2 верасня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы за веданне гісторыі беларускай кнігі раздавалі білеты ў кіно.
Традыцыйны Дзень ведаў ладзіцца тут у пачатку новага вучэбнага года. Зазвычай ён прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства, які сёлета праходзіў у Быхаве на Магілёўшчыне.
Дзяцей, што яшчэ не паспелі забыцца на летнія забаўкі, цяжка захапіць сумнымі лекцыямі. Таму бібліятэкары прапанавалі школьнікам з СШ № 21, СШ № 12, СШ № 7, гімназіі № 4 відэафільмы. Іх калекцыя штогод папаўняецца новымі стужкамі, якія замаўляюць у Белвідэацэнтры. Фільмы «Пачатак слаўных спраў» і «Музей кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы», а таксама мультымедыйнае падарожжа «Па шляхах свята беларускага пісьменства» склалі асноўную частку пазнавальнага ўроку. Напрыклад, вучні дазналіся, што Іван Фёдараў, вядомы асветнік і першадрукар Маскоўскага княства XVI стагоддзя, сапраўды меў беларускія корні. А таксама даведаліся пра творчасць пісьменнікаў Быхаўшчыны.
– Падчас віктарыны некаторыя юнакі і дзяўчаты здзівілі нас глыбінёй сваіх ведаў па гісторыі беларускага кнігадрукавання, – зазначыла Лілія Кашыцкая, загадчыца чытальнай залы і арганізатар мерапрыемства.
Сапраўды, успомніць значэнне слова «факсіміле» пасля трох месяцаў адпачынку няпроста. Таму пераможцы атрымалі прызы – квіткі ў кінатэатр «Кастрычнік» – заслужана.