Восем панадворкаў раскінуліся на шырокай пляцоўцы перад Домам культуры ў Жамчужным. Жыхары аграгарадка віталі гасцей з усёй Брэстчыны, якія прыехалі з гасцінцамі, песнямі і цвёрдым намерам перамагчы.
Рэспубліканскі сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» праводзіцца з 2008 года. Сёлета яго абласны этап – дарэчы, юбілейны – прахо-дзіў на баранавіцкай зямлі. Удзельнікі – маладыя вясковыя сем’і са Столінскага, Жабінкаўскага, Брэсцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Ляхавіцкага, Лунінецкага і Баранавіцкага раёнаў. Наш край прадстаўляла сям’я мясцовых жыхароў – Дзмітрыя і Наталлі Абрамовічаў.
Журы з ліку арганізатараў спаборніцтва (Брэсцкі аблвыканкам, Баранавіцкі райвыканкам, БРСМ) спачатку ацаніла дасягненні сумеснай гаспадаркі, аформленыя ў багатыя кампазіцыі з прысмакаў і карункаў на сталах перад удзельнікамі. Тут і апетытныя катлеты, і шчодрыя скрыглікі сала, і вялізныя памідоры з хрусткімі гуркамі. На чарговую прапанову пакаштаваць што-небудзь намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Сліва адказаў: «Баюся, будзе цяжка спыніцца!» Сапраўды, застацца неперадузятым пасля сытнага абеду складана! Між іншым, журы акрамя выстаўлення адзнак за вышываныя ручнікі, бісерныя дрэвы, карціны крыжыкам патрэбна было ацаніць імпэт удзельнікаў у шматлікіх конкурсах.
Знаёмства сем’яў з прысутнымі адбывалася на сцэне падчас візітовак. За пяць хвілін (не болей, іначай – балаў паменшыцца!) канкурсантам трэба было расказаць пра сябе. Пажаданым было выступленне ў народных строях.
Што тут пачалося! Вольга і Мікалай Шабанавы (Брэсцкі раён) віталі гледачоў песняй. А пра сябе і траіх дзяцей распавялі ў вершах. Пётр і Святлана Пашкевічы (Жабінкаўскі раён) гучна вымавілі сямейны дэвіз: «каханне і праца». Запэўніўшы прысутных, што родная зямля дапаможа пераадолець усе жыццёвыя нягоды, яны саступілі сцэну прэтэндэнтам на перамогу з Лунінецкага раёна. Уверцюру да візітоўкі Дзмітрыя і Наталлі Паўлюкевічаў на цымбалах сыграла іх дачушка, яна ж выканала і песню пра лепшага ў свеце тату. Куфэрак са скарбам сямейнага шчасця прывезлі Віктар і Юлія Дабравольскія з Ляхавіцкага раёна. Андрэй і Наталля Кавальскія (Столінскі раён), бадай, самыя маладыя ўдзельнікі, прапанавалі журы відэапрэзентацыю. І падзяліліся сумеснай марай – адкрыць аграсядзібу. Міхаіл і Марына Ганчары (Пружанскі раён) праспявалі частушкі. Дзмітрый і Наталля Абрамовічы прадставілі публіцы танцавальныя таленты сваіх дзяцей, а таксама ўласныя неблагія вакальныя здольнасці. Завяршылася першае выпрабаванне візітоўкай сям’і Паўла і Вольгі Кот (Івацэвіцкі раён), якія расказвалі легенды пра паходжанне ўласнага прозвішча, а пасля частавалі маленькіх гледачоў салодкім ураджаем з «цукеркавага дрэва».
Дарэчы, амаль кожная другая сям’я-ўдзельніца – мнагадзетная. І большасць на трох дзетках спыняцца не збіраецца.
Наступнае спаборніцтва мелася выявіць абазнанасць канкурсантаў у лекарскай справе. У «Прыроднай аптэцы» муж і жонка павінны былі па водары пазнаць лекавыя расліны, а пасля скласці пра любую з іх чатырохрадкоўе.
Ад паэзіі перайшлі да прозы – конкурсаў «Папялушка» і «Сялянскія прысмакі». У першым удзельнікі стваралі кампазіцыі з крупаў, спачатку аддзяліўшы фасолю, грэчку ды іншыя зярняткі адно ад аднаго. Другі дэманстраваў кулінарныя таленты: з аднолькавага набору гародніны патрэбна было стварыць смачную страву, якую яшчэ і з густам падаць да судзейскага стала.
Пасля вызначалі лепшых вазніц падчас заездаў у запрэджаным кабылкай «Святочным возе». Пары трэба было хутчэй за астатніх пераадолець кароткую дыстанцыю, мінаючы фішкі. «Па дровы» найперш адправіліся мужчыны. Але і для жаночых рук тут знайшлася работа. З паленцаў, што накалолі гаспадары, гаспадыні выкладвалі слова «лён». Зноў жа ў цэйтноце. Свята выйшла за межы сцэны і невялікай тэрыторыі вакол яе. Тут – дзіцячы гарадок. Крыху далей – кіёскі са столікамі: садзіся ды пад’еш. Па правую руку ад іх – выстава-кірмаш народных рамёстваў Брэстчыны і літаратурная гасцёўня з кнігамі і часопісамі. Непадалёк раскінулі лагеры рыцарскія клубы «Вольны птах» і «Шляхецкая застава». Глядзі, як каваль з памочнікам лоўка куюць сапраўдныя падковы, ці страляй з лука па мішэнях. Аматары гістарычных рэканструкцый разам з конным клубам «Троя» падрыхтавалі гледачам інсцэніроўку старадаўняй бітвы: рыцары супраць амазонак-вершніц. Паўсюль разліваліся лірычныя напевы беларускіх песен, што выконвалі шматлікія ансамблі і сольныя выканаўцы са сцэны.
Неўпрыкмет падышлі да цырымоніі ўзнагароджання. Спецыяльны прыз «За волю да перамогі» ад раённага камітэта БРСМ – сертыфікаты на 350 тысяч рублёў ДГ «Радуга» – атрымалі Кавальскія са Століншчыны. Яны ж сталі прызёрамі ў конкурсе «Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі», атрымаўшы трэцюю прэмію. Другая адправілася да сям’і Кот, а першая – Паўлюкевічам. Дыплом і падарункі за лепшую візітоўку ўручылі Ганчарам. За другое – Абрамовічам, за трэцяе – Паўлюкевічам. Лепш за астатніх справу «Папялушкі» выканалі Шабанавы. Журы вырашыла, што па-майстарску калоць дровы ўмеюць жыхары Ляхавіцкага краю. Сям’я Дабравольскіх стала пераможцай гэтага конкурсу. Карысныя бытавыя прыборы і духмяныя караваі ад федэрацыі прафсаюзаў і арганізатараў свята атрымала кожная
пара.
Тытул «Уладар сяла» таксама раздзялілі на траіх. Агульнае трэцяе месца занялі Пашкевічы, другое – Ганчары. Але прадстаўляць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім узроўні паедуць толькі Абрамовічы. Менавіта яны сталі пераможцамі конкурсу. Дарэчы, Дзмітрый і Наталля – абодва працуюць на птушкафабрыцы «Дружба» – у 2010 годзе сталі «Сям’ёй года» падчас абласных спаборніцтваў. Таму на рэспубліканскія «Дажынкі», дзе увосень пройдзе фінал конкурсу, паедуць падрыхтаваныя ўдзельнікі.
Пасля ўсяго пабачанага не пакідае думка: вёска жыве і жыць будзе, пакуль на зямлі працуюць маладыя, натхнёныя, закаханыя ў жыццё і адзін аднаго людзі.