Сёлета Мірскай школе спаўняецца 35 гадоў. Па выніках конкурсу сярод устаноў адукацыі Баранавіцкага раёна за мінулы навучальны год школа заняла першае месца, таму размова з дырэктарам Мірскай сярэдняй школы Аляксандрам Мікалаевічам Жуком невыпадковая, мае некалькі падстаў.
– Аляксандр Мікалаевіч, перамога па выніках агляду-конкурсу сярод устаноў адукацыі – гэта дасягненне. Як вы сябе адчуваеце ў сувязі з гэтым?
– Безумоўна, мне вельмі прыемна, што наша школьная каманда так сябе праявіла. Радасна і за дзяцей, іх бацькоў, калег, бо толькі дружная супольная праца паспрыяла перамозе. Яшчэ больш прыемна, што за першае месца мы атрымалі цудоўны прыз – інтэрактыўную дошку.
Аднак галоўнае для нас усё ж такі стабільная праца па вырашэнні галоўнай мэты школы – калі «здароўе і інтэлект дзіцяці прывядзе да здароўя і інтэлекту нацыі». Калектыў школы і я асабіста верым у развіццё беларускай нацыі, годнае сцвярджэнне яе сярод самых прагрэсіўных народаў свету.
– Мы ведаем, Аляксандр Мікалаевіч, што вы каля 10 гадоў кіруеце Мірскай школай, і гэта не першая ўзнагарода калектыву. Скажыце, калі ласка, ці лёгка знаходзіць для сябе штогод матывацыю працаваць на вынік?
– Я б адказаў словамі Рабіндраната Тагора: «…Мы пазнаём чалавека не па тым, што ён ведае, а па тым, чаму ён радуецца».
Радасць адкрыцця чагосьці новага і нязведанага ў звыклым і паўсядзённым – вось наша задача. Так сфарміраваліся і нашы традыцыі, сярод якіх вывучэнне гісторыі школы. Экспазіцыі кабінета гісторыі расказваюць пра першых педагогаў, вучняў, дасягненні ўстановы на працягу 35 гадоў.
Прайдзіцеся па нашых калідорах, і вы даведаецеся пра пісьменнікаў Баранавіччыны, пра залатых і срэбраных медалістаў, лепшых спартсменаў, пра тых педагогаў і вучняў, якімі ганарыцца школа. Несучы за плячыма вопыт пакаленняў, мы проста не маем права працаваць дрэнна.
– Сапраўды, дасягненні выхаванцаў вашай школы ў спорце, мастацкай самадзейнасці, адукацыйных праектах даволі значныя. Што, на вашу думку, спрыяе гэтаму?
– Мы шмат гаворым аб ролі педагога ў фарміраванні асобы дзіцяці. За свой немалы педагагічны шлях неаднаразова ўпэўніваўся, што менавіта асобы рухаюць гісторыю, менавіта дзякуючы ім магчыма дасягнуць высокіх вынікаў. І калі я называю такіх педагогаў, як В.Р. Богуш, Л.Ю. Довят, Ж.С. Шуцьева, то адначасова
ўспамінаю іх выхаванцаў – пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў і конкурсаў – дзяцей, якія ўжо сёння дасягнулі пэўных вынікаў дзякуючы працы сваёй і педагогаў. Працы, якая патрабуе шмат асабістага часу, вытрымкі, нават самаахвярнасці. Гледзячы на сваіх настаўнікаў, выхаванцы ўпэўнена крочаць па жыцці, а мы, калегі, ганарымся, што маем магчымасць працаваць побач з такімі людзьмі.
– Аляксандр Мікалаевіч, ніхто не аспрэчвае ролю асобы ў гісторыі, аднак дзяцей у школе нямала, і кожнае дзіця патрабуе ўвагі да сябе, асабістага падыходу. Як гэта рэалізаваць на практыцы?
– Згодзен з гэтым, няпроста ўбачыць кожнага хлопчыка ці дзяўчынку, знайсці да іх падыход, бо дарослым заўсёды было цяжка зразумець дзяцей. Дарослы чалавек канчаткова сфарміраваўся, у яго ёсць свае штампы, стэрэатыпы ўспрыняцця: як, што ацэньваць. Як маленькае дзіця, якое ведае, што шафа ці стол могуць быць цвёрдымі. Хаця ёсць і мяккая мэбля…
Знаходзіць падыход да дзяцей нам, педагогам, дапамагаюць найперш бацькі. Намаганні бацькоў і настаўнікаў скіраваны на фарміраванне здаровага, выхаванага і адукаванага чалавека. Мы дзейнічаем разам, таму і маем вынік. Дапамагае калектыву нашай школы і актыўная пазіцыя ўлады, раённага аддзела адукацыі, грамадскіх арганізацый, базавых прадпрыемстваў.
– Зараз шмат ідзе размоў аб аптымізацыі ў сістэме адукацыі і магчымых зменах у Кодэксе аб ёй. Як вы асабіста і вашы калегі адносяцца да гэтых працэсаў?
– Час ідзе, усё мяняецца. Змены, безумоўна, патрэбныя. Асабліва гэта адчуваем мы ў сельскай мясцовасці, дзе працэс закрыцця вясковых школ абумоўлены дэмаграфічнай сітуацыяй. Але ўсё павінна праходзіць разумна і асцярожна. Мы можам па рознаму адносіцца да разнастайных сацыяльна-эканамічных фармацый, ідэалогій, якія панавалі ці пануюць у іх, але нязменным застаецца адно – чалавек, грамадства павінны развівацца і ісці наперад. Калі не будзе руху наперад, тады канец. Без школы як сацыяльнага інстытута і педагога, надзеленага пэўнымі ведамі і методыкай, грамадства існа-ваць і развівацца не можа.
Хаця на сённяшні дзень у нашай сістэме больш пытанняў, чым адказаў. Неабходна шырокая і свабодная пляцоўка для іх абмеркавання. Гэта прынясе карысць усім. Слава Богу, мы спакойная, талерантная і разумная нацыя. Упэўнены, што выйсце будзе знойдзена, і – самае галоўнае – на карысць усім! Але трэба шмат працаваць і меней стагнаць.
– Дарэчы, калі будзе 35-годдзе школы? І як калектыў рыхтуецца адзначыць гэты юбілей?
– Школа адчыніла свае дзверы 28 жніўня 1978 года. Асноўныя ж мерапрыемствы мяркуем правесці ў кастрычніку, як набярэ разбег новы навучальны год. Але рыхтавацца да юбілею пачалі загадзя: даўно распрацаваны план-праект, у межах якога сустракаемся з былымі педагогамі, выпускнікамі, ствараем фільм. Усе навіны размяшчаем на сайце нашай школы. Дарэчы, будзем вельмі рады ўбачыць прапановы або заўвагі ўсіх зацікаўленых асоб на нашым электронным адрасе mir-baranovichi@open.by.
Нямала мерапрыемстваў да 35-годдзя школы ўжо адбылося. На высокім узроўні ў маі мінулага года прайшоў спартыўны вечар «Каманда нашай маладосці», на якім прысутнічалі спартсмены-выпускнікі школы, работнікі агракамбіната «Мір», трэнеры. Дзякуючы падтрымцы аддзела па справах моладзі створаны фільм. Прызы і памятныя медалі выдзеліў і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў старшыня райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А.Ф. Добыш.
Наш трыццаціпяцігадовы юбілей некаторым скептыкам, магчыма, падасца даволі сціплым, аднак 35 – гэта сталасць, сур’ёзнасць і адначасна маладосць і энергічнасць. Гэтыя якасці мы і хочам падкрэсліць у час святкавання.
– Аляксандр Мікалаевіч, а якія асабістыя планы на будучае?
– Наперадзе работа і падрыхтоўка да сустрэчы новых і новых пакаленняў школьнікаў, стварэнне умоў для плённай працы і адпачынку, радасць сустрэч з калегамі.
Я практычна падышоў да завяршэння сваёй педагагічнай практыкі. Дзесяцігадовы праект пад назвай «Мірская школа» для сябе лічу выкананым. Хочацца кардынальна памяняць від дзейнасці, засяродзіць свае намаганні на больш вузкім накірунку, а ў школе думаю саступіць дарогу больш маладым і крэатыўным кіраўнікам.