Наверх

Пажар як па заказу

23.07.2012 468 Наш край

У адзін з ліпеньскіх дзён 1959 года па ініцыятыве кіраўніцтва былога Радашковіцкага раёна былой Маладзечанскай вобласці праводзілася экскурсія-семінар старшынь калгасаў з наведваннем палёў і ферм шэрагу лепшых гаспадарак з мэтай азнаямлення з іх справамі, абмену вопытам работы, выяўлення недахопаў і вызначэння шляхоў іх ухілення. Удзел у гэтым мерапрыемстве прымаў і я, супрацоўнік раённай газеты «Сцяг Ільіча».

Шмат цікавага трапіла тады на нашым шляху. Але адна нечаканая падзея перакрэсліла сабой прыемныя ўражанні экскурсантаў.

…Стаяла летняя спёка – вельмі небяспечная ў пажарных адносінах пара, а ў калгасе «Новае жыццё», па тэрыторыі якога таксама пралягаў экскурсійны маршрут, у большасці паляводчых брыгад не давялося ўбачыць ніякага супрацьпажарнага інвентару, не кажучы ўжо пра машыны. Нават пажарны бусак быў вялікай рэдкасцю. Калі ж дзесьці і трапляўся на вочы які-небудзь супрацьпажарны інвентар, дык ён аказваўся сапсаваным…

У такую гарачыню мог узнік-нуць і прынесці гаспадарцы вялікія страты пажар. Калі  ўдзельнікі семінара звярнулі на гэта ўвагу старшыні калгаса, той, спадзяючыся на праславутае «авось», самаўпэўнена заявіў: «Такога не здарыцца».  Але…

Не прайшло і паўгадзіны пасля сказанага ім, пакуль мы дабіраліся з вёскі Ласі ў вёску Уша, як над апошняй паказаўся дым. У вёсцы Уша гарэла ільносушыльня. І мы нечакана трапілі … на пажар, які ўзнік, як па заказу, у якасці сваеасаблівага нагляднага дапаможніка на тым семінары. І тушыць пажар не было чым.

Згарэў дарагі на той час ільноапрацоўчы агрэгат «ТЛ-40». Яго можна было б уратаваць ад агню, але на замацаваным за агрэгатам трактары не было буксіровачнага троса. Ды і пажар бы не ўзнік, калі б тэхніку абслугоўвалі вопытныя, а не выпадковыя людзі.

Удзельнікам таго семінара, найперш старшыні таго калгаса, быў дадзены наглядны ўрок, да чаго прыводзіць ігнараванне супрацьпажарных правілаў. Тут было ўжо не да смеху і астатнім кіраўнікам гаспадарак, якія міжволі аказаліся сведкамі гэтага пажару і таксама маглі аднойчы аказацца ў такім жа незайздросным становішчы. Яны наглядна пераканаліся ў тым, да чаго можа прывесці самаўпэўненая нядбайнасць.

Павучальным быў той семінар. І сённяшнім нашым гаспадарнікам не лішне напомніць пра гэта.



  • Мы в социальных сетях: