Наверх

Квітней, мой лес!

21.03.2014 266 Наш край

Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь разам з дзяржаўнымі вытворчымі лесагаспадарчымі аб’яднаннямі паведамляе аб правядзенні рэспубліканскага юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес!».

Калі вы любіце прыроду, вас хвалююць пытанні захавання лесу і яго насельнікаў – звяроў і птушак, вы гатовы прыцягнуць увагу да праблем зберажэння лясных багаццяў рэспублікі і нашага краю, а тым больш калі вы яшчэ і член школьнага лясніцтва, то ў вас ёсць унікальная магчымасць праявіць свае здольнасці ў гэтым конкурсе.

Як паведаміў нам намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Баранавіцкага лясгаса Сяргей Ярушчанка, у конкурсе могуць прыняць удзел члены школьных лясніцтваў, а таксама навучэнцы і студэнты (да 20 год) устаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў лясной гаспадаркі. Напрыклад, у нашым раёне ёсць шэсць школьных лясніцтваў – у Ляснянскай, Мірнаўскай і Мірскай сярэдніх школах, а таксама ў гарадскіх сярэдніх школах №№ 3, 15 і гімназіі № 3. Яшчэ тры лясніцтвы плануецца стварыць у сакавіку ў Гарадзішчанскай, Моўчадскай і Палонкаўскай школах.

Конкурс праводзіцца з 20 красавіка да 20 чэрвеня сёлетняга года ў два этапы ў наступных намінацыях: «Устойлівае лесакіраванне», «Экалогія лясных раслін», «Экалогія лясных жывёл».

Першы этап праводзіцца з 20 красавіка да 20 мая на абласным узроўні з вызначэннем трох пераможцаў у кожнай намінацыі. Другі этап – з 21 мая да 20 чэрвеня – рэспубліканскі.

Па словах Сяргея Ярушчанкі, удзельнікі конкурсу прадстаўляюць у абласное дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне (224022, г. Брэст, вул. Кобрынская, 53) да 20 красавіка заявы на ўдзел з указаннем намінацыі, свайго прозвішча, узросту, адрасу месца жыхарства, установы адукацыі, у якой вучыцца удзельнік, кантактнага тэлефону. Іншыя падрабязнасці можна даведацца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі (www.mlh.gov.by) у раздзеле «Дакументы». Па агульных пытаннях арганізацыі і правядзення конкурсу можна звяртацца па тэлефоне 8 (017) 200­-47-­31. Поспехаў, юніёры!



  • Мы в социальных сетях: