Даўно выспявала думка расказаць пра абавязковы атрыбут савецкай ды і ўвогуле салдацкай ваеннай формы, якой ужо амаль восем дзесяцігоддзяў – кірзавыя боты ды пра іх меншых па памеры братоў – чаравікі з абмоткамі.
«Кірзы», «кірзакі», «кірзачы» – як толькі не называлі ў народзе гэты элемент паўсядзённага адзення ваенных. Пра кірзавыя боты складалі легенды і анекдоты, з іх рабілі дэмбельскія «гармошкі», імі разагравалі самавары…
Усіх гісторый, звязаных з салдацкімі кірзачамі, не пералічыць. Але адну з іх мне давялося пачуць амаль дваццаць год таму, калі жах Другой сусветнай вайны быў аддалены ад нашага часу пяццюдзесяццю гадамі. І ў той юбілейны для Перамогі год мне пашчасціла праехаць з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны нашага горада ў «Поездзе Перамогі» з Баранавіч у Брэст, дзе яны ў крэпасці пакланіліся сваім равеснікам, што засталіся вечна маладымі. Ветэраны прыехалі ў крэпасць яшчэ і таму, што пры слове «Брэст» узнікае і слова «Берлін», з якога ў 1945-м на радзіму вярталіся паязды Перамогі. І тады, у гонар 50-годдзя гэтай вялікай
падзеі, ветэранаў парадавалі арганізатары свята ў Баранавічах і правезлі старых салдат шляхам пераможцаў, упрыгожыўшы паравоз вялікім партрэтам Сталіна, а вагоны – гірляндамі, кветкамі, бярозавымі галінкамі, кумачовымі плакатамі…
А ў поездзе, пад настрой, ветэраны расказвалі і пра ваеннае ліхалецце, і пра сваё пасляваеннае жыццё-быццё. Тады я і пачуў аповед Леаніда Міхайлавіча Рэменя (цяпер ужо нябожчыка), былога кулямётчыка, які пасля вайны адпрацаваў у лакаматыўнай гаспадарцы, як ён тады сказаў, «44 гады 10 месяцаў і 28 дзён». Леанід Міхайлавіч прамовіў цэлую оду паравозу, выканаўшаму ў гады вайны самую цяжкую перавозачную работу, нават вершы пра яго прачытаў. А мне чамусьці запомнілася такая, здавалася б, нязначная дэталь: «…Здаралася і такое, што не было вады ў калонцы на станцыі. І спыняўся поезд каля рэчкі, а чырвонаармейцы насілі ваду… кірзачамі».
Цяпер ёсць і помнікі паравозам, і нават цэлыя музеі чыгуначнай тэхнікі. А вось кірзавыя боты ці чаравікі з абмоткамі штосьці ў музеях асабліва не ўбачыш сярод іншых шматлікіх экспанатаў вайны. Як мне бачыцца, яны павінны стаяць на асобным пастаменціку, а пад імі шыльдачка з надпісам накшталт: «Боты і чаравікі, у якіх савецкія салдаты крочылі па дарогах вайны, вызваляючы нашу Радзіму ад карычневай чумы».
Гісторыя гэтага абутку пачалася з 1931 года, калі Іван Плотнікаў вынайшаў «кірзу» – матэрыял на аснове шматслойнай «хэбэшнай» тканіны, апрацаванай спецыяльнымі плёнкаўтваральнымі рэчывамі. Адкуль пайшла іх назва? Ад спалучэння першых складоў слоў «КІРаўскі ЗАвод», дзе ўпершыню пачаўся масавы выпуск ботаў.
«Баявое хрышчэнне» кірзачы атрымалі ў фінскую зімовую кампанію 1939 года. Тады ж стала зразумела, што кірза – матэрыял далёкі ад дасканаласці. Яе якасць трэба было ўдасканальваць. Тым не менш камандаванне Чырвонай Арміі не адмовілася ад таннага і простага ў вытворчасці абутку. Было прынята кампраміснае рашэнне: у мірны час салдаты будуць ха-дзіць ў кірзачах, а ў ваенны – у традыцыйных ботах з натуральнай скуры і ў чаравіках з абмоткамі.
Вайна, як вядома, распарадзілася па- іншаму. У першыя ж месяцы Вялікай Айчыннай большасць армейскіх складоў была альбо захоплена, альбо знішчана немцамі. Перад тылавікамі паўстала, здавалася б, невырашальная задача: абуць сотні тысяч навабранцаў і добраахвотнікаў. Як успамінае наша гараджанка Ганна Пятроўна Чарнышова, якая прайшла з савецкімі войскамі ад Каўказа да Берліна, яна ступіла на франтавыя дарогі ў сваіх ботах, якія ёй даў бацька, адпраўляючы на вайну. Потым ужо дзяўчына атрымала армейскі абутак, калі свае боты знасіліся. Невыпадкова камандаванню Чырвонай Арміі давялося ўспомніць пра кірзу. І да 1945 года ў кірзачы была абута большасць
савецкіх салдат і афіцэраў. За гэты час надзейнасць абутку палепшылася, прайшла выпрабаванне ў суровых умовах нашага клімату, стала надзейна абараняць салдат ад холоду, вільгаці і спёкі.
Дзегілевіч Іван Піліпавіч (27.04.1926. Са студзеня 1942 па верасень 1943 – падрыўнік у партызанскім атрадзе Волкава 125-й брыгады Палескага злучэння. Пасля ранення быў вывезены на Вялікую зямлю. Са студзеня 1944 накіраваны ў 64-ты запасны полк Заходняга фронта, затым на І Беларускі фронт ў палкавую разведку 400-га палка 89-й стралковай дывізіі 16-га корпуса. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы. Пры штурме Берліна быў паранены. Узнагароджаны Ордэнам Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі):
– Моцныя і добрыя былі боты. Калі правільна анучы наматаеш на ногі, то ніякія пацёртасці не страшныя. Надзеў кірзачы і пайшоў: па гразі, снезе і лужынах – а дзе яшчэ хадзілі салдаты!
Успамінаецца выпадак у самым канцы вайны. Жорсткі быў бой з немцамі, калі мы падышлі да Одэра. У гарачцы боя пагубляліся нашы рэчывыя мяшкі з лыжкамі, конаўкамі ды іншымі неабходнымі на фронце рэчамі. Хацелася піць, ды не было чым набраць вады з ракі. Тут старшына роты зняў з нагі кірзавы бот, набраў у Одэры вады, напіўся. А за ім і мы пачалі здымаць свае кірзачы…
Карасёва Таісія Васільеўна (26.03.1924. У красавіку 1942 года Сталінградскім ваенкаматам прызвана ў Чырвоную Армію і накіравана ў 11-ты Чырвонасцяжны корпус супрацьпаветранай абароны. Прымала ўдзел у абароне Сталінграда, вызваленні Беларусі. Узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, многімі медалямі):
– Жыла ў Сталінградзе. Зусім маладой пайшла добраахвотніцай на вайну. Завезлі нас каля 360 дзяўчат пад Астрахань, у калмыцкія стэпы, каб навучыць несці службу на пасту паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі.
Апрануць нас спачатку не было ў што. Мне далі вельмі вялікія чаравікі і абмоткі, гімнасцёрку і штаны, а кальсоны былі такія, што завязвала іх лічы пад шыю.
У вучэбным цэнтры спалі на двухпавярховых нарах. Аднойчы аб’явілі пад’ём па трывозе, я спрасонку саскочыла зверху і адразу трапіла ў свае чаравікі. Смех стаяў такі, што старшына роты зрабіў мне заўвагу, маўляў, я знарок ускочыла ў чаравікі, каб насмяшыць дзяўчат і сарваць пад’ём.
Праз два месяцы з пастоў паветранага назірання мужчын накіравалі пад Сталінград, а мы заступілі на іх месца. Тады і атрымала кірзавыя боты. Усю вайну хадзіла ў кірзачах.
І Перамогу сустрэлі з дзяўчатамі на пасту ў Польшчы. Я была самым маладым начальнікам паста ў батальёне. Тады ж мяне і ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі, які я атрымала ўжо ў горадзе Гродна, куды пасля вайны перавялі нашу роту. А як пачулі пра Перамогу, прывялі сябе ў парадак і сплясалі ў кірзачах ад радасці.
Чыбізаў Дзмітрый Ягоравіч (31.10.1925. У снежні 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на І Прыбалтыйскім, ІІІ Беларускім франтах. Пехацінец. Вызваляў Беларусь, Літву, Польшчу. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, двума медалямі «За адвагу», многімі іншымі медалямі. Падпалкоўнік у адстаўцы.):
– У пачатку вайны кірзавыя боты ў нашай часці выдавалі толькі афіцэрам. А радавыя, сяржанты, нават малодшыя лейтэнанты хадзілі ў чаравіках з абмоткамі. Нічога не скажу – вельмі зручны абутак!
Перамогу сустрэў ва Усходняй Прусіі. Перад гэтым фарсіравалі раку Нёман. Каб не патануць, чаравікі зняў і палажыў у рэчывы мяшок, плыў у абмотках.
А першыя кірзавыя боты атрымаў пасля вайны, калі паступіў вучыцца ў Рыжскае ваеннае палітычнае вучылішча ў 1945 годзе. Кірзачы падганялі пад форму, начышчалі да бляску, нават фарсілі ў іх.
Любая вайна пачынаецца для салдата з дарогі. Спачатку з чыгункі, калі баі яшчэ далёка. Потым салдат трапляе на іншую дарогу, калі на плячах месціцца ўся яго няхітрая салдацкая гаспадарка, усё яго даволі важкае ўзбраенне. Дарога, па якой ісці пехатою, спатыкаючыся і коўзаючыся па гразі. Але салдаты дайшлі да Берліна. У кірзавых ботах і чаравіках з абмоткамі. І памятаюць, пакуль жывуць, і пра свае ваенныя дарогі, і пра сваю амуніцыю.