Наверх

Край мой – гонар мой

16.07.2013 409 Наш край

Адным з прыярытэтных напрамкаў бібліятэчнай работы сёння з’яўляецца краязнаўства.

РАЗДЗЕЛ «Краязнаўства» на сайце Баранавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы дае магчымасць шырокаму колу інтэрнэт-аўдыторыі пазнаёміцца з края-
знаўчай інфармацыяй, падрыхтаванай супрацоўнікамі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая. У першую чаргу, гэта бібліяграфічная база даных «Краязнаўства. Артыкулы», якая налічвае больш за 11 тысяч запісаў аб публікацыях у перыядычных выданнях пра баранавіцкі рэгіён. База даных з’яўляецца састаўной часткай электроннага каталога бібліятэкі, прамы доступ да якога прадастаўлены на сайце www.tavlay-library.by. Тут жа чытачам дапамогуць знайсці адказы на пытанні краязнаўчага характару. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў віртуальную даведачную службу «Спытай бібліятэкара». Зацікавіць наведвальнікаў сайта і ўласны бібліятэчны рэсурс «Юбілейныя даты роднага краю», які змяшчае інфармацыю аб значных для нашага горада і раёна датах і падзеях у бягучым годзе. У кожным запісе віртуальнага календара можна знайсці кароткі даведачны матэрыял.

Рубрыка «Пісьменнікі і паэты г. Баранавічы» раскрывае багатую літаратурную спадчыну нашага краю і сучасную творчасць баранавіцкіх пісьменнікаў. Яна насычана партрэтамі і вокладкамі кніг, фатаграфіямі бібліятэчных мерапрыемстваў з удзелам мясцовых аўтараў, персанальнымі бібліяграфічнымі спісамі.

ДУМАЕЦЦА, нашых землякоў абавязкова зацікавіць новы праект бібліятэчных краязнаўцаў – віртуальныя падарожжы па мікрараёнах і вуліцах горада. Ці ж гэта не цудоўна – падарожнічаць па роднаму гораду, не выходзячы з кватэры? Адно з апошніх абнаўленняў краязнаўчай старонкі – «Паўночныя замалёўкі»: віртуальнае падарожжа па аднаму з прыгажэйшых мікрараёнаў Баранавічаў, прымеркаванае да 40-годдзя пачатку забудовы Паўночнага мікрараёна.

Каштоўным інфармацыйным рэсурсам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю – ад прафесіяналаў да аматараў – могуць стаць: штоквартальны анатаваны бібліяграфічны паказальнік «Горад Баранавічы: гісторыя і сучаснасць», віртуальная выстаўка кніг пра наш горад, матэрыялы пра знакамітых землякоў, падборка карысных спасылак пра Баранавічы на іншыя сайты і шмат іншага.

Яшчэ адно цікавае пачынанне – стварэнне краязнаўчай фотагалерыі «Фота сямейнага альбома: фотаздымкі з мінулых часоў горада». Першыя здымкі ўжо можна ўбачыць на нашым сайце. Вы можаце стаць удзельнікамі гэтага праекта! Усе, хто мае ў сваіх фотаархівах здымкі з выявамі баранавіцкіх вуліц, плошчаў, асобных будынкаў, сквераў, помнікаў, зробленыя 10, 20… 50 і больш гадоў назад, хто любіць свой горад і хоча дапамагчы захаваць яго гісторыю, могуць прынесці ў чытальную залу літаратуры па краязнаўству (вул. Леніна, 51) гэтыя фатаграфіі – 
іх аблічбуюць і вернуць назад. Можна пераслаць фота па электроннай пошце krai@tavlay-library.by. Больш падрабязную інфармацыю аб праекце атрымаеце з рубрыкі сайта «Горад на фота». 

ВЫ ЛЮБІЦЕ свой край і збіраеце інфармацыю аб ім? Наш сайт менавіта тое, што вам неабходна. Можа, вы проста не ведалі пра гэтую цудоўную крыніцу інфармацыі? Прастата навігацыі па краязнаўчаму раздзелу сайта, напаўненне інфармацыйным матэрыялам, улік сучасных запытаў карыстальнікаў – усё гэта спрыяе запатрабаванасці работы супрацоўнікаў чытальнай залы літаратуры па краязнаўству цэнтральнай гарадской бібліятэкі Ірыны Дрэкоўскай і Надзеі  Кіпель. Менавіта яны фарміруюць асноўны масіў раздзела «Краязнаўства», шукаюць новыя ідэі і заўсёды адкрыты для сувязі па пытаннях напаўнення гэтага электроннага рэсурса. Наведвальнікі сайта могуць адправіць свае прапановы і заўвагі на электронны адрас krai@tavlay-library.by. 

Мы запрашаем вас стаць не толькі нашымі карыстальнікамі, але і сааўтарамі. Да сустрэчы на нашым сайце!



  • Мы в социальных сетях: