Наверх

На вяселле да караля

29.05.2014 296 Наш край

Палонка. Ціхі вясновы ранак. На купалах царквы залатымі блікамі іграюць сонечныя зайчыкі. Вока вабіць густая квецень садоў, люстраная гладзь возера, сцяна сасновага бору.

Мы, 49 членаў ветэранскай  арганізацыі Палонкаўскага сельсавета, чакаем аўтобуса. Настрой ва ўсіх бадзёры і прыўзняты – едзем у Ліду, каб паблукаць па замку Гедыміна.

Дарэчы кажучы, гэта ўжо дзесятая па ліку наша экскурсійная паездка. Раней мы пабывалі ў Жыровіцкім і Лаўрышэўскім (на Навагрудчыне) манастырах, у Нясвіжскім і Мірскім замках, наведалі Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу, Нацыянальную бібліятэку, шклозавод «Нёман», іншыя цікавыя мясціны.

І вось новае падарожжа. Адзін за другім праплываюць за вокнамі аўтобуса населеныя пункты: Сталовічы, Гарадзішча, Навагрудак, Бярозаўка… А наш экскурсавод Галіна Яфімаўна тым часам расказвае пра іх паходжанне. З цікавсцю слухаем яе, асэнсоўваем гераічнае і трагічнае мінулае сваёй краіны.

Першы прыпынак робім у Арабаўшчыне, каля помніка Герою Беларусі лётчыку Уладзіміру Карвату. Кветкі, хвіліна маўчання, і зноў колы ціха шалясцяць па гладкай асфальтавай стужцы.  Спыняемся каля славутага возера Свіцязь, робім фотаздымкі на памяць і рухаемся далей.

За Навагрудкам убачылі, як велічна махае сваімі магутнымі крыламі вятрак. А наўкола зелянеюць лясы, апрацаваныя палеткі, на агародах завіхаюцца руплівыя вяскоўцы. У гэтыя моманты, пэўна, кожны пра сябе думаў: «Якое ж гэта шчасце – жыць на беларускай зямлі, жыць у міры і спакоі!»

Вось, нарэшце, і Ліда. Спачатку пазнаёміліся з гісторыяй замка Гедыміна, затым нас запрасілі  на анімацыйнае прадстаўленне «Вяселле караля Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай». Уражанні засталіся кранаючыя і незабыўныя.

Нечакана мне, кіраўніку экскурсіі, уручылі «Прывілеі Ягайлы» – грамату, падмацаваную сургучнай пячаткай са словамі:  «Правы, нададзеныя гэтым Прывілеем, распаўсюджваюцца на нашчадкаў атрымальніка аж да чацвёртага калена».

Не патаюся, было вельмі премна, як і тое, што ў замку Гедыміна ўсе размаўлялі на чыстай беларускай мове, весела і з гумарам.

Дамоў мы вярталіся ў цудоўным настроі, з пачуццём глыбокай падзякі ўсім, хто дапамог нам арганізаваць гэтае цікавае падарожжа: прафкаму птушкафабрыкі «Дружба», які ўзначальвае Чабатар Сяргей Міхайлавіч, кіраўніцтву, экскурсаводу і вадзіцелям турагенства, членам савета нашай ветэранскай арганізацыі.



  • Мы в социальных сетях: