Наверх

Няма ракі без вытоку

12.10.2013 431 Наш край

У Паўліка вельмі дрэнная мама. Праўда, усе яе хваляць: прыгожая, добрая гаспадыня, вельмі акуратная і беражлівая. Але Паўлік лічыць, што гэта не так.

З раніцы да вечара толькі і чуеш ад яе: «вымый рукі», «не калупай у носе», «не лайся брыдкімі словамі», «не можна смяяцца з калекі», «не ламі дрэўцы» і гэтак далей. Вечарам тое самае: «выключы тэлевізар», «вучы урокі», «не гуляй позна на вуліцы». Вельмі ён крыўдаваў на маці, калі тая, пасылаючы ў магазін, давала грошы толькі на хлеб і малако, а на цукеркі выдзяляла рэдка, а яму хацелася яшчэ і цыгарэты купіць, каб перад хлопцамі пахваліцца. Але дзе там! Не разумела маці хлопца, не давала яму волі. А ён марыў: вось бы пажыць без маці, але не ў сваёй вёсцы, бо тут няма нічога цікавага. І Паўлік вырашыў адправіцца падарожнічаць, каб пакінуць сваю надаедлівую маці, старую вёску, каб пабачыць казачны свет далёкіх краін ды пажыць па-чалавечы.

Узяў свой ранец, палажыў у яго хлеб і да хлеба, прыхапіў грошай і пайшоў у свет белы. Ішоў пешшу, пад’язджаў аўтобусамі і машынамі, плыў на караблі па моры, нават самалётам ляцеў. Адразу купіў столькі цукерак, што і ў кішэні не змясціліся. Купіў і пачак цыгарэт. Ад курэння аж галава кружылася. Хутка надакучылі і цыгарэты, і цукеркі. А калі прыціснуў голад, то ўспомніў пра хлеб і зразумеў, што хлеб, як вучыла маці, важней за цукеркі.

Час хутка ідзе. Паўлік стаў юнаком. Многае ўдалося яму пабачыць на свеце. Спачатку рэдка ўспамінаў маці і родную вёску. А потым стаў за сабой заўважаць, што калі плыў па моры, дык думаў: вось бы мама ўбачыла такую прыгажосць. Калі глядзеў на пальмы, то разважаў, што нашы бярозы і клёны прыгажэйшыя. Рамонак і валошка з родных палеткаў яму здаваліся больш прывабнымі, чым заморскія яркія кветкі з едкім пахам. Калі сустракаў мурзатых дзяцей, то думаў: куды глядзяць іх маці. А за сабой заўважаў, што ўжо даўно не курыць, бо зразумеў, што гэта атрута; ведае цану хлеба, які, як і матцы, даставаўся яму цяжка. Хлопец ніколі не лаяўся брыдкімі словамі, асабліва не прыплятаў да лаянкі слова «маці», бо помніў словы сваёй матулі: «Бог не даруе лаянкі, бо ты лаеш маці – Багародзіцу, маці – зямлю і сваю родную маці». Не мог праціснуцца наперад пажылога чалавека, не мог не прапанаваць яму сваё месца ў аўтобусе. Калі бачыў старую жанчыну, то спяшаўся ёй дапамагчы, думаючы: а раптам нехта яго маці не дапаможа?

Сяброў у Паўла было шмат. Яны не заўсёды вялі сябе прыстойна, а ён адчуваў няёмкасць за іх паводзіны. Не раз у Паўла з’яўлялася думка: чаму іх вучылі іх
маці? І раптам у сэрца кальнула: ён зразумеў, што ўсё добрае ў ім ад маці. А чаму ён тут, на чужыне, калі ў яго добрая маці, калі ў яго цудоўная радзіма? Юнак зразумеў, што ні адзін сябар не заменіць маці – самага блізкага і роднага чалавека. «Мама мая самая лепшая, самая разумная з усіх жанчын. Я вельмі пакрыўдзіў яе. І людзі ў нашай вёсцы добразычлівыя, працавітыя. Там і трава больш мяккая і шаўкавістая, і неба сінейшае, і сонца свеціць ярчэй», – думаў Павел. Цяпер кожную ноч яму сніліся родныя палеткі, лясныя палянкі, дзе ў дзяцінстве збіраў грыбы і ягады, родная матуля на парозе. І яго моцна пацягнула на радзіму: хацелася абняць
маці, прыціснуцца да яе і прасіць прабачэння.

Пайшоў юнак да аднаго мудрага чалавека, каб атрымаць параду: як яму цяпер быць? Мудрэц выслухаў Паўла і сказаў: «Не ўявіць мне раку без вытоку». Юнак доўга думаў над гэтымі словамі: як іх зразумець? І раптам здагадаўся: рака мае выток і чалавечае жыццё таксама мае выток. Выток жыцця – гэта маці і радзіма. Без вытоку няма ракі, без маці і радзімы – чалавека. Цяпер Павел ведаў, чаго яму не хапала тут, на чужбіне, адчуваць сябе шчаслівым: побач не было маці і далёка была радзіма.

Ён хуценька пачаў збірацца ў дарогу.



  • Мы в социальных сетях: