У класе з беларускай мовай навучання будзе пяць першакласнiкаў, расказаў «Нашаму краю» Уладзiмiр Гардзей, кiраўнiк гiмназii № 4 г. Баранавiчы.
Спачатку было восем чалавек, аднак да 1 верасня засталося менавіта столькi бацькоў з нашага горада, якія жадаюць, каб iх дзецi вывучалi ўсе прадметы на роднай мове. Яны і падалi дакументы ва ўстанову адукацыi.
– Нягледзячы на тое, што гэта значныя фiнансавыя затраты, упраўленне па адукацыi горада вырашае пытаннi i рэалiзуе тым самым запыты бацькоў, – расказвае Наталля Кокала, намеснiк дырэктара гiмназii № 4.
Па словах Маргарыты Корзун, першай настаўнiцы беларускамоўнага класа, яна прыемна ўражана, што ў горадзе ёсць бацькi, зацiкаўленыя ў тым, каб iх дзецi дасканала ведалi родную мову.
– Хочацца выразiць падзяку дзяржаве за тое, што такiя класы адкрываюцца, – кажа Маргарыта Корзун. – I мы будзем рады бачыць яшчэ больш ахвотных навучацца ў беларускамоўным класе.
Настаўніца адзначае, что ў гэтым годзе ў беларускiм календары з'явiлася новае свята – Дзень народнага адзiнства, якое будзе адзначацца 17 верасня. I цудоўна, што менавiта народнае адзiнcтва стане тэмай першага ўрока ў новым навучальным годзе, лiчыць педагог.
– Задача настаўнiка – не толькi навучанне, але i выхаванне вучняў. I мы будзем выхоўваць грамадзян i сапраўдных патрыётаў нашай краiны, – кажа Маргарыта Корзун.
Магчымасць навучацца на роднай мове
Адзiн з вучняў новага беларускамоўнага класа – першакласнiк Сямён Кальчанка. Яго бацька Iлля расказвае, што рашэнне аб тым, што сын будзе навучацца на роднай мове, сям'я прыняла па некалькiх прычынах. Па-першае, iх старэйшы сын ужо навучаецца ў гiмназii № 4, i узровень адукацыi задавальняе як хлопчыка, так i яго бацькоў. Па-другое – гэта сама магчымасць навучацца на роднай мове.
– Нядаўна я глядзеў перадачу, дзе iшла размова аб тым, што ўзровень iнтэлекту дзяцей залежыць ад таго, якой колькасцю моў яны валодаюць. Таму, калi сын будзе добра ведаць беларускую, рускую i, напрыклад, англiйскую мову – гэта толькi плюс, – кажа Iлля Кальчанка. – Да таго ж, вывучаць культуру, гiсторыю Беларусi, на мой погляд, пажадана менавiта на беларускай мове.
Ён расказвае, што прывiваць любоў да роднай мовы будуць i ў сям'i. Пару дзён у тыдзень усе яе члены плануюць размаўляць выключна па-беларуску.
Першы – не першы беларускамоўны клас
Новы беларускамоўны клас для першакласнiкаў у гiмназii № 4 – не адзiны з роднай мовай навучання ў гэтай установе адукацыi: яшчэ 12 вучняў чацвёртага класа 1 верасня селi за парты. А летам 2021 года гiмназiя выпусцiла беларускамоўны 11-ы клас.
Марына ГАРДЗЕЕВА