Наверх

Крылаты выратавальнік: героі Афганскай вайны – побач з намі

15.02.2024 234 Наш край

Афганская вайна доўжылася дзевяць доўгіх гадоў і адгукнулася глыбокім болем у сэрцы шматпакутнага народа. Яна адабрала шматлікія тысячы маладых жыццяў, спустошыла душы пакінутых у жывых, асіраціла маці, жонак і дзяцей. Боль тых, чые родныя і блізкія загінулі ў баях і ўжо ніколі не вернуцца дадому, не сціхне ніколі.

Пра воінаў-афганцаў, іх мужнасць і подзвігі напісана нямала нарысаў і апавяданняў, аповесцей і раманаў, вершаў і песень. Зняты дакументальныя і мастацкія фільмы. Гэтая тэма не сыходзіць са старонак перыядычнага друку, яна абмяркоўваецца на радыё і тэлебачанні. І гэта натуральна. Баі і бітвы ў чужой краіне, незаменныя страты ўздзейнічаюць на свядомасць грамадскасці і дагэтуль. Неверагодна цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю нашых воінаў-інтэрнацыяналістаў, пакінулі ў душы людзей шчымлівы след.

Драматычнай старонкай увайшла ў нашу гісторыю Афганская вайна. Чым далей у мінулае адыходзяць дні вайны, тым ярчэй паўстае перад намі веліч несмяротнага подзвігу народа. У кожнага народа ёсць свае любімыя героі, пра якія складаюцца песні, легенды, быліны... Хто яны? Спрабуем разгледзець іх твары… Колькі іх?! Героі-воіны, пісьменнікі, простыя працаўнікі, героі Афганскай вайны... Героі вайны... якія яны?

Твары, твары, твары… І лёсы. Адзін непадобны да іншага. Сярод гэтых асоб і імёнаў – твары нашых землякоў з дзіўным лёсам: Анікевіч Аляксандр Мікалаевіч службу праходзіў у Афганістане на самаходнай артылерыйскай устаноўцы (цяпер працуе дырэктарам сярэдняй школы ў в. Моўчадзь); Гаўдзей Ігар Георгіевіч (1967–2005) служыў у Афганістане ў пагранвойсках мінамётчыкам; Губко Мікалай Міхайлавіч – служба прайшла ў 302-й асобнай верталётнай эскадрыллі (г. Шынданд); Макарэвіч Алег Уладзіміравіч (1962–2015) служыў у Кабуле ў сапёрнай роце сапёрам-падрыўніком; Мароз Віктар Анатольевіч (1965–2005) службу праходзіў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан (ДРА); Прыход Міхаіл Васільевіч службу праходзіў у Афганістане радыстам (цяпер загадчык гаспадаркі ў Цешаўлянскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна); Тамашэўскі Мікалай Анатольевіч служыў у ДРА шафёрам (цяпер індывідуальны прадпрымальнік); Шчэглік Аляксандр Уладзіміравіч – служба прайшла ў ДРА, дзе быў шафёрам (цяпер індывідуальны прадпрымальнік).

У апошні час у сродках масавай інфармацыі вельмі часта асвятляецца праблема патрыятычнага выхавання моладзі. Цяперашняе пакаленне ў неаплатным абавязку перад тымі, хто застаўся на палях бітваў, перад тымі, хто вярнуўся, забяспечыўшы нам мірнае, спакойнае жыццё на Зямлі. Менавіта таму наш абавязак – памятаць пра тыя суровыя дні і герояў вайны.

Мы не маем права «не заўважаць» тых, хто яшчэ дастаткова малады, але аддаў сваё здароўе, выконваючы загад «зверху». Праведны ён ці не – не нам вырашаць, але такі быў загад. Салдаты выканалі яго з гонарам. І пра аднаго такога героя хочацца расказаць больш падрабязна.

Размова ідзе пра ўнікальнага чалавека, майстра сваёй справы, кавалера двух баявых ордэнаў, які мае кваліфікацыі ваеннага лётчыка і пілота грамадзянскай авіяцыі першага класа – Мікалая Міхайлавіча Губко.

15-02-2024.jpg

Жыццёвы шлях будучага лётчыка баявой і выратавальнай авіяцыі пачаўся 7 верасня 1961 года ў невялікай вёсачцы Люшнева Баранавіцкага раёна. З дзяцінства маленькі Коля марыў пра палёты і, пасталеўшы, у 1979 годзе паступіў у Саратаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, паспяхова прайшоўшы медыцынскую камісію і здаўшы іспыты.

У 1983 годзе, пасля заканчэння вучылішча, Мікалай Міхайлавіч прыбыў на новае месца службы ў 65-ы асобны транспартна-баявы верталётны полк (г. Кобрын) на пасаду лётчыка-штурмана верталёта Мі-8Т. Камандзіры, пераканаўшыся ў высокім узроўні прафесійнай падрыхтоўкі маладога лейтэнанта, даверылі яму палёты на больш складаных спецыялізаваных вінтакрылых машынах – верталётах Мі-8ППА і Мі-8СМВ. Асвоіў лейтэнант Губко ў якасці памочніка камандзіра карабля і палёты на верталёце Мі-10.

15-02-2024_1.jpg

У 1985 годзе адным з першых у палку Мікалай Міхайлавіч быў накіраваны ў Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі (г. Таржок) на курсы для перавучвання на новы верталёт Мі-8МТ, пасля праходжання якіх быў адкамандзіраваны ў 302-ю асобную верталётную эскадрыллю (г. Шынданд) для выканання інтэрнацыянальнага абавязку. На вайне яшчэ ярчэй раскрыўся характар капітана Губко, здольнага не толькі вырашаць складаныя і адказныя задачы, але і праяўляць пачуцці дабрыні і сумленнасці да таварышаў і братоў па зброі. За неаднаразова праяўленыя мужнасць і гераізм, звязаныя з рызыкай для жыцця, Мікалай Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені. Па вяртанні з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан капітан Губко навучаў баявой рабоце новае пакаленне пілотаў.

У 2003 годзе начальнік нядаўна створанай авіяцыі пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях палкоўнік унутранай службы Кутэнка Яўген Вадзімавіч, ведаючы пра вялікі патэнцыял Мікалая Міхайлавіча, прапанаваў яму працягнуць службу ў якасці «крылатага» выратавальніка, і на гэтым шляху зорка Губко ўспыхнула з новай сілай. Кіраўніцтва даручыла Мікалаю Міхайлавічу не проста падрыхтоўку асобных пілотаў, а даверыла свой асноўны патэнцыял – аэрамабільны атрад.

15-02-2024_2.jpg2010 год пацвердзіў у чарговы раз, што менавіта падпалкоўнік унутранай службы Губко Мікалай Міхайлавіч – той чалавек, які з гонарам вырашыць любую складаную задачу, калі летам экіпаж пад яго кіраўніцтвам быў тэрмінова накіраваны ў Расію, што палала ляснымі пажарамі. На Тамбоўшчыне цэлыя вёскі «адбіваў» у вогненнай стыхіі экіпаж Губко, выклікаючы ў мясцовага насельніцтва пачуцці падзякі і здзіўлення, калі яны даведваліся пра тое, што ім дапамаглі беларускія выратавальнікі.

15-02-2024_3.jpg

За высокі прафесіяналізм і выратаванне людзей з рызыкай для ўласнага жыцця Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі ўзнагародзіў Губко Мікалая Міхайлавіча ордэнам Мужнасці. У далейшым былі і ліквідацыі пажараў у гарах Турцыі, і тэрміновыя палёты на аэрамедыцынскую эвакуацыю ў складаных умовах надвор’я, і міжнародныя вучэнні – усюды Мікалай Міхайлавіч з гонарам дэманстраваў магчымасці авіяцыі надзвычайнага ведамства Рэспублікі Беларусь.

Пра свае планы Губко Мікалай Міхайлавіч кажа, што яны самыя простыя: служыць свайму народу і працаваць на карысць Айчыны. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэты чалавек варты звацца героем свайго часу. Яго ўспаміны і сёння натхняюць нас прытрымлівацца годнага прыкладу для пераймання.

Мы, сучаснае пакаленне, павінны памятаць пра сваіх суайчыннікаў, таму што памяць – гэта адзіная даступная нам падзяка тым, хто склаў галовы ў баі і хто працягвае сваімі ўрокамі мужнасці выхоўваць сапраўдных патрыётаў! Ніхто не забыты – нішто не забыта!

В.А. Скачынская, настаўнік пачатковых класаў Цешаўлянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна




  • Мы в социальных сетях: