За шматгадовую добрасумленную працу і творчы падыход да рэалізацыі пастаўленых задач у сістэме адукацыі раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў Ганаровай граматай Жука Аляксандра Мікалаевіча – дырэктара Мірскай сярэдняй школы.
Якім павінен быць дырэктар школы? Клапатлівым, эрудыраваным, аўтарытэтным, умелым арганізатарам і натхняльнікам у справах.
А яшчэ весці здаровы лад жыцця і быць аптымістам па натуры. Менавіта такі дырэктар у нашай Мірскай школе.
10 гадоў Аляксандр Мікалаевіч Жук узначальвае школу. Мірская навучальная ўстанова заўжды мела свае традыцыі і славілася вучнямі, за апошняе дзесяцігоддзе яна не толькі не страціла аўтарытэту, але і набыла свой адметны твар. Школа пры Аляксандру Мікалаевічу стала па сутнасці культурна-асветніцкім цэнтрам. Ушанаваны лепшыя спартсмены, залатыя і сярэбраныя медалісты, настаўнікі, што падрыхтавалі пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і спаборніцтваў. У конкурсе сярод устаноў раёна, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй адукацыі, Мірская школа пастаянна займае прызавыя месцы, а ў мінулым годзе стала пераможцай.
Наш дырэктар упэўнены, што патрыятызм пачынаецца з ведання сваіх вытокаў, гісторыі пасёлка і сельсавета, вучэбнай установы. Па яго ініцыятыве ў кабінеце гісторыі дзейнічаюць экспазіцыі па гісторыі стварэння школы, а ў кабінеце беларускай мовы – матэрыялы пра Яна Чачота, беларускія рамёствы, лён, пчалярства і г.д.
Сучасны дырэктар – сучасная школа. Калектыву педагогаў і вучняў крочыць у нагу з часам дапамагаюць кабінеты, абсталяваныя сучаснай тэхнікай, камп’ютарамі, мультымедыя.
Аднак самы вялікі «дзякуй» жыхары пасёлка Мір, Баранавіч і Баранавіцкага раёна, відаць, павінны сказаць Аляксандру Мікалаевічу за лыжаролерную трасу абласнога значэння. Ініцыятыва дырэктара, падтрымка энтузіястаў біятлоннага руху дапамаглі пабудаваць трасу для падрыхтоўкі будучых спартсменаў (дарэчы, вучні Мірскай школы лепшыя ў вобласці па біятлоне і лыжных гонках) і зімовага адпачынку жыхароў горада і раёна.
Сёння Аляксандр Мікалаевіч Жук адзначае сваё 60-годдзе. Наш калектыў і вучні жадаюць вам, паважаны Аляксандр Мікалаевіч, з аптымізмам глядзець у будучыню, натхняць сваіх падначаленых, усяляць у іх упэўненасць у сваіх сілах. Жадаем цаніць кожнае імгненне ва ўзаемаадносінах з блізкімі людзьмі, заставацца любімым мужам, разважлівым і спакойным бацькам, клапатлівым дзядулем.