Наверх

Не проста вучань…

03.05.2014 358 Наш край

Разважанні наконт важнасці ведаў у жыцці чалавека ў рэдакцыю даслала дзесяцікласніца Мірскай СШ Валерыя Сцяцко. У сакавіку яна атрымала трэцяе месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Якое хуткаплыннае наша жыццё! Здаецца, нядаўна наведвала дзіцячы садок, а сёння мне ўжо пятнаццаць гадоў. Мяне хвалюе выбар прафесіі, першае каханне… Ды хіба ўсё пералічыш?

Прырода шчодра адарыла мяне цікаўнасцю і жаданнем паглыбіцца ў невядомае, зразумець вытокі той ці іншай з’явы. Таму не магу заставацца раўнадушнай, калі справа датычыцца гісторыі, культуры, сучаснасці, мовы Беларусі. Спрыяе мне ў гэтым і алімпіяднае жыццё. Я з’яўляюся членам каманды Брэсцкай вобласці на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Алімпіяда асабіста для мяне не проста эпізод школьнай рэчаіснасці. Можна сказаць, што гэта неад’емная частка майго жыцця. Чатыры гады назад настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Сцяпанаўна Шуцьева пачала рыхтаваць мяне, шасцікласніцу, да алімпіяды. Само слова – алімпіяда – для адзінаццацігадовай дзяўчынкі было незразумелым, але прыцягальным і цікавым. І сёння, атрымаўшы дыплом ІІІ ступені на ІV этапе рэспубліканскай алімпіяды, я ўдзячна лёсу за тое, што з гонарам нашу званне алімпіядніцы.

Алімпіяда дае магчымасць ганарыцца знаёмствам з вядомымі мовазнаўцамі. У час падрыхтоўкі з намі працаваў Уладзімір Іванавіч Куліковіч, які вельмі дапамог камандзе Брэстчыны. Немагчыма апісаць пачуцці, калі чытаеш кнігу, напісаную чалавекам, з якім ты раіўся, жартаваў, нават спрачаўся. Адразу адчуваеш сябе не проста вучнем, а чалавекам, які ўжо чагосьці дасягнуў. Гэта стымулюе да новых перамог.

Алімпіяда – гэта хваляванне, няўпэўненасць, роспач, страх, адчай, разгубленасць, горыч, аднак гэта і гонар за свой вынік, пачуццё ўласнай годнасці, бязмернае шчасце, асалода не толькі ад свайго поспеху, але і ад поспеху каманды – тваіх сяброў.

Менавіта алімпіяда сваёй шматпланавасцю падказала мне абраць у будучым прафесію журналіста. Я ведаю, што маё жыццё тым ці іншым чынам будзе звязана з беларускай мовай і літаратурай, бо на якой жа мове яшчэ так душэўна і проста выкажаш свае думкі!

Як сказаў Уладзімір Караткевіч: «Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў». За намі, моладдзю, будучыня краіны, нам патрэбна зрабіць так, каб на Беларусі родная мова «ізноў зазвінела вясновым дажджом».



  • Мы в социальных сетях: