Выдалася вельмі грунтоўная падстава напісаць аб Ніне Шавель, якая выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 4 і кіруе школьным музеем: у ліку лепшых педагогаў Баранавіч яна нядаўна ўдастоена гранта гарвыканкама.
Думалася, што гэта будзе ў асноўным расказ аб настаўніцы, але Ніна Мікалаеўна адразу павяла мяне ў пакойчыкі музея, у «нашу хатку». Прайшло нямала часу ў маім захапленні ўбачаным. Потым злавіла сябе на думцы, што мой экскурсавод, дзеля якога я апынулася ў гэтых сценах, яшчэ нічога не распавяла пра сабе, а засяродзілася выключна на музеі. Для тых, хто ведае Ніну Шавель, нічога дзіўнага ў гэтым няма: музей стаў часцінкай яе жыцця. Грант гарвыканкама яна атрымала ў намінацыі «Кіраўнік музея». Ніна Мікалаеўна сціпла заўважае, што проста працягвае справу, якую ёй даверыла пайшоўшая ўжо, на жаль, з жыцця Алена Яхант, цудоўны чалавек, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, стваральніца гэтага астраўка гісторыі і культуры роднага краю, якім стаў музей.
Ён адчыніў свае дзверы дваццаць гадоў назад на тым месцы ў школе, дзе павінен быў знаходзіцца кабінет дамаводства і кулінарыі. Але дырэктар (ім тады быў Уладзімір Томка) хутка вызначыўся з прыарытэтамі, бо разумеў: музей – моцная выхаваўчая рэч. Многім вучням ён вярнуў цікавасць да роднай мовы, народных традыцый.
Этнаграфічная частка стваралася не без удзелу мужа Алены Яхант Канстанціна Кусцінскага. Ён зрабіў элементы драўлянага зрубу вясковай хаты, муляж печы, куфар і гэтак далей. А Ніне Шавель дапамагае яе муж – Міхаіл Міхайлавіч, будаўнік, калі трэба, напрыклад, штосьці адрамантаваць.
Вучні, іх бацькі, настаўнікі неслі для будучага музея люлькі, ложкі, дзежкі, ступы, кубельцы, кошыкі, прасніцы, калаўроты, верацёны, дзяружкі, вышытыя рушнікі – збіралася нават па некалькі экзэмпляраў адных і тых жа прадметаў. З любоўю аднаўляўся інтэр’ер сялянскай хаткі, з якой пачынаецца кожная экскурсія ў музей. Наведвальнікам нават даюць патрымаць у руках ільносемя ў кутку, прысвечаным працэсу перапрацоўкі даўгунцу. Побач стаіць ткацкі станок, вісіць сукенка з лёну з ажурнай аддзелкай – мярэжкай, пашытая выпускніцай школы Вольгай Сірыська (зараз яна вучыцца ў тэхналагічным каледжы).
– У нас тут усё сапраўднае, – заўважае кіраўнік музея. – І сяльнік з саломы на ложку, і каўбаса, падвешаная да столі.
Яна добра ведае сялянскі быт, бо нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Емяльянавічы (там і цяпер жыве яе маці). Вельмі ўдзячна педагогам Пачапаўскай школы, вызначыўшым яе схільнасць да гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. Ужо з чацвёртага класа на пытанне «Кім хочаш быць?» Ніна адказвала: «Настаўніцай!» Яна закончыла гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (цяпер – універсітэта) і ні разу не пашкадавала, што выбрала гэту спецыяльнасць.
Памятае, як прыйшла працаваць піянерважатай у сярэднюю школу № 4, бо на той час не было вакансіі настаўніка гісторыі. Алена Пятроўна Яхант паклікала яе ў пустую залу і з натхненнем пачала расказваць пра музей, які тут будзе. Ніна слухала і здзіўлялася вялікаму жаданню і апантанасці старэйшай калегі давесці задуманае да завяршэння. Усё ўдалося, але спатрэбілася некалькі гадоў, каб з’явіўся музей. Многа сіл было аддадзена гэтай справе – у Алены Пятроўны здарыўся інфаркт.
Ніна Шавель узначаліла музей дзевяць гадоў назад, зга-дзіўшыся на просьбу сваёй папярэдніцы, бо вельмі паважала Алену Яхант за бескарыслівасць, дабрыню, душэўнасць. Сёння яна сама не менш апантаная і ўлюбёная ў справу, за якую ўзялася. У мінулым годзе музей вярнуў сабе статус народнага («Гэта трэба было зрабіць у памяць аб Алене Пятроўне»), хоць ніколі яго не страчваў (быў прапушчаны тэрмін пацвярджэння звання).
Натуральная каўбаса, падвешаная да столі, мае ўласцівасць высыхаць. Яе мяняюць на свежую, рыхтуюць іншыя сялянскія стравы, у тым ліку дранікі, асабліва калі ў музей наведваюцца высокія госці – удзельнікі абласнога семінара метадыстаў беларускай мовы і літаратуры, дырэктарскі корпус школ горада. Дарэчы, гарадское ўпраўленне адукацыі цяпер узначальвае былая выпускніца школы Алена Салавей. Яна калісьці была вядучай першага школьнага вечара, прысвечанага Валянціну Таўлаю, паэту-змагару, нашаму земляку. Яго імя носіць музей.
У 2009 годзе ў школу прыяз-джала з Санкт-Пецярбурга дачка паэта Галіна. Яна пакінула запіс на беларускай мове ў кнізе наведвальнікаў музея: «З вялікай шчырасцю і любоўю – нізка кланяюся ўсім, хто прымаў удзел у вечарыне з нагоды 95-годдзя Валянціна Таўлая. Дачка Галіна Валянцінаўна Таўлай». Вучні чыталі творы яе бацькі. У яго няма лёгкіх радкоў. Таму Ніна Шавель заўсёды тлумачыць іх сэнс сваім выхаванцам. Яны дэкламавалі вершы з такім разуменнем, што Галіна сказала: «У мяне было адчуванне, быццам я слухаю свайго бацьку».
З экспанатаў музея (а іх больш за дзве тысячы) найвялікшае ўражанне на госцю зрабіла драўляная ліра – старадаўні народны інструмент беларусаў. Гэта сапраўдная каштоўнасць. Галіна Таўлай працуе ў Санкт-Пецярбурзе ў навукова-даследчай установе, дзе займаецца вывучэннем народных інструментаў. Таму прыемна здзівілася неверагоднаму экспанату.
Ліра – дар мастака Сымона Свістуновіча. Ён аўтар габеленаў, прысвечаных паўстанню Кастуся Каліноўскага, якія вісяць на сценах музея. Тут жа размешчаны партрэты нашых славутых землякоў, паэтаў і літаратараў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Паўлюка Багрыма, Уладзіслава Галубка, класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, першадрукара Францыска Скарыны, створаныя разьбяром па дрэве Паўлам Сахарчуком. Вядома ж, у літаратурнай зале ёсць барэльеф Валянціна Таўлая.
Сучасныя баранавіцкія паэты прыносяць у музей зборнікі сваіх вершаў. Асабіста Ніне Мікалаеўне вельмі падабаюцца таленавітыя творы Алеся Корнева. «Мы сябруем з Анатолем Клышкам», – дадае кіраўнік музея. Ён нарадзіўся ў вёсцы Данейкі, вядомы выданнем «Буквара». А яшчэ гэта – літаратуразнаўца і крытык, даследчык творчасці Валянціна Таўлая. Ведае некалькі моваў, у тым ліку старажытнагрэцкую, але размаўляе толькі на беларускай. «Любіце родную мову!» – так звычайна падпісвае ён у падарунак музею свае кнігі. Анатоль Клышка пастаянна віншуе Ніну Шавель са святамі, жадае сонца ў жыцці: «Няхай Госпад умацоўвае Вашу заўсёдную рупнасць і працавітасць у зберажэнні беларускай спадчыны».
Членам школьнага гуртка «Пошук», што дзейнічае пры музеі, літаратар пайменна падпісаў сваю працу «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» і выслаў бандэроллю. Для вучняў-гурткоўцаў Ніна Шавель штогод арганізоўвае экскурсіі ў Полацк – на радзіму Францыска Скарыны, дзе, як яна кажа, кожная пядзя зямлі дыхае гісторыяй.
Вучні працягваюць папаўнять музейную калекцыю. Хтосьці «вышыў» ікону з каляровага тонкага дроту, а былы выхаванец школы Аляксей Каласоўскі прынёс «Энцыклапедыю Перамогі. Беларусь – Масква», якую яму падарыў наш пасол у Расіі за ўдзел у ваенным парадзе на Краснай плошчы 9 мая 2010 года ў сувязі з 65-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксей – выпускнік Маскоўскага пагранічнага інстытута Федэральнай службы бяспекі Расіі. Калісьці ў школе ён складаў «Летапіс маёй сям’і».
Патрыётам вырас і Ігар Гук, воін-інтэрнацыяналіст, што загінуў у Афганістане. Яму прысвечаны стэнд «Памяць». Адзіны сын у маці, ён закончыў восем класаў СШ № 4, паступіў у сувораўскае вучылішча, трапіў на вайну, якая забрала яго жыццё.
Мы падтрымліваем цесныя сувязі з гарадскім краязнаўчым музеем, цэнтральнай бібліятэкай імя Таўлая, адчуваем іх надзейнае плячо, – зазначае мая суразмоўца.
У школьным музеі праходзяць тэатралізаваныя прадстаўленні, Дзень ведаў, сустрэчы з творчымі людзьмі. Цяжка пераацаніць значэнне той выхаваўчай працы, якую праводзіць з дзяцьмі іх любімая Ніна Мікалаеўна. У 2008 годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта.
У музейных пакоях, у «нашай хатцы» неаднойчы бывалі і яе дочкі, хаця вучыліся ў другой школе, якая знаходзілася бліжэй да месца жыхарства. Цяпер яны студэнткі.
– Мне хочацца, каб музей заўсёды быў для вучняў родным домам, каб яны адносіліся да гісторыі і культуры сваёй Радзімы з глыбокай пашанай, – кажа Ніна Шавель.
Калі прыходзіш сюды, то трапляеш у той асяродак, які атаясамліваецца з Радзімай.