…Вёска Скробава. Невялічкі дворык, агароджаны плотам, унутры – прыгожыя кветкі, драўляная хатка з маленькімі акенцамі і вінаграднік, які плаўна сцякае з даху. Каля парога пад скупым восеньскім сонейкам бесклапотна адпачывае важны кот. Менавіта такая карціна паўстала перад маімі вачыма, калі я наведалася да пенсіянеркі Валянціны Дзегіль, якая сёння адзначае сваё 90-годдзе.
Сядзім з Валянцінай Ягораўнай у яе светлым прыбраным пакойчыку, і гаспадыня з ўпэўненасцю варушыць у памяці падзеі далёкага мінулага.
Валянціна Дзегіль (у дзявоцтве – Краўчынская) нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і на Віцебшчыне – у вёсцы Пішчана Суражскага раёна. У шасцігадовым узросце дзяўчынка пасвіла кароў, хадзіла за тры кіламетры ў пачатковую школу, якая знаходзілася ў вёсцы Любшчына, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Крыху пазней, калі Валя ўжо перайшла ў шосты клас, сям’я перабралася ў Сураж.
Спакойнае жыццё абарвалася раптоўна. Тым чэрвеньскім днём 1941-га Валя, як звычайна, пасвіла на ўзгорачку статак кароў, чытаючы з захапленнем кніжку «Канец рэспублікі». Кінула дзяўчына выпадкова позірк на гасцінец і здзівілася многалюдству і мітусні, якія там панавалі.
– Неўзабаве ў поле прыбегла ўсхваляваная маці: «Дачушка, вайна!». Той жа ноччу прыехаў дамоў брат і паведаміў, што немцы ўжо блізка, – успамінае Валянціна Ягораўна. – Так і адбылося. Праз некалькі дзён Сураж запаланіў роў варожых танкаў і машын. Захопнікі пачалі бегаць па хатах: «Матка, млеко, яйко – дафай, дафай!» Што рабіць? Матуля сабрала самыя неабходныя рэчы і мы пайшлі хавацца на хутар да яе бацькі, які працаваў лясніком, але праз некалькі месяцаў вярнуліся назад.
У 1942 годзе пад Суражам з’явіліся партызаны. Хата наша стаяла на ўскрайку лесу і добра падыходзіла для назіральнага пункта. Гэта і выкарысталі нем-
цы – пасяліліся ў хаце, а ў сценах хлява зрабілі адтуліны для кулямётаў, накіравалі зброю ў небяспечным для партызанаў напрамку. А мы былі вымушаны перабрацца да сваіх родзічаў у Любшчыну. Хутка тут з’явіліся і атрады партызанаў, каб пайсці ў наступленне. Той бой, памятаю, быў вялікі і жудасны. Чорнымі груганамі наляцелі варожыя самалёты і пачалі страчыць з кулямётаў. Мы з сястрой палезлі хавацца на гарышча, зарыліся ў бярозавыя венікі, а кулі праз дах – ціў-ціў!..
Пазней сям’я Краўчынскіх перабралася праз Заходнюю Дзвіну і апынулася ў вёсцы Астроўскія, што прылягала да партызанскай зоны. Прайшло лета. Уцекачы пяклі для народных мсціўцаў хлеб, мылі бялізну, выходжвалі раненых, распаўсюджвалі лістоўкі, у якіх паведамлялася пра падзеі на фронце.
– Аднаго разу бацька з дзядзькам Ігнатам вырашылі зрабіць на ўзлессі будан, каб перажыць там зімовыя халады, – працягвае Валянціна Ягораўна, – але фашысты прынялі іх за партызан і схапілі, павялі на могілкі растрэльваць. Даведаўшыся пра гэта, я пабегла следам – ратаваць. Магчыма іх і адпусцілі б адразу, але мясцовы паліцай усё ж абвінаваціў затрыманых у сувязях з партызанамі. Мужчын адправілі ў гестапа на допыт, але неўзабе выпусцілі, а я засталася ў турме. Мяне ганялі капаць траншэі, убіраць мёрзлую капусту, прыбіраць у стайні. Мама неяк ўгаварыла начальніка паліцыі перадаць мне цёплую вопратку – усе ж было лягчэй.
У 1942 годзе у тых мясцінах грымелі моцныя баі – савецкія войскі прарвалі фронт у раёне Суража, у выніку чаго ўтварыліся так званыя «Суражскія вароты». Фашысты пагналі вязняў на Мінск, але пасля пераправілі ў канцэнтрацыйны лагер у вёсцы Лясная пад Баранавічамі. І я там апынулася. Тут нас усіх распранулі і пагналі ланцужком ў лазню – пад халодны душ. Пасялілі ў вялікіх бараках, дзе былі змайстраваны нары ў тры паверхі. Дрэннае харчаванне (нейкая ружовая баланда), непасільная праца, рык аўчарак, пабоі, здзекі, растрэлы – усё гэта для нас, вязняў, стала звычайнай паўсядзённай з’явай.
Штодзень у лагер прывозілі новых лю-дзей. Маладых і здаровых адбіралі для адпраўкі ў Германію. Каб уратаваць ад такога «падарожжа», мяне пераапранулі ў пажылую жанчыну і хавалі пад нарамі, ў цёмным кутку. Многіх зняволеных, якія хварэлі брушным тыфам, немцы развозілі па хатах суседніх вёсак. Такім чынам і мы з бацькам апынуліся ў вёсцы Нагорная. Было гэта вясною 1944 года, незадоўга да нашага вызвалення…
Збавенне вязням пад Лясной прынесла славутая аперацыя «Баграціён», у выніку якой вайна адкацілася на Захад.
– Прывязлі нас з лагера зусім ляжачых, нямоглых. Мясцовыя жыхары выхадзілі, выкармілі, паставілі на ногі, – расказвае Валянціна Ягораўна. – У мяне нават і вопраткі ніякай не было. Усё далі: і спадніцу, і кашулю, і хустку.
Калі крыху памацнела, прызначылі настаўніцай Нагорненскай пачатковай школы. Там, дарэчы, я і сустрэла добрага чалавека, які таксама настаўнічаў, з якім ў хуткім часе мы ажаніліся…
Сферы адукавання Валянціна Ягораўна Дзегіль аддала 36 гадоў, лічыць іх самымі шчаслівымі ў сваім жыцці. Яна, закончыўшы Брэсцкі педагічны інстытут імя Пушкіна, большую частку сваёй настаўніцкай біяграфіі прысвяціла выкладанню беларускай мовы і літаратуры. У 1950 годзе пачала працаваць ў Скробаўскай пачатковай школе, адкуль і выйшла завучам на заслужаны адпачынак праз 30 год. Яе прафесіяналізм і самаадданую працу па выхаванню маладога пакалення неаднаразова адзначалі граматамі райвыканкам і раённы аддзел адукацыі.
Зараз Валянціна Ягораўна жыве адна ў сваёй невялікай хаціне. Мужа, Аркадзія Васільевіча, з якім выгадавалі і выхавалі двух сыноў, не стала ў 62-гадовым узросце, а ёй наканавана лёсам сустракаць сваё 90-годдзе.
Нялёгкае жыццё пражыла жанчына, што і казаць, аднак не мае прычыны для роспачы і суму. У цяжкую часіну ёй прыходзяць на дапамогу суседзі, сябры, калегі, былыя вучні. «А можа гэтай зімой і да сына з нявесткай у горад паеду – даўно запрашаюць, – плануе юбілярка. – Там унука Святаслава часцей бачыць буду, там праўнук Алёшка. А з роднымі людзьмі ўсё ж лягчэй бавіць пажылыя гады».