Наверх

Новы праект “Нк” – “Пераможны год”

23.01.2015 0 305 Наш край

IMG_88159 мая 1945 года стала, бадай, самай светлай і памятнай датай сучаснасці. Нашы бацькі і дзяды, матулі і бабулі рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб наблізіць гэты дзень. Тыя часы, калі вайна ад нашых мясцін пакацілася на захад, падрабязна адлюстравалі калегі­журналісты пасляваеннай баранавіцкай газеты «Чырвоная звязда» – папярэдніцы «Нашага краю».

Мінула 70 год, але тагачасныя газетныя артыкулы ў самых малых падрабязнасцях захавалі памяць пераможнага 1945! Давайце іх разам пачытаем – цікава ж, якія падзеі тады адбываліся ў нашым краі, як чакалі Перамогу землякі. Вернемся назад, і далёкае мінулае нечакана наблізіцца да нас ушчыльную. Гэтым артыкулам мы пачынаем творчы праект «Пераможны год», прысвечаны 70­-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

САМА ГІСТОРЫЯ ГАВОРЫЦЬ

Да дня перамогі заставалася фактычна чатыры месяцы. Яшчэ гэтыя два словы – дзень і перамога – пісаліся з малой літары, і не толькі ў «Чырвонай звяздзе». Высокі кошт народнага подзвігу пазней прынёс папраўкі ў правапіс, зрабіўшы яго Днём Перамогі.

Першы нумар «Чырвонай звязды» 1945 года выйшаў 1 студзеня з такой вось, як гавораць журналісты, «шапкай» на першай старонцы: «З Новым пабеданосным годам, таварышы!» (цытуючы газету, захоўваем тагачас­ ны правапіс, – аўт.).

У перадавым артыкуле «Да новых перамог!» чытаем: «Сёння, у дзень наступаючага 1945 года, совецкія людзі з гордасцю аглядаюцца на прайшоўшы год гістарычных перамог над дзікімі ордамі нямецка­фашысцкіх захопнікаў… Кіруемая Вярхоўным Галоўнакамандуючым Маршалам Совецкага Саюза таварышам Сталіным Чырвоная Армія ў прайшоўшым годзе нанесла 10 сакрушальных удараў па нямецкіх войсках і адзяржала перамогі, якім рукаплешча ўвесь свет. Чырвоная Армія… выкінула акупантаў за межы совецкай зямлі, перанесла ваенныя дзеянні на тэрыторыю Германіі…

Мы ўступаем у Новы пабеданосны 1945 год. Гэта будзе год нашай поўнай перамогі. Яшчэ прадстаяць жорсткія баі і выпрабаванні. Але ўжо ясна відаць светлы сонечны дзень нашага будучага… Прыложым усе свае сілы і дапаможам нашай роднай Чырвонай Арміі выканаць яе заключную місію ў Новым 1945 годзе. З Новым пабеданосным годам, таварышы!»

УСЁ ДЛЯ ПЕРАМОГІ

Аператыўныя зводкі «Ад Совецкага Інформбюро» за 30 і 31 снежня 1944 года паведамляюць пра жорсткія баі на тэрыторыі Чэхаславакіі, Венгрыі. А працоўныя Баранавіцкай вобласці, вызваленыя ад фашысцкага рабства ў ліпені 1944 года, робяць усё магчымае для фронту і перамогі. Аб выніках гэтай працы ў артыкуле «Нашы задачы» расказвае старшыня выканкама абласнога Савета дэпутатаў працоўных П. Бандарэнка. Звярніце ўвагу – яшчэ ішла вайна, але аднаўляць разбураную гаспадарку ў нашым рэгіёне дапамагалі ўся савецкая краіна, увесь савецкі народ.

«…За прайшоўшыя пяць з паловай месяцаў тружанікі гарадоў і вёсак нашай обласці дабіліся значных поспехаў. Пушчаны ў эксплуатацыю і з дня ў дзень павялічваюць выпуск прадук­цыі 405 прамысловых прадпрыемстваў і арцелей. Яны выпусцілі прадук­цыі на суму 4 500 тысяч рублёў.

У обласці адкрыта 918 школ, у якіх навучаецца 108 тысяч дзяцей, 62 бальніцы, дзесяткі дзіцячых ясляў і другіх устаноў. Толькі ў горадзе Баранавічы адноўлена 150 будынкаў. З кожным днём тэмпы аднаўленчых работ нарастаюць.

Сялянства обласці поўнасцю выканала абавязацельствы па хлебапастаўках і акрамя гэтага здало ў фонд Чырвонай Арміі больш 300 тысяч пудоў хлеба, 200 тысяч пудоў бульбы, сотні тон мяса і другіх прадуктаў. Усю сваю работу працоўныя обласці праводзяць пад лозунгам: «Усё для фронта! Усё для канчатковай перамогі над ворагам!»

У 1945 годзе перед нашай обласцю стаяць велізарныя задачы ў справе аднаўлення разбуранай немцамі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры. Партыя, совецкі ўрад і асабіста таварыш Сталін праяўляюць штодзённа клопаты аб працоўных вызваленых ад нямецкай акупацыі раёнаў. У мінулым годзе толькі з саюзнага бюджэта на аднаўленне гаспадаркі было адпушчана больш пяці мільёнаў рублёў. У гэтым годзе дзяржава адпускае для обласці на аднаўленчыя работы больш 30 мільёнаў руб­лёў.

З дапамогай совецкай дзяржавы, вялікага рускага народа і ўсіх народаў нашай краіны мы адродзім нашу прамысловасць, сельскую гаспадарку, жывёлагадоўлю, нашы квітнеючыя гарады і вёскі». Летась адзначалі свае 70­гадовыя юбілеі швейная фабрыка і аўтаагрэгатны завод. У першым нумары «Чырвонай звязды» пераможнага года надрукаваны артыкул першага дырэктара гэтага завода Міхаіла Федзенеева «Уступаючы ў Новы год».

Канешне, спачатку гэта быў зусім не цяперашні аўтаагрэгатны завод, а машына­трактарная майстэрня па рамонту трактарных і аўтамабільных рухавікоў і іншай айчыннай і трафейнай тэхнікі. А калі ў жніўні 1944 года было прынята рашэнне аб стварэнні ў Баранавічах матора­рамонтнага завода, стаўшага пазней аўтаагрэгатным, то машына­трактарная майстэрня стала механічнай майстэрняй новага прадпрыемства.

«Маладыя будаўнікі нашага завода за некалькі месяцаў прайшоўшага года прарабілі велізарнейшую работу. Больш паўтара мільёна штук цэглы ўкладзена ў сцены заводскіх цэхаў. Пры гэтым больш 97 тысяч цэглы было сабрана на руінах і пажарышчах горада.

…Сялянская дзяўчына Ніна Лейко паспяхова авалодала спецыяльнасцю каменшчыка і дабілася выдатных вытворчых паказчыкаў пры кладцы цэглы. Яна выконвае дзённую норму на 130–150 процантаў. Перавыконваюць зменныя заданні столяр Іван Азарко, слесар­мантажнік тав. Вашчылко. На падвозцы будаўнічага матэрыялу паказвае ўзоры стаханаўскай работы шофёр тав. Цуран.

50 рабочых, якія прыйшлі з вёсак на будаўніцтва новага завода, набылі вытворчыя прафесіі. 60 вучняў рыхтуюцца стаць у рады рабочых, з іх 50 дзяўчат з акружаючых вёсак. Уступаючы ў Новы год, калектыў завода абязуецца дабіцца яшчэ лепшых вытворчых поспехаў. У кароткія тэрміны трэба пабудаваць некалькі новых цэхаў і асвоіць выпуск гатовай прадукцыі. Мы з чэсцю выканаем гэтыя задачы – да­дзім прадукцыю для нашай Чырвонай Арміі, каб дапамагчы ёй узняць над Берлінам сцяг перамогі».

ПРЫВІТАННЕ З ФРОНТУ

Магчыма, хтосьці пазнае ў названых імёнах стаханаўцаў, сваіх родных, якія адраджалі наш горад, будавалі завод. Які быў іх далейшы лёс? Было б добра, каб аб гэтым паведамілі да нас у рэдакцыю.

А вось на тое, што адшукаюцца сляды франтавікоў, якія вызвалялі наш горад, а ў навагоднім нумары «Чырвонай звязды» віншавалі з Новым годам жыхароў горада, спадзяванняў мала. Але ж пачытаем заметку «Працоўным Баранавіч новагодняе прывітанне з фронта».

«…Мы, удзельнікі вызвалення вашага горада, пасылаем вам, тружанікам тыла, франтавое новагодняе прывітанне і ад усяго сэрца жадаем поспехаў у вашай аднаўленчай рабоце. Мы, франтавікі, адчуваем на справе штодзённую дапамогу патрыётаў тылу, бязмежна любячых сваю Чырвоную Армію і забяспечваючых яе ўсім неабходным.

Мы дзякуем вам за гарачыя клопаты аб нас, франтавіках. Мы абяцаем і запэўняем вас, што ў 1945 годзе даб’ем раненага фашысцкага звера ў яго ўласнай бярлозе і ўзнімем сцяг перамогі над Берлінам. Блізак ясны лікуючы сонечны дзень нашай поўнай перамогі. Будзьце здаровы, жадаем вам шчасця! З новагоднім франтавым прывітаннем Ручын, Кузнецоў, Федотаў, палявая пошта 68519 «ш».

ПРОСТЫЯ СПРАВЫ

Па ўсіх студзеньскіх нумарах газеты пацеркамі раскіданы невялічкія заметкі аб поспехах і дасягненнях працоўных калектываў, якія самааддана працавалі, каб хутчэй ліквідаваць вынікі нямецкай акупацыі. Сёння яны, магчыма, здадуцца не такімі ўжо і маштабнымі, але і без іх не было б цяперашніх нашых дасягненняў. А факты людскога самаахвяравання, аб якіх таксама расказвае газета, пераконваюць у тым, што слова патрыятызм мае канкрэтную аснову. Гэта праўда і рэча­існасць таго часу, каб мы ведалі, з чаго пачыналася і без чаго было б немагчымым наша сёння. Чытайце, думайце, аналізуйце…

«…План лесанарыхтовак сялянамі раёна выкананы на 141 процант, а лесавывазкі – на 139 процантаў. Рудастойкі для Данбаса дадзена на 88 процантаў больш задання… Яркім выражэннем патрыятызма працоўных з’явілася рэалізацыя білетаў 4­ай грашова­рэчавай латарэі. Усяго па раёну да новага года рэалізавана і аплачана наяўнымі білетаў на 425 тысяч рублёў. Сялянка вёскі Малахоўцы Марыя Макарчук купіла білетаў на 1000 рублёў…»

Гэта былі паведамленні з Навамышскага раёна. Чытаем далей. «…Любоўю і клопатам акружаны многадзетныя мацеры ў нашай краіне. За апошнія месяцы аддзелам дзяржаўнага забеспячэння Гара­дзішчанскага выканкома райсовета згодна пастановы партыі і ўрада многадзетным мацерам выплачана дапамога ў суме 47 129 рублёў. Сялянка мястэчка Моўчадзь Емеліна Скшынская выхавала 10 дзяцей і атрымала адначасовую дапамогу ў размеры 3 тысячы рублёў…»

«…Канторы і аддзяленні Дзяржаўнага Банка на тэрыторыі Баранавіцкай обласці прымаюць грашовыя ўклады ад прыватных асоб… Па тэрміновых укладах Дзяржбанк выплачвае 5 процантаў гадавых, па бестэрміновых – 3 процанты. Грамадзяне! Уносячы ў Дзяржбанк свае грашовыя зберажэнні, вы, акрамя асабістай выгады, аказваеце дапамогу ў хутчэйшай перамозе над ворагам».

Паведамленні з Баранавіч: «Калектыў рабочых слясарна­механічнай майстэрні вытворчы план ІV квартала выканаў на 111,5 процантаў. Значных поспехаў дабіўся калектыў у выпуску прадукцыі шырокага спажывання. Звыш плана ў снежні выпушчаны вёдры, ложкі, вешалкі, замкі…»

«…У абкоме КП(б)Б адбылася нарада работнікаў абласнога аддзела мастацтваў і абласнога Дома народнай творчасці разам з прадстаўнікамі партыйных, совецкіх і грамадскіх арганізацый, прысвечаная правя­
дзенню смотра мастацкай сама­дзейнасці. Створаны абласны арганізацыйны камітэт, члены якога дапамогуць выявіць калектывы мастацкай самадзейнасці і будуць прысутнічаць на раённых смотрах, якія праводзяцца ў обласці ў другой палове студзеня…»

«…Учора (10 студзеня 1945 г., – аўт.) ў Баранавічах пачаў сваю работу першы з’езд сельскіх урачоў обласці… Клопаты аб медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, аб санітарным становішчы тылу ў часе вайны знаходзіцца ў цэнтры ўвагі нашых партыйных і совецкіх арганізацый… У нас яшчэ многа медыцынскіх устаноў на сяле, культура работы якіх недастаткова высокая: гэта сказваецца ў дрэнным абслугоўванні насельніцтва, у запушчанасці прафілактычнай работы, у прымітыўных дыягназах і г.д.»

ЁЛКА Ў МОЎЧАДЗІ

Цяпер мы прызвычаіліся да таго, што задоўга да Новага года на старонках «Нашага краю» з’яўляюцца паведамленні пра шматлікія навагоднія ўрачыстасці, якія чакаюць нашых дзетак, а дзеткі чакаюць іх. Знайшлі мы ў студзеньскай «Чырвонай звяздзе» за 1945 год ўсяго адну заметку пра святкаванне Новага пераможнага года (безумоўна, не да святкаванняў тады яшчэ было). Адбылося гэта ў «Малчадскай сярэдняй школе Гарадзішчанскага раёна», пра што расказаў яе вучань Жора Нар­коўскі ў заметцы «Дзякуй роднаму Сталіну».

Пачытайце, што адчувалі дзеці таго часу, бо без гэтага не будзе поўнага ўяўлення аб кошце Перамогі. «…Пачынаюцца канікулы. Разам з настаўнікамі мы збяромся ля ёлкі сустракаць Новы год. Ёлка ў нас выдатная, упрыгожыць яе нам дапамаглі настаўнікі. У зале чыста і ўтульна, ля ёлкі будзе іграць наш школьны аркестр. Вучні старэйшых і малодшых класаў прачытаюць вершы, будуць спяваць і танцаваць. Новагодняй ёлкі тры гады не бачылі дзеці нашай вёскі.

Тры гады я не вучыўся. Немцы адабралі ў нас радасць дзяцінства. Жылі мы пад страхам смерці. Я ніколі ў жыцці не забуду адзін зімовы вечар 1943 года. На дварэ быў моцны мароз. Да нас прышлі ўкутаныя ў хусткі два немцы. Я бачыў, як тата разгублена ўстаў перад імі. Мама спалохалася і пабялела. Яны перавярнулі ўсё ў хаце, абшукалі кватэру. Доўгавязы з меднай бляшкай на грудзях немец нават заглянуў у печ. Яны абрабавалі нас і забралі майго бацьку… З таго часу я больш яго не бачыў.

Чырвоная Армія выгнала праклятых немцаў. Восенню ў вёсцы адкрылася наша школа. Вучні з радасцю запоўнілі класы. Сёння я парадую маму. За першае паўгоддзе я атрымаў толькі добрыя і выдатныя адзнакі. За гэта яна мне абяцала новы сакваяж і каляровыя алоўкі. У другім паўгоддзі я буду займацца яшчэ лепш. Як закончу школу, абавязкова буду лётчыкам…» Можа, адгукнецца і Жора Наркоўскі?

А да Перамогі заставалася чатыры месяцы…

(Працяг будзе)

Міхаіл ШУБІЧ

 



  • Мы в социальных сетях:

Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий