Савецкія часткі і злучэнні набралі такую хуткасць удару, што праціўнік ледзь паспеў вывесці рэшткі сваіх разбітых частак. Да чатырох гадзін раніцы Баранавічы былі ачышчаны ад захопнікаў, а злучэнні І Беларускага фронта пад камандаваннем маршала К. Ракасоўскага працягвалі паспяхова развіваць наступленне на Захад.