Наверх

На нашу зямлю завітала ХХІ культурна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» (+ фота)

04.09.2014 327 Наш край

3 верасня на нашу зямлю завітала ХХІ культурна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Яна з’яўляецца арганічнай састаўной часткай дзяржаўнага свята – Дня беларускага пісьменства.

Сэнс гэтага падарожжа, якое традыцыйна пачалося ў Мінску ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў мінулую сераду і ў гэты ж дзень завітала на баранавіцкую зямлю, – данесці святло духоўнасці як мага большай 

колькасці людзей у гарадах і вёсках нашай краіны. Па традыцыі ўдзельнікі культурна-асветніцкай экспедыцыі, у складзе якой навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, дзеячы культуры і мастацтва, духавенства, нясуць лампаду з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. 

І зноў жа па традыцыі падарожнікі прыехалі на Святое поле каля вёскі Загор’е Сталовіцкага сельсавета. Чаму менавіта сюды? Бо Святое поле з’яўляецца месцам яўлення вясной 1983 года святыні – цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы – Адзігітрыі (Шляхаводнай) экспедыцыі «Дарога да святыняў». 

Вітаючы гасцей, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сліва пажадаў ім здароўя, падзякаваў за высакародную справу і ўручыў каравай епіскапу Барысаўскаму, вікарыю Мінскай епархіі Веніяміну.

На Святым полі падарожнікаў сустрэў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, які адзначыў, што ўдзельнікі экспедыцыі нясуць не толькі святло духоўнай адукацыі ў розныя рэгіёны рэспублікі. Гэта мерапрыемства стала важнейшым фактарам, які аб’ядноўвае царкву, дзяржаву і грамадства. Тут прайшлі малебен у Свята-Іаана-Прадцечанскай капліцы і ліція па загінуўшых воінах розных войнаў каля Крыжоў памяці і Каменя пакаяння. 

А потым удзельнікі экспедыцыі прынялі ўдзел у пасадцы дубкоў на Святым полі. У гэты час мы і пагутарылі з нязменным кіраўніком усіх экспедыцый, нашай зямлячкай, заслужаным работнікам культуры Беларусі, лаўрэатам прэміі за культурнае адраджэнне пісьменніцай Нінай Загорскай.

– За дваццаць год правядзення культурна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» ужо больш за тры мільёны чалавек, ад малечы да людзей сталага веку, з радасцю прынялі Жыватворны агонь 

ад Гроба Гасподняга на свае свечкі, – адзначыла Ніна Загорская. – Мы прайшлі дзесяткі тысяч кіламетраў, асвяцілі гэтым агнём сотні храмаў, манастыроў, капліц, крынічак, наведалі мноства школ, дамоў ветэранаў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў… А Святое поле стала вядома ўсёй Беларусі. Тут сышліся промні памяці 

і веры. У нашых Садах малітвы за гэтыя гады пасаджана многа дрэў. Мы будзем спаць, а дрэвы будуць маліцца за нас… Дай Божа, каб ніколі ў свеце не было ліха, каб войны не множыліся, каб душы ратаваліся, узнімаліся да святла Божага і святла навукі.

Са Святога поля ўдзельнікі экспедыцыі накіраваліся ў Сталовічы, дзе ў храме Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага прынялі ўдзел у асвяшчэнні новых крыжоў і званоў. 

Завіталі падарожнікі і ў вёску Вялікая Сваротва, дзе наведалі трохкутны храм Святой Троіцы. Адтуль іх маршрут праляжа праз гарады і вёскі Гродзенскай і Мінскай абласцей і закончыцца 7 верасня ў горадзе Заслаўе Мінскага раёна – сталіцы Дня беларускага пісьменства.



  • Мы в социальных сетях: