Наверх

Незабыўныя сустрэчы

29.09.2012 493 Наш край

Лёгкакрылай птушкай прамільгнулі дзесяцігоддзі, але і сёння да дробязей памятаю тыя хвалюючыя імгненні выпадковых сустрэч са славутым песняром беларускай зямлі.

Першая з іх адбылася ў 1954 годзе, калі я знаходзіўся ў Мінску на месячных курсах павышэння кваліфікацыі. І вось аднойчы мне вельмі захацелася хоць здаля паглядзець на сядзібу Коласа. У тыя гады ў перыядычным друку шмат пісалі аб тым, як Якуб Колас эксперыментаваў на сваім невялічкім кавалачку зямлі, вырошчваючы нейкія сельскагаспадарчыя культуры.

Вядома ж, ідучы туды, сустрэць паэта я не спадзяваўся, але мне пашанцавала. Як толькі я прыблізіўся да ягонай сядзібы, раптам пад’ехаў легкавы аўтамабіль, з якога выйшаў высокі шыракаплечы чалавек у чорным капелюшы і накіраваўся да варот.

«Гэта ж ён, дзядзька Якуб!» – узбуджана  затрымцела маё сэрца. А Колас тым часам нетаропка адчыняў вароты. Пакуль машына заязджала ў двор, гаспадар сядзібы ўважлівым позіркам глядзеў са здзіўленнем на мяне, 28-гадовага дзівака. А я не зво-
дзіў вачэй з яго, славутага. Калі машына заехала ў двор, Колас зычыніў вароты і знік з маіх вачэй.

У апошнія гады свайго жыцця Якуб Колас адпачываў летам у ваколіцах былога раённага цэнтра Радашковічы, на тэрыторыі смалакурні, дзе з хваёвых пнёў гналі шкіпідар і дзёгаць.  Там меліся нейкія драўляныя пабудовы, у тым ліку і невялічкі кіёск, у якім можна было набыць штосьці з прадуктаў харчавання, сагравальныя і безалкагольныя напоі. Карыстаўся тым кіёскам і Колас.

У нядзелю паэта можна было ўбачыць і на мясцовым кірмашы. На жаль, сустрэць яго там мне не давялося, бо кірмаш я мала калі наведваў. Але аднойчы, ідучы вуліцай пасёлка па драўляным мастку, які звісаў над рэчкай, я зноў убачыў знаёмы мне аўтамабіль. Машына рухалася павольна, і я змог добра разгледзець праз адчыненае вакно дзядзьку Якуба ўсё ў тым жа чорным капелюшы.

Хоць згаданыя сустрэчы з Коласам былі мімалётныя, яны запомніліся мне на ўсё жыццё.

Дарэчы, у адрозненне ад Янкі Купалы, пра Якуба Коласа пры ягоным жыцці хадзіла ў народзе шмат анекдотаў. А самым распаўсюджаным з іх быў такі. Калі аднойчы ў ГУМе з кішэні паэта выцягнулі кашалёк, Колас вельмі здзівіўся: «Няўжо яшчэ ў нас ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў грошах?!»

Жарты жартамі, а Якуба Коласа я вельмі палюбіў яшчэ са школы. Памятаю і яго першы празаічны твор, з якім пазнаёміўся, – вострасюжэтнае апавяданне з трагічнай развязкай «Нёманаў дар».  Затым былі іншыя творы, якія закранулі мяне да глыбіні душы:  паэма «Сымон – музыка», сатырычныя вершы «Асадзі назад» і «Канстытуцыя», апавяданне «Соцкі падвёў». Апошняе мяне, чатырохкласніка, настолькі ўразіла,  што я нават асмеліўся перарабіць яго ў п’есу-аднаактоўку і паслаць у газету «Піянер Беларусі». Вядома ж, мне рэдакцыя адказала, што Коласу было відней, у якім жанры лепш падаць чытачам свой матэрыял.

І ўсё ж самай запамінальнай аказалася аповесць «На прасторах жыцця». Прачытаў яе з вялікім захапленнем з першага да апошняга радка. І невыпадкова –  героі гэтага твора, Сцёпка і Аленка, у якіх суседская дружба  з цягам часу перерасла ў шчырае каханне, былі маімі аднагодкамі.

У першы клас я пайшоў у 1934 годзе, калі ўпершыню была надрукавана аповесць Я. Коласа «Дрыгва». Мае аднавяскоўцы старэйшага ўзросту, хто быў крыху пісьменны, літаральна зачытваліся гэтым творам. А тыя, хто не валодалі граматай, прымасціўшыся вечарамі на прызбе, уважліва слухалі чытача.

«Дрыгва» была ўключана ў школьную праграму. Замест прапанаваных нам настаўнікам урыўкаў з яе для пераказу я, памятаю, цалкам прачытаў гэты твор, за што і атрымаў пяцёрку – адзіную з нямногіх, якія атрымліваў па іншых прадметах.

Калі ў наш край уварваліся фашысцкія акупанты, я шмат думаў пра тое, як жа склаўся лёс галоўнага героя «Дрыгвы» – дзеда Талаша. І вельмі абрадваўся, калі пасля вайны даведаўся, што і на гэты раз, як у гады белапольскай акупацыі, дзед Талаш застаўся ў шэрагу мужных змагароў за нашу вольную бацькаўшчыну.



  • Мы в социальных сетях: