Цёплы паўднёвы вецярок лашчыў твар выпускніка філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна Міхаіла Трафімука, калі ён крочыў да загадчыка Баранавіцкага раённага аддзела народнай адукацыі. Хваляванне не праходзіла. Былы партызан Міхаіл Аляксандравіч Скіпар спытаў, дзе хоча працаваць малады настаўнік.
– Там, дзе ёсць рэчка і лес, – адказаў, як адрэзаў, ён, заўважыўшы ордэнскія планкі на лацканe пінжака загадчыка. – Бо студэнтам я захапляўся краязнаўствам і жадаю працягваць гэтую справу.
Малады настаўнік атрымаў накіраванне ў Палонку. Гэта было ў 1966 годзе.
Тады пры школе быў невялікі будынак, у якім Таццяна Фёдараўна Якіменкава стварыла музей. А цяпер ў Палонцы працуе турыстычны цэнтр для школьнікаў і моладзі раёна. І Міхаіл Васільевіч Трафімук як намеснік дырэктара па пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай рабоце на працягу шасці гадоў кіраваў турыстычнымі групамі, якія вандравалі па раёне і за яго межамі ў пошуках краязнаўчага матэрыялу.
Неўзабаве пад кіраўніцтвам Трафімука было створана першае ў рэспубліцы школьнае лясніцтва. Яно грымела на ўсю Беларусь. Сюды прыязджалі турысты з былога Саюза і замежжа, каб пераняць вопыт. Друкавалі шматлікія матэрыялы ў часопісах «Смена» і «Маладосць», іншых выданнях. А самае голоўнае, што з гэтага лясніцтва выйшла шмат выдатных спецыялістаў лясной гаспадаркі краіны. Гэта Мікалай Ацута, Віктар Верабей, Мікалай Астапчык і іншыя.
Патрэбна адзначыць, што першыя палонкаўскія шэсць гадоў працы Міхаіла Васільевіча былі адзначаны медалём «За доблестный труд».
У Новую Мыш Міхаіл Васільевіч на пасаду намесніка дырэктара па ваенна-патрыятычнаму выхаваню СПТВ-20 пераехаў у пачатку 1972 года. Ён лічыў ваенна-патрыятычнае выхаванне надзейным падмуркам ўсёй выхаваўчай работы. На новым месцы існаваў толькі ў Ленінскім пакоі невялікі куточак, дзе змяшчаліся матэрыялы пра лётчыка Канстанціна Шацкага, загінуўшага пры вызваленні ад фашыстаў нашага горада. Пад кіраўніцтвам М.В. Трафімука былі знойдзены родзічы адважнага пілота. Яны прыехалі з Расіі на ўшанаванне памяці героя.
Урачыстасці, якія прайшлі ў вучылішчы з гэтай нагоды, падбавілі імпэту. Рабяты пачалі прыносіць розныя рэліквіі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер у музеі дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (так стала называцца вучылішча) звыш 2000 экспанатаў.
Асаблівую цікавасць выклікае перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Тут ёсць фотакарткі Герояў Савецкага Саюза, якім гэтае ганаровае званне было прысвоена за ўдзел у баях пры вызваленні горада Баранавічы і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У музеі ёсць матэрыял і пра Героя Расіі, былога навучэнца СПТВ-20 Уладзіміра Усачова. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры вакананні задання ў Чачні, ён быў узнагароджаны медалём «За заслуги перед Отечеством» ІІ ступені і ордэнам Мужнасці.
Першы дзень заняткаў для першакурснікаў ліцэя пачынаецца з экскурсіі па музею, якому Міхаіл Васільевіч прысвяціў больш за сорак гадоў жыцця. Кіраўніку Новамышскай ветэранскай арганізацыі М.В. Трафімуку ў ліпені споўніцца 75. А ён захоўвае ранейшую ваенную выпраўку і кажа: «Нам засталася багатая спадчына. Яна маладому пакаленню як трэцяя кропка апоры. Каб цвярдзей трымацца на нагах і ўпэўнена крочыць у будучыню».